Сярод іншых прэзыдэнтаў у відэа, выкладзеным у YouTube карыстальнікам Oleksandr Pravylo, бачна, што над людзьмі, якія вітаюць кіраўнікоў замежных дзяржаў, лунае бел-чырвона-белы сьцяг, а калі наблізаецца Аляксандар Лукашэнка з сынам Мікалаем людзі скандуюць «Ганьба!»
Арганізавалі такі халодны прыём Лукашэнкі ў Кіеве беларусы, якія вымушаныя былі пакінуць радзіму.
У прыватнасьці колішні жыхар Жодзіна Зьміцер Гуніч апавёў Радыё Свабода:
«Мы прыйшлі са сьцягам і выбралі такую пазыцыю, дзе пад’яжджалі машыны ганаровых гасьцей. Сталі зь бел-чырвона-белым сьцягам і гадалі, прыедзе ён ці не, — кажа Зьміцер Гуніч. — Як толькі Лукашэнка зьявіўся, дзяўчаты пачалі крычаць „Жыве Беларусь!“, а потым „Ганьба!“
Усе кіраўнікі падыходзілі павітаць людзей, якія сабраліся на інаўгурацыю. Ён (Лукашэнка — Р.С.) таксама хацеў гэта зрабіць. Падымае вочы — а тут бел-чырвона-белы сьцяг! Ён засмуціўся, махнуў рукой і хуценька пакрочыў у Сафійскі сабор».
«Некаторыя прысутныя пачалі мякка казаць, што ня трэба гэтага рабіць. Але іншыя пярэчылі: гэта іх права, яны дома ня могуць», — узгадвае Гуніч рэакцыю публікі ля Сафійскага сабору ў Кіеве. — Я ім патлумачыў, што са сьцягам, які вы бачыце, вы і 5 хвілінаў па Менску ня пройдзеце, і што гэта з-за Лукашэнкі такая тыранія 20 гадоў у нас цягнецца. Пасьля такіх тлумачэньняў прыхільнікаў у нас станавілася болей".