Больш як тысяча віцяблян падпісаліся пад інтэрнэт-пэтыцыяй, якую ініцыятары хочуць накіраваць старшыні аблвыканкаму Аляксандру Косінцу.
У пэтыцыі гаворыцца, што супрацоўнікі міліцыі не выконваюць належным чынам сваіх абавязкаў. Таму на набярэжнай Віцьбы, якая будавалася некалі як аб’ект масавага і спартовага адпачынку, у вечаровы час шмат нецьвярозых асобаў, якія парушаюць грамадзкі парадак. Удзень у зоне адпачынку таксама гандлююць алькаголем на разьліў, і таму там праблематычна гуляць зь дзецьмі, якія мусяць назіраць п’яныя застольлі, а калі займацца там спортам, то ёсьць рызыка, што пад колы ровара трапіць нейкі аматар моцных напояў...
Прапанова стварыць у Віцебску безалькагольную зону гучыць упершыню. Паходзіць ініцыятыва ня «зьверху», а ад шараговых жыхароў абласнога цэнтру. Яны просяць, каб старшыня аблвыканкаму стварыў разам з прадстаўнікамі міністэрства культуры і спорту працоўную групу, якая б вывучыла праблему і распрацавала канцэпцыю «цьвярозага і спакойнага адпачынку».
Дагэтуль на Віцебшчыне была вядомая толькі адна «безалькагольная зона» — у вёсцы Мосар Глыбоцкага раёну. Яна ўзьнікла ў 2009 годзе з ініцыятывы тамтэйшага ксяндза Ёзаса Булькі, цяпер ужо нябожчыка. Тады ксёндз Ёзас дамогся, каб у мясцовай краме забаранілі продаж алькаголю. Ідэя, аднак, ня дужа прыжылася: вяскоўцы прызвычаіліся набываць алькагольныя напоі ў суседніх вёсках.