Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жыхары Гарадзкога Валу пратэстуюць супраць гатэлю Aras Palace

абноўлена

Жыхары Гарадзкога Валу пратэстуюць супраць гатэлю Aras Palace
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:03:06 0:00

У адміністрацыі Маскоўскага раёну Менску адбыліся грамадзкія слуханьні ў справе будоўлі гатэля ў гістарычным цэнтры Менску.

Шматфункцыянальны гатэль Aras Palace мае паўстаць на скрыжаваньні вуліц Гарадзкі Вал і Валадарскага, побач з жылым домам і Дзіцячым рэабілітацыйным цэнтрам. Мясцовыя жыхары абураныя плянамі гарадзкіх уладаў будаваць гатэльна-забаўляльны комплекс, бо гэта дадаткова ўшчыльняе забудаваную тэрыторыю і руйнуе гістарычную частку Менску. Акрамя таго, побач зь дзіцячым шпіталем гатэльна-забаўляльнаму комплексу ня месца, перакананая мясцовая жыхарка Людміла Агапонава:
«Мы катэгарычна супраць гэтага праекту і пабудовы гэтага гатэля. Лічым, што месца выбрана вельмі няўдала, бо гэты будынак ня ўпісваецца ў цяперашнюю архітэктуру гістарычнай часткі гораду. Мы хочам, каб не парушаўся ўвесь архітэктурны ансамбль гораду і асабліва нашага кварталу, які прылягае да праспэкту. Але самае галоўнае, што гэты гатэль будзе знаходзіцца побач зь Дзіцячым рэабілітацыйным цэнтрам — гэта цяжкае суседзтва і для хворых дзяцей, і для нас, жыхароў. Гэтае пытаньне можна было вырашыць зусім па-іншаму: побач з нашым домам — гастраном, за якім закансэрваваная будоўля ўжо гадоў дзесяць-пятнаццаць. Там калісьці таксама плянаваўся гатэль, і калі падысьці да гэтага пытаньня па-гаспадарску, то можна было яго вырашыць інакш».
Паседжаньне праводзяць намесьнік кіраўніка адміністрацыі Маскоўскага раёну Менску Ўладзімер Танкевіч і намесьніца кіраўніка ўправы будаўніцтва Ларыса Быстрая
Паседжаньне праводзяць намесьнік кіраўніка адміністрацыі Маскоўскага раёну Менску Ўладзімер Танкевіч і намесьніца кіраўніка ўправы будаўніцтва Ларыса Быстрая


Першапачаткова гатэль Aras Palace меўся быць 16-павярховым. У выніку пратэстаў мясцовых жыхароў аўтары праекту зьнізілі колькасьць паверхаў, але ад плянаў будоўлі не адмовіліся. Намесьнік кіраўніка адміністрацыі Маскоўскага раёну Менску Ўладзімер Танкевіч і намесьніца кіраўніка ўправы будаўніцтва Ларыса Быстрая падчас грамадзкага абмеркаваньня адкрыта заяўлялі, што галоўны інтарэс гарадзкіх уладаў у будаўніцтве гатэля Aras Palace — эканамічная выгада: грамадзянін Баўгарыі Філіп Ісаеў, інвэстар праекту, мае сплочваць у бюджэт горада вялікія падаткі. Тое, што эканамічная выгада для ўладаў важнейшая за інтарэсы гараджан і гістарычнае аблічча Менску — абуральны факт, кажа мясцовы жыхар, архітэктар Вадзім Пракопчык:
«Пытаньне палягае вельмі глыбока — гэта пытаньне падыходу гарадзкіх уладаў да вырашэньня горадабудаўнічых праектаў. Цяпер яно вырашаецца так: патрэбныя грошы, зьяўляецца інвэстар, тыцкае пальцам — хачу будавацца тут, і ўлада — калі ласка, рабі што хочаш. Гэткім чынам у нас праз год-два забудуюць усе паркі і сквэры, увесь водна-зялёны ляндшафт, які ўнікальны ва ўсім сьвеце. А насамрэч павінна быць так, што дзяржава мае прапановы і дыктуе інвэстару, а не наадварот. Не разумею, навошта будаваць такія аб’екты ў гістарычным цэнтры. Ня вырашаная і галоўная праблема — транспартная. Вядомы архітэктар Уладзімер Папруга зрабіў праект, як вырашыць пытаньне гістарычнага цэнтру: як „памірыць“ сталінскі і гістарычны Менск. Пяць гадоў жыцьця задарма аддаў — падараваў гораду праект, а яго паклалі на паліцу, і ўсё».

Грамадзкае абмеркаваньне праекту пабудовы гатэля ў гістарычным цэнтры Менску прадоўжыцца да канца чэрвеня. Мясцовыя жыхары маюць намер ставіць гэтае пытаньне перад сталічным гораданачальнікам Мікалаем Ладуцькам.
Забудоўшчыкі і мясцовыя жыхары падчас абмеркаваньня
Забудоўшчыкі і мясцовыя жыхары падчас абмеркаваньня
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG