Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эдвард Лукас: Эўразьвяз прайграе́ Ўкраіну Пуціну


Эдвард Лукас
Эдвард Лукас
Калі б не Ўладзімір Пуцін, ва Ўкраіне сёньня быў бы мір. Гэта Расея прымусіла Ўкраіну адмовіцца ад эканамічнага пагадненьня з Эўразьвязам, пачаўшы гандлёвую вайну супраць украінскага экспарту. Гэта Расея ўсталявала сотні «дарадцаў» у ключавых ўкраінскіх арганізацыях і міністэрствах, уключна са Службай бясьпекі Ўкраіны, каб гарантаваць, што яны будуць праводзіць лінію Масквы. Калі б не было гэтага «маўклівага путчу», украінцы ня мелі б патрэбы будаваць барыкады на вуліцах супраць рэжыму.

Гэтак пра ўкраінскую сытуацыю піша вядомы брытанскі журналіст Эдвард Лукас у сёньняшнім выданьні Daily Telegraph. Прапануем вам пераклад фрагмэнтаў гэтага артыкулу.

«Умяшаньне Крамля ва Ўкраіну — ня новая справа. Ён сыстэматычна парушаў пагадненьне, дасягнутае ў Будапэшце ў 1994 годзе, паводле якога Ўкраіна адмовілася ад савецкай ядзернай зброі ў абмен на абяцаньне, што Расея ніколі ня выкарыстае супраць яе эканамічнага прымусу або іншай агрэсіі. Крэмль неаднаразова скарачаў пастаўкі газу на Украіну і спрыяў фармаваньню ў энэргетычным сэктары цёмнай сеткі гандлёвых пасярэднікаў, чые грошы атручваюць ўкраінскую палітыку. (...)

Але ўмяшаньне Расеі ва Ўкраіну ўзмацнілася ў апошнія месяцы, якраз калі заходнія высілкі не далі чаканых вынікаў. Эўрапейскія палітыкі ўсё яшчэ чапляюцца за перакананьне, што перамовы з Расеяй могуць прынесьці ўзаемавыгаднае рашэньне адносна пакутаў Украіны. Гэта ілжывая надзея. Крэмль ня любіць бяспройгрышныя для ўсіх рашэньні. Ён любіць разьвязкі, у якіх ён выйграе, а яго ненавісныя заходнія канкурэнты прайграюць, пераважна ганебным чынам — гэта пытаньне асабістага прэстыжу для спадара Пуціна. Карацей, хоць ЭЗ лічыць само паняцьце геапалітыкі старамодным і непрывабным, тое, што адбываецца на яго парозе, называецца якраз геапалітыкай. І ЭЗ прайграé ў гэтай гульні.

Амэрыка таксама знаходзіцца па-за гульнёй. Адміністрацыя Абамы перастала дбаць пра сваіх эўрапейскіх саюзьнікаў зь першага дня, калі ён уступіў на сваю пасаду. Яго высокапастаўленая чыноўніца, якая займаецца Ўкраінай, Вікторыя Нуланд, дарэчы, аказалася асобай на дзіва энэргічнай і бесцырымоннай (яна нядаўна паслала ЭЗ «на ...» у тэлефоннай размове зь амбасадарам ЗША ў Кіеве, якую запісала і потым агучыла на ўвесь сьвет расейская выведка). Але ёй не хапае ўплыву, каб зьмяніць палітыку Вашынгтону. (...)

Цяпер усе магчымыя разьвязкі ва Ўкраіне падаюцца дрэннымі. Ня выключана, што ўлады вырашаць адступіцца ад расправы з пратэстоўцамі — але краіна ўсё роўна на доўгія месяцы апынецца ў напружанай, нэрвовай і нявызначанай сытуацыі. Нават пры такім варыянце тэрытарыяльная цэласьць Украіны будзе падарваная, магчыма, што і незваротна. На захадзе краіны гарэлі ўрадавыя будынкі. У гэтым рэгіёне — Галіцыі ў колішняй Аўстра-вугорскай імпэрыі — 10 гадоў пасьля вайны трывала паўстаньне супраць савецкай улады. Калі прамаскоўскія ўлады ў Кіеве спрабуюць расправіцца з супрацівам, пачнецца грамадзянская вайна. Гэта выкліча ня толькі чалавечыя пакуты (і, цалкам магчыма, вялікую колькасьць уцекачоў), але таксама эканамічную дэстабілізацыю і сур’ёзную рызыку ўцягненьня ў канфлікт зьнешніх сілаў. Што будзе, калі хтосьці — сапраўдная або фальшывая група нацыяналістычных партызанаў — правядзе атаку на адзін з нафта- або газаправодаў, якія спалучаюць усход краіны з захадам?

Ня менш трывожным застаецца пытаньне Крыму, які можа паслужыць зачэпкай для яшчэ аднаго канфлікту з Расеяй, са значна больш разбуральнымі наступствамі. Рэгіён знаходзіцца на мяжы абвяшчэньня незалежнасьці ад Кіеву (гэты крок, хутчэй за ўсё, прымусіць Расею ўмяшацца, каб абароніць сэпаратысцкую дзяржаўку).

Калі ўрад будзе працягваць расправу і пераможа, мы станем сьведкамі жахлівага адкату ад дасягненьняў апошніх 10 гадоў. Нядаўна прынятыя рэпрэсіўныя законы будуць выкарыстоўвацца ў поўным аб’ёме, ня толькі супраць грамадзкіх пратэстаў, але і супраць незалежных СМІ, грамадзянскай супольнасьці і іншых установаў. Мы можам убачыць паўторнае ўвядзеньне візавага рэжыму для турыстаў з заходніх краінаў. Усе віды дзейнасьці, зьвязанай з замежнымі спонсарамі, будуць абмежаваныя або забароненыя. Украіна стане яшчэ адной Беларусьсю.

Калі Ўкраіна стане залежнай ад ласкі Крамля, Пуцін запатрабуе заплаціць высокую цану. Ён, як вядома, з пагардай выказваўся, як публічна, так і прыватна, пра дзяржаўнасьць Украіны. Ён можа запатрабаваць, каб Украіна далучылася да сыстэмы бясьпекі, якую ўзначальвае Расея. Вайсковая інтэграцыя Расеі зь Беларусьсю ўжо прычыніла галаўны боль для НАТО. (...)

Апошні раз Эўропа сутыкнулася з праблемай бясьпекі такога маштабу ў 1990-я гады падчас югаслаўскіх войнаў. На працягу многіх гадоў Захад не разумеў той праблемы. Цяпер ён у значна горшай сытуацыі. Краіны, якія наймацней спрабавалі дапамагчы Ўкраіне, такія як Польшча і Швэцыя, адчуваюць расчараваньне і стомленасьць. У астатняй частцы Эўропы ахвота да канфрантацыі з Крамлём — сапраўдным завадатарам рэпрэсій — ніколі не была меншай. Небясьпека цяпер у тым, што ахоплены адчаем Захад можа памкнуцца вырашыць украінскую праблему пагадненьнем з Расеяй. Гэта толькі яшчэ больш разгневае і расчаруе пратэстоўцаў ды распаліць экстрэмізм і гвалт. Цяжка ўявіць сабе больш небясьпечны мэсыдж Крамлю: тварыце хаос у вашай былой імпэрыі, а Захад дазволіць вам дыктаваць ўмовы яго ўрэгуляваньня.

Замест гэтага Захад павінен паказаць мускулы. На двух палітычных накірунках. Адзін зь іх — падтрымка для краінаў, якія могуць апынуцца на лініі агню Крамля як наступныя. Грузія і Малдова занепакоеныя тым, што іх рух у бок Эўропы сутыкнецца з такім самым ціскам і ўмяшаньнем з боку Расеі, зь якім цяпер сутыкаецца Ўкраіна. Мы павінны падтрымаць іх, а разам зь імі і найбольш уразьлівыя краіны, якія ўжо апынуліся па заходні бок — Эстонію, Латвію і Літву.

Па-другое, ахілесавай пятой як рэжыму Януковіча, так і яго крамлёўскіх заступнікаў, зьяўляюцца грошы. Колькі б яны там ні накралі, яны ня могуць распараджацца грашмі ў сябе дома. Ім патрэбныя нашы банкі, наш рынак нерухомасьці, нашы біржы і наша ўстойлівае заканадаўства аб кампаніях, каб схаваць і адмыць свае актывы. Яны выкарыстоўваюць нашы юрыдычныя фірмы і аўдытараў, каб усё выглядала законна. Гэтак адбываецца ў Вене, Нью-Ёрку і Лёндане. Мы павінны ўвесь час саромецца, што мы сталі суўдзельнікі ў гэтым. Мы павінны выкарыстаць нашы законы аб барацьбе з адмываньнем грошай і хабарніцтвам. Мы павінны замарозіць актывы і ўвесьці забарону на выдачу віз тым, хто ўдзельнічае ў рабунку і рэпрэсіях на нашым парозе.

Украінцы змагаюцца і паміраюць за права быць эўрапейцамі. Гэта не наіўная вера ў дабрадзейнасьць Эўразьвязу, а глыбокае перакананьне, што свабода, законнасьць і прыстойнасьць — лепшыя, чым кланавы капіталізм і нэасавецкая напышлівасьць пуцінскага Крамля. Яны вераць у нашы каштоўнасьці больш, чым мы самі. Чаму мы пакідаем іх у бядзе?"
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG