ПАДЗЕІ ДНЯ
Пружаны. Музэй-сядзіба «Пружанскі палацык» запрашае на летні канцэрт «Тэатро». У праграме – музычныя творы Скрабіна, Рахманінава, П'яцола, Шапэна, Дэбюсі, Дворжака і іншых. Пачатак у 16.00.
Літаратурны музэй Максіма Багдановіча (Менск, М.Багдановіча, 7а) запрашае на сустрэчу з Валерыем Гапеевым, які зрабіў спробу расшыфраваць генэтычны код беларускай нацыі ў сваім новым рамане «Праклён». Пачатак у 17:13. Плата за ўваход: Пытаньне да Валерыя Гапеева.
У кнігарні «ГАЛІЯФЫ» (Менск, вул. Валгаградзкая, 6) адбудзецца прэзэнтацыя кнігі Рыгора Барадуліна «Сны сасны». У імпрэзе возьмуць удзел: тэатар «Жывое слова», Алеся Сівохіна, Алесь Камоцкі, Людміла Хейдарава-Паўлікава. Пачатак а 19:00.
ГЭТЫ ДЗЕНЬ У ГІСТОРЫІ
1611 – войскі Рэчы Паспалітай пасьля амаль двухгадовай аблогі ўзялі Смаленск.
1864 – памёр Генрык Дэмбінскі, адзін з кіраўнікоў антырасейскага паўстаньня 1831 году.
1966 – Ватыкан адмяніў «Індэкс забароненых кніг», уведзены ў 1557 годзе.
2009 – у Беларусі ўпершыню праведзеная апэрацыя перасадкі ныркі дзіцяці ад яго сваякоў.
У гэты дзень нарадзіліся:
1702 – Міхал Казімір Радзівіл «Рыбанька», вялікалітоўскі дзяржаўны дзяяч, мэцэнат.
1834 – Канстанцін Вераніцын, аўтар паэмы «Тарас на Парнасе».
Узьлез. Гляджу – будынак новы
Стаіць, зазвычай панскі двор,
Кругом абнесен тын яловы:
Нябойсь, сюды ня ўлезе вор!
А на дварэ тым сьвіньні ходзяць,
Каровы, козы, бараны...
Знаць, і багі хазяйства водзяць,
Калі сьвіней дзяржаць яны.
З паэмы «Тарас на Парнасе»
1889 – Павал Жаўрыд, беларускі грамадзка-палітычны дзеяч, журналіст, адзін з кіраўнікоў Слуцкага паўстаньня 1920 году.
1956 – Леанід Тараненка, беларускі цяжкаатлет, двухразовы чэмпіён сьвету.
З КАЛЕНДАРА БАХАРЭВІЧА
Тым, хто ў танку. 13 чэрвеня 1984 у цэнтры Менску 13 чалавек пратэстуюць супраць руйнаваньня будынку тэатру Поляка.