Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эдвард Лукас: Пуцін яшчэ засьпее нас неспадзеўкі


Рэдактар брытанскага тыднёвіка The Economist Эдвард Лукас лічыць, што прэзыдэнцкія выбары ва Ўкраіне сталі першым крокам на шляху ўкраінскіх уладаў да пераадоленьня цяперашняга палітычнага і эканамічнага крызысу. Адначасова Лукас перасьцерагае, што ў прэзыдэнта Расеі Ўладзімера Пуціна дастаткова іншых козыраў, вядомых і невядомых, якія ён можа скарыстаць у сваёй палітычнай гульні як ва Ўкраіне, так і ў іншых постсавецкіх краінах.

РС: Якая ваша галоўная выснова з прэзыдэнцкіх выбараў ва Ўкраіне?

Эдвард Лукас: Гэта было зусім не падобна на расейскія выбары, таму што мы ня ведалі, хто пераможа. Быў рэальны палітычны выбар. Аказалася, што Парашэнка перамог Цімашэнку зь велізарным адрывам, але такія перамогі не зьяўляюцца нечым незвычайным у дэмакратычных сыстэмах. Але мы ня ведалі на самым пачатку, што гэтак здарыцца. Так што гэта быў сур’ёзны выклік для пуцінскай ідэі кіраванай дэмакратыі. Гэта была некіраваная дэмакратыя.

Яшчэ адна важная справа: радыкальна правыя сілы пацярпелі моцную паразу на гэтых выбарах. Так што меркаваньне, нібыта Ўкраінай кіруюць фашысты, зьяўляецца поўным трызьненьнем. Украінай будзе кіраваць чалавек, які робіць шакаляд. Факт, што Правы сэктар і Свабода нічога ў гэтых выбарах не дасягнулі, зьяўляецца вельмі магутным аргумэнтам супраць крамлёўскай дэманізацыі Ўкраіны.

РС: На вашу думку, сарванае галасаваньне ў Данецкай і Луганскай абласьцях не пашкодзіць легітымнасьці выбараў?

Эдвард Лукас: Гэта толькі частка ўсходу. Калі глядзець на Крым, як на незваротна страчаную частку Ўкраіны, дык толькі ў дзьвюх абласьцях удалося сур’ёзна сарваць галасаваньне — гэта прыблізна адна дзясятая частка насельніцтва. А ў астатніх 90% краіны ўсё прайшло нармальна. Аднак я думаю, што, нават улічваючы гэтае сарванае галасаваньне, яўка будзе вышэйшай, чым у большасьці амэрыканскіх выбараў.

Паводле эўрапейскіх стандартаў гэтая яўка таксама ўражвае. Для Расеі цяпер будзе вельмі цяжка сьцьвярджаць, што гэта працяг фашысцкага перавароту. Гэтыя выбары — неабходная, але не дастатковая ўмова, каб Украіна зноў стала на ногі. У краіне абсалютна жудаснае эканамічнае становішча, вялікія канстытуцыйныя праблемы, наперадзе парлямэнцкія выбары — і трэба яшчэ сфармаваць эфэктыўны ўрад. Так што краіна знаходзіцца ўсяго на пачатку дыстанцыі, ня больш за тое.

РС: Ці можна сказаць, што Ўкраіна справілася з асноўнай сваёй праблемай?

Эдвард Лукас: Я думаю, украінцы пачалі зь ёю спраўляцца. Яны адвярнулі палітычны наратыў. Два месяцы таму мы гаварылі пра паўзучую інтэрвэнцыю Крамля і Наварасею, якая цягнецца ад Крыму да Адэсы. Ясна, што большасьці ўкраінцаў не падабаецца спосаб, якім кіруюць іх краінай. Але большасьць украінцаў, незалежна ад таго, якую мову яны лічаць сваёй першай, ня хочуць быць часткай Расеі.

РС: Расея, як здаецца, пачала адступаць у апошнія тыдні. Па-вашаму — гэта тактычнае адступленьне?

Эдвард Лукас: Як гэта часта бывае ва Ўкраіне, сытуацыя не зусім разьвіваецца так, як чакаў Пуцін. Гэта ня першы раз, калі ён няправільна разьлічыў. Ён зрабіў моцную стаўку на Януковіча, а яна не спрацавала. Ён не зразумеў Майдану, ён думаў, што гэта быў проста трук, а не сапраўднае палітычнае волевыяўленьне. Я думаю, ён усё яшчэ спадзяецца на тое, што Ўкраіна застанецца напалову недзеяздольнай дзяржавай. І ён яшчэ можа мець рацыю. Ён нанёс страшную шкоду ўкраінскай эканоміцы. І ён яшчэ не пусьціў у гульню газавую карту. Ён распаліў этнічную і моўную варожасьць у некаторых рэгіёнах на ўсходзе краіны, дзе загінула шмат людзей і шмат сем’яў засталося з траўмамі. Безумоўна, гэта трохі тактычнае адступленьне. Але ён дасягнуў шмат з таго, што хацеў, і здолеў даказаць, што ён можа выклікаць хаос, што Ўкраіна знаходзіцца ў жудаснай бядзе, і што Захад — даволі бяззубы.

РС: Які, па-вашаму, будзе наступны крок Пуціна?

Эдвард Лукас: Відавочна, ён пачне гуляць газавай картай. Ён можа сказаць, што Ўкраіна павінна плаціць поўную цану за газ, а калі ня хоча, дык ён спыніць пастаўкі. Украіна можа апынуцца ў такім становішчы, калі трэба будзе або спыніць пастаўкі газу ў Эўропу, або спраўляцца з магутным ударам па і без таго хісткім прамысловым сэктары. Я падазраю, што гэта якраз будзе ягоная наступная карта.

Я таксама думаю, што сэпаратысты ў Луганску і Данецку ды ў так званай Наварасеі па-ранейшаму застануцца праблемай. Расейская прапагандысцкая машына па-ранейшаму вельмі эфэктыўная і — насуперак лёгіцы і фактам — будзе далей падаграваць сытуацыю. Украінцы далей будуць стаяць перад дылемай, ці аднавіць кантроль над сваёй сувэрэннай тэрыторыяй з дапамогай сілы, ці дазволіць гэтай мяшанцы апалчэнцаў, ваеўнікоў і бандытаў абвяшчаць свае псэўдадзяржаўныя утварэньні. Мы ўсё яшчэ на пачатку гэтага працэсу, і ў Крамля ўсё яшчэ шмат магчымасьцяў умешвацца і наносіць шкоду.

РС: Чаго вы чакаеце ў будучыні?

Эдвард Лукас: Мы павінны назіраць за тым, што будзе адбываецца ўнутры Расеі. Ці Пуцін намераны падаграваць гэтае нацыяналістычнае вар’яцтва ў краіне? Ці не пачнуць расейцы сумнявацца ў афіцыйнай вэрсіі таго, што адбываецца? Ці ён не паспрабуе гэтага самага ў якім-небудзь іншым месцы? Я ні трохі не зьдзівіўся б, калі б ён дазволіў канфлікту ва Ўкраіне тлець яшчэ некаторы час і зьвярнуў сваю ўвагу на нейкае іншае месца — на Малдову або Казахстан, або на Беларусь. Трэба прызнаць, што Пуцін увесь час засьпявае нас неспадзеўкі. Ягоныя словы і дзеяньні не супадаюць. Ён робіць тое, чаго мы не чакаем. Мы спрабуем стварыць прыгожую рацыянальную карціну рэчаіснасьці, якая адпавядае нашаму сьветапогляду, але ў Пуціна іншы сьветапогляд, чым у нас. Яму вельмі падабаецца устрэсваць нас. Інакш кажучы, што б ні здарылася далей, гэта стане для нас неспадзеўкай.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG