Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Казахі таксама ня бачылі дамовы аб Эўразійскім саюзе на сваёй мове


Як паведамляе казахская служба Радыё Свабода, нягледзячы на заявы кіраўнікоў Расеі, Беларусі і Казахстану, што Эўразійскі саюз будзе раўнапраўным, у Казахстане так і не апублікавана тэксту дамовы пра стварэньне гэтага саюзу на казахскай мове.

Паводле прэс-сакратара Міністэрства замежных спраў Казахстану Нуржана Айтмаханава, у момант падпісаньня дамовы аб Эўразійскім эканамічным саюзе кіраўнікамі трох дзяржаваў 29 траўня ў Астане, вэрсія дамовы на казахскай мове была. Аднак яму «невядома, зь якой прычыны дакумэнт ня быў апублікаваны».

Паводле Меруерт Абдуаліевай, намесьніцы дырэктара дэпартамэнту міжнароднай інтэграцыі пры Міністэрстве эканомікі і бюджэтнага плянаваньня Казахстану, адказнай за падрыхтоўку дакумэнту, вэрсія дамовы на казахскай мове не была апублікаваная, бо яна яшчэ «пераправяраецца».

У Казахстане дзяржаўнай мовай зьяўляецца казахская. Статус расейскай мовы акрэсьлівае Артыкул 7 канстытуцыі краіны наступным чынам: «У дзяржаўных арганізацыях і органах мясцовага самакіраваньня нароўні з казахскай афіцыйна ўжываецца расейская мова».

«Любое міжнароднае пагадненьне рыхтуецца на дзяржаўнай мове і на дзяржаўнай мове прадстаўляецца народу. У народу Казахстану, пераважная большасьць грамадзян якога гаворыць на дзяржаўнай мове, ёсьць права атрымліваць інфармацыю на дзяржаўнай мове. Калі гэтае права не выконваецца, гэта азначае парушэньне канстытуцыйнага закону аб дзяржаўнай мове і дыскрымінацыю тых, хто атрымлівае інфармацыю на дзяржаўнай мове» — сказаў нашаму радыё казахскі праваабаронца Амангельды Шарманбаеў, які адначасова выказаў сумнеў, што казахская вэрсія дамовы аб Эўразійскім саюзе насамрэч існавала на момант яе падпісаньня.

Як мы паведамлялі, тэкст дамовы аб стварэньні Эўразійскага эканамічнага саюзу дагэтуль не апублікаваны і на беларускай мове.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG