Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня, 3 чэрвеня: прэзэнтацыя кнігі Аляксандра Лукашука «Вяртаньне нацыяналіста»


Бліц-агляд падзеяў і тэмаў у Беларусі, сьвеце, гісторыі.

ПАДЗЕІ ДНЯ

Менск. У кнігарні «Галіяфы» – прэзэнтацыя кнігі Аляксандра Лукашука «Вяртаньне нацыяналіста». Пачатак а 19-й гадзіне.

Менск. У паб-клюбе «Графіці» – музычная прэзэнтацыя Анталёгіі перакладу расейскай рок-паэзіі ў часопісе «Дзеяслоў». Пачатак а 19-й гадзіне.

Менск. У офісе партыі БНФ – прэс-канфэрэнцыя грамадзкай кампаніі «За якасную мэдыцыну для ўсіх!». Пачатак аб 11 гадзіне.

Менск. Адкрываецца IV праваслаўна-каталіцкая канфэрэнцыя хрысьціянскіх Цэркваў Эўропы. У канфэрэнцыі бяруць удзел прадстаўнікі 14 краін сьвету.
ТАКСАМА Ў ГЭТЫ ДЗЕНЬ

1912 – на хутары Акопы на Лагойшчыне Янка Купала паставіў апошнюю кропку ў сваёй славутай камэдыі «Паўлінка». Вось тэкст адной зь песень галоўнай гераіні Паўлінкі:

Ой, ляцелі гусі дый з-пад Беларусі,
Селі яны, палі на сівым Дунаі!
Селі яны, палі, ваду замуцілі
Дый нас, маладзенькіх, з сабой разлучылі.
Бадай тыя гусі марне запрапалі,
Як мы любіліся – цяпер перасталі.


2006 – Чарнагорыя абвясьціла незалежнасьць ад Сэрбіі.

У гэты дзень нарадзіліся:

1864 – Рэнсіт Элі Олдсом. Амэрыканскі вынаходнік і аўтавытворца, які стварыў першы камэрцыйна пасьпяховы амэрыканскі аўтамабіль «Олдсмабіль».

1911 – Ганна Сапрыка, беларуская пісьменьніца, перакладчыца. Сярод яе творчых здабыткаў – кніга перакладаў «Апавяданьні кітайскіх пісьменьнікаў" (1953).

Адольф Гугель, Раіса Кудрэвіч. Кастусь Каліноўскі. Алей. 1958
Адольф Гугель, Раіса Кудрэвіч. Кастусь Каліноўскі. Алей. 1958
1915 – Адольф Гугель, беларускі мастак.

1935 – Васіль Зуёнак, беларускі паэт, які доўгі час працаваў сакратаром Саюзу пісьменьнікаў Беларусі і спрыяў маладым літаратарам патрыятычнай скіраванасьці. У адным зь вершаў Зуёнак пісаў:

Мама «Ойча наш...» прамаўляла
I вучыла ксьціцца мяне, –
Больш малітваў мама ня знала, –
З той, адной, быць і мне ў труне.

ЁСЬЦЬ НАГОДА

У Беларусі традыцыйна ўшаноўваецца Алена. «Да сьвятой Алены гароды зялены», – казалі нашыя продкі. І яшчэ: «Сей лён на Алену – будзе кашуля да калена». Сеялі абавязкова ў чыстай вопратцы, каб лён быў чысты.
З КАЛЕНДАРА БАХАРЭВІЧА

Слова-сьмерць, слова-жах. 3 чэрвеня 1988 у ЛіМе выходзіць артыкул «Курапаты ― дарога сьмерці».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG