Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Справу «угоншчыка» перадалі ў Сьледчы камітэт


Сьледчы камітэт прыняў да вытворчасьці крымінальную справу супраць грамадзяніна Грузіі 1973 году нараджэньня, які падазраецца “ў замаху на захоп з мэтай угону самалёта авіякампаніі “Белавія”, які ажыцьцяўляў рэйс “Кутаісі – Менск” 10 чэрвеня.

Пра гэта паведамляе прэсавая служба Сьледчага камітэту. Паводле матэрыялаў справы, пасажыр запатрабаваў у экіпажа зрабіць пералёт у парушэньне пляна палёту, пагражаючы прымяніць гвалт. Свае намеры пасажыр выказаў у запісцы, перададзенай камандзіру экіпажа.

«Злачынец быў затрыманы супрацоўнікамі КДБ на тэрыторыі Нацыянальнага аэрапорту», — паведамляе Сьледчы камітэт. Дзеяньні грамадзяніна Грузіі кваліфікаваныя паводле ч. 1 арт. 14 і ч. 2 арт. 311 Крымінальнага кодэксу Беларусі. Падазраваны ўзяты пад варту, праводзяцца сьледчыя дзеяньні.

Паводле Сьледчага камітэту, «гэты інцыдэнт зьяўляецца першым у гісторыі сучаснай Беларусі».

10 чэрвеня КДБ Беларусі распаўсюдзіў інфармацыю пра затрыманьне грамадзяніна Грузіі, які спрабаваў пры дапамозе цыдулкі з пагрозамі ўгнаць самалёт, які рухаўся рэйсам Кутаісі — Менск.

Кампанія «Аб’яднаньне аэрапортаў Грузіі» тым часам заявіла, што грамадзянін Грузіі сапраўды затрыманы супрацоўнікамі КДБ, аднак «ніякай спробы ўгону самалёта не было», перадаюць «Новости-Грузия».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG