Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Жлобіне прыбіральшчыца судзіцца з БМЗ


Каля чатырох гадоў адміністрацыя Беларускага мэталюргічнага заводу ў Жлобіне не паведамляла сваёй прыбіральшчыцы Марыі Міраеўскай, што тая з 50 гадоў мае права на льготную пэнсію.

У выніку жанчына не атрымала звыш 70 мільёнаў рублёў дзяржаўнай дапамогі.

Да таго як уладкавацца прыбіральшчыцай на БМЗ, Міраеўская 12 гадоў працавала на іншым прадпрыемстве аграншчыцай алмазаў і займела права ў 50 гадоў атрымаць ільготную пэнсію ў зьвязку з асаблівымі ўмовамі працы. Пра гэта жанчына ня ведала і працягвала працаваць прыбіральшчыцай, а ў аддзеле кадраў БМЗ працоўную кніжку прыбіральшчыцы нібыта ўвогуле ня бачылі ў вочы. Спахапіліся, калі пасьля паўвекавога юбілею Міраеўскай прайшло багата часу — ільготную пэнсію аформілі за лічаныя дні.

Прыбіральшчыца вырашыла праз суд спагнаць страчаную за 48 месяцаў па віне БМЗ 70-мільённую суму, бо заканадаўства абавязвае менавіта працадаўцу афармляць пэнсійныя дакумэнты. Аднак Жлобінскі раённы, а пасьля й Гомельскі абласны суды адхілілі пазоў прыбіральшчыцы да БМЗ.

На рашэньні судоў прыносілі пратэсты раённая, абласная і нават Генэральная пракуратура ў асобе намесьніка генэральнага пракурора Аляксея Стука.

Днямі прэзыдыюм Гомельскага абласнога суду пад старшынствам Сяргея Шаўцова адхіліў пратэст і Генпракуратуры па справе прыбіральшчыцы супраць БМЗ. На заводзе, па словах Міраеўскай, нібыта прызнаюць віну, а вось суды цьвердзяць, што віны працадаўцы няма. Жанчына павінна была ведаць пра льготную пэнсію і сама афармляць яе.

Гомельскі праваабаронца, прававы інспэктар Незалежнага прафсаюзу РЭП Леанід Судаленка, які дапамагаў спадарыні Міраеўскай рыхтаваць заявы й скаргі, кажа:

«Раней я меркаваў, што БМЗ пасьля рэспубліканскіх „Дажынак“ выплаціць прыбіральшчыцы 70 мільёнаў, якія яна не атрымала зь віны заводзкіх кадравікоў. Памыляўся. У гэтай сытуацыі трэба, відаць, мець на ўвазе той факт, што старшыня абласнога суду да нядаўняга свайго прызначэньня працаваў судзьдзём менавіта ў горадзе мэталюргаў».

На сёньняшні дзень з улікам індэксацыі БМЗ мусіць выплаціць прыбіральшчыцы звыш 100 мільёнаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG