Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вежу ў Заслаўі «завалілі» да Дня пісьменства


У сеціве зьявілася відэа, як рабочыя з адбойнымі малаткамі руйнуюць цагляную воданапорную вежу ў Заслаўі. У пэўны момант канструкцыя пачала імкліва завальвацца, ледзь не пахаваўшы пад сабой разбуральнікаў.

Пра мэтады і мэтазгоднасьць такога разбурэньня — заслаўскі краязнаўца, турыстычны мэнэджэр Васіль Грынь:

«Самі па сабе мэтады — гэта проста дзікунства, тут нешта камэнтаваць проста не выпадае. Як мне падаецца, гэткі спосаб „добраўпарадкаваньня“ ўвогуле патыхае крыміналам. Я крыху абазнаны ў пытаньнях прамысловага альпінізму, і што да прыёмаў, то так, мякка кажучы, гэта ня робіцца... Я быў у Амэрыцы, дык там будынку нават няма і 50 гадоў, а ён ужо зьяўляецца гістарычнай каштоўнасьцю. У Беларусі зносяць, не зважаючы на ўзрост увогуле. Але што тычыцца воданапорнай вежы, то гэта ўсё ж сама па сабе адметная архітэктурная форма, і калі нармальна ўсё арганізаваць, то аб’ектам можна карыстацца і далей. Асабіста я не магу зразумець — каму тая вежа перашкаджала? Ня ведаю дакладна год яе пабудовы, але выглядала яна цалкам „здаровай“. Чаму б для турыстаў не пераабсталяваць, прыкладам, у аглядную пляцоўку? Цудоўны від на навакольле. Дык хоць тэлескоп туды пастаў ды на Марс глядзі!»

Васіль Грынь мяркуе, што «добраўпарадкаваньне» Заслаўя адбываецца ў рамках мерапрыемства дзяржаўнай важнасьці. Зусім нядаўна перакапалі і пачалі перабудоўваць адразу некалькі вуліц і дарог:

«Я так разумею, усё гэта адбываецца ў кантэксьце таго, што горад рыхтуецца да Дня пісьменства. Пра гэта сьведчыць і тое, што ўзяліся за вуліцы, якія не рамантаваліся дзясяткамі гадоў. Стан дарог сапраўды жахлівы, але палец аб палец ніхто ня стукнуў, а тут раптам зьявілася мэтанакіраванае фінансаваньне і было разам узарвана некалькі магістральных вуліц Заслаўя. Адразу ж узьніклі праблемы з пасажырапатокам, асабліва па цэнтральнай вуліцы, дзе хадзілі аўтобусы, людзі пазьніліся на электрычкі і г.д.»

Паводле суразмоўцы, спрэчны знос воданапорнай вежы — далёка ня першы прыклад дзяржаўнага «клопату» пра зьнешні выгляд Заслаўя. Ня так даўно зруйнавалі адно з апошніх панскіх гумнаў — узор архітэктуры пачатку ХХ стагодзьдзя. Цяпер на гэтым месцы стаіць катэдж. Васіль Грынь не выключае, што на месцы, вызваленым ад вежы, неўзабаве зьявіцца такі ж прыклад сучаснай прыватнай забудовы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG