Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі пакуль не зьбіраюцца пераходзіць на зімовы час


Расейская Дзярждума ў першым чытаньні прыняла законапраект аб пераходзе на зімовы час.

Аднак у Беларусі пакуль толькі назіраюць за гэтым працэсам у суседняй краіне, паведамілі ў Дзяржаўным камітэце па стандартызацыі Рэспублікі Беларусі.

«У Беларусі пытаньне пра зьмену прынятага ў 2011 годзе парадку вылічэньня часу ў дадзены момант не разглядаецца. Вядома, разьвіцьцё сытуацыі ў гэтым пытаньні ў Расейскай Фэдэрацыі знаходзіцца пад нашым пастаянным назіраньнем. І, як паведамляецца, канчатковае рашэньне ў гэтай краіне пакуль не прынятае: законапраект ухвалены толькі ў першым чытаньні і будзе стварацца працоўная група, якая будзе вывучаць сытуацыю ў гэтым пытаньні. Таму казаць пра нейкія зьмены ў нас у краіне пакуль няма падстаў», — паведаміла карэспандэнту Свабоды прэс-сакратар Дзяржстандарту Тамара Бардукевіч.

Беларусь адмовілася ад пераходу на зімовы час яшчэ ў 2011 годзе. У адпаведнасьці з пастановай Савету міністраў Беларусі ад 15 верасьня 2011 году № 1229 на тэрыторыі Беларусі вырашана не пераводзіць стрэлкі на сэзонны час увесну і ўвосень.

Супраць пераходу на зімовы час выказваўся кіраўнік краіны Аляксандар Лукашэнка. «Калі шчыра, то я катэгарычны праціўнік пераводу, — сказаў Лукашэнка. — Думаю, мы разам з расейцамі вырашым, як нам паступіць». Ён адзначыў, што для Беларусі, «напэўна, гэта ня так важна». «У эканоміцы наўрад ці мы нешта шмат выйграем, у гэтай сытуацыі трэба больш зыходзіць з бытавых прычын», — адзначаў Лукашэнка.

Раней пад уплывам Расеі Беларусь скасавала пераход на зімовы час.

Беларусь у адным часавым поясе з Украінай, Літвой і шэрагам іншых краін. Зь лістапада па сакавік час у гэтых краінах адрозьніваецца ад часу ў Беларусі на адну гадзіну.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG