Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шумахер выйшаў з комы


Міхаэль Шумахер
Міхаэль Шумахер
Легендарны нямецкі аўтагоншчык Міхаэль Шумахер выйшаў з комы і пакінуў шпіталь у Грэноблі для пачатку доўгага пэрыяду рэабілітацыі, паведаміла журналістам яго прадстаўніца Сабін Кім.

Як гаворыцца ў заяве Кім, сям’я Шумахера выказвае падзяку ўсім лекарам, мэдсёстрам і тэрапэўтам гренобльскай бальніцы, а таксама ўсім, хто аказаў яму дапамогу пасьля інцыдэнту на лыжнай трасе.

Як раней адзначалі родныя аўтагоншчыка, «з самага пачатку было зразумела, што для Міхаэля гэта будзе доўгая і цяжкая барацьба», паведамляе ВВС.

Далейшая рэабілітацыя спартоўца будзе праходзіць «ў баку ад увагі грамадзкасьці», адзначаецца ў заяве.

Ніякіх іншых зьвестак аб стане здароўя Шумахера не паведамляецца.

45-гадовы аўтагоншчык атрымаў сур’ёзную траўму галавы падчас катаньня на лыжах ў францускіх Альпах 29 сьнежня летась.

Па словах экспэртаў, якія расьсьледавалі прычыны трагедыі, пры падзеньні на гарналыжным курорце Мэрыбэль Шумахер ехаў з хуткасьцю «вельмі добрага лыжніка».

У нейкі момант ён зьехаў з пазначанай трасы, упаў і стукнуўся галавой аб камень.

У пачатку красавіка Сабіна Кім паведаміла, што Шумахер пачаў падаваць прыкметы сьвядомасьці і прабуджэньня.

У 2012 годзе Міхаэль Шумахер завяршыў сваю амаль 20-гадовую кар’еру ў аўтаспорце, заваяваўшы сем чэмпіёнскіх тытулаў Формулы-1 — у 1994 і 1995 годзе ў камандзе Benetton, а ў 2000-2005-м — выступаючы за Ferrari.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG