Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукас: Вяртаньне Цімашэнкі ўсяляе страх


Юлія Цімашэнка
Юлія Цімашэнка

Юлія Цімашэнка «фантастычным чынам» выйшла на свабоду, Арсень Яцанюк і Віталь Клічко тут жа пагасьлі ў параўнаньні зь ёй, пішуць замежныя СМІ. Агляд апошніх публікацый.

Ангела Мэркель правяла тэлефонную размову зь Цімашэнкай, але Бэрлін глядзіць на гэтую фігуру «скептычна». Масква можа заахвоціць аддзяленьне Крыма і шэрагу ўсходніх абласьцей Украіны, асьцерагаецца Зьбігнеў Бжэзінскі, усё ж спадзеючыся, што Расея «не ператворыцца ў паўпрагнілы перажытак імпэрыялізму».

«Падзеі новай украінскай рэвалюцыі хутка разьвіваліся ў гэтыя выходныя: прэзыдэнт Віктар Януковіч уцёк з Кіева, парлямэнт на 25 траўня прызначыў выбары яго пераемніка. Адміністрацыя Абамы прадбачліва перасьцерагла Расею ад ваеннага ўмяшаньня, але з боку ЗША і Эўропы спатрэбіцца больш вынаходлівая палітыка, каб дапамагчы Ўкраіне прыйсьці да лепшай будучыні», – перакананыя аналітыкі The Wall Street Journal.

У рэдакцыйным артыкуле гаворыцца: «Расея можа паспрабаваць дэстабілізаваць новы ўрад, і яна ўжо намякае на абарону «этнічных расейцаў» на ўсходзе і ў Крыме».

«Ва Ўкраіне ёсьць структурныя элемэнты дэмакратыі ў выглядзе парлямэнту, апазыцыйных партый і свабодных СМІ, праблема – у якасьці яе палітыкаў і ў карупцыі», – піша выданьне. Былы прэм'ер Цімашэнка, вызваленая з турмы ў суботу, зарабіла сабе багацьце ў 1990-я гады на энэргетычных зьдзелках. «Яна можа балятавацца ў прэзыдэнты, але не зьяўляецца фігурай, якая аб'яднае», – лічаць журналісты.

«Пуцін ведае, што посьпехі дэмакратыі ва Ўкраіне будуць натхняць расейскіх рэфарматараў, і менавіта таму яго ўмяшаньне ня скончыцца. Захаду неабходна даць адпор пры дапамозе дыпляматычнай дапамогі, грошай і больш цесных эканамічных сувязяў», – рэкамэндуе The Wall Street Journal.

Вынікі ўкраінскага паўстаньня, дасягнутыя менш чым за 48 гадзін, уражваюць: кіраўнік дзяржавы адпраўлены ў адстаўку, прэзыдэнцкія выбары прызначаныя на 25 траўня, расейская мова пазбаўлены статусу афіцыйнай, тры слупы «сям'і» Януковіча – міністар унутраных спраў Віталь Захарчанка, міністар даходаў і збораў Аляксандр Кліменка і генпракурор Віктар Пшонка – скінутыя, піша з Кіева карэспандэнт Le Figaro П'ер Аўрыль.

«Усё, цяпер дакладна канец, мы перамаглі», – сказаў журналісту малады баец самаабароны Майдана. «Паглядзім», – не сьпяшаецца з высновамі Аўрыль.

Перашкоды, якія стаяць на шляху новых гаспадароў Украіны, зьвязаныя з пагрозай сэпаратызму: 23 лютага ў сталіцы Крыма Сэвастопалі прайшоў мітынг супраць «фашыстаў ва ўладзе» ў Кіеве. Новая ўлада таксама павінна знайсьці агульную мову з вуліцай, якая ўзвысіла яе. У гэтыя выхадныя каля будынку Вярхоўнай Рады ўжо зьявіліся маніфэстанты, поўныя рашучасьці ня даць палітыкам скрасьці іх рэвалюцыю.

Расеі патрэбны «фінляндзкі варыянт» у дачыненьні да Ўкраіны, піша на старонках The Financial Times Збігнеў Бжэзінскі, знакаміты амэрыканскі палітоляг і стратэг. "Цяпер, калі ва Ўкраіне разрастаецца хаос, Расея ўсё яшчэ можа штурхнуць Украіну да грамадзянскай вайны – заахвоціць і падтрымаць аддзяленьне Крыма і некаторых усходніх абласьцей", – піша ён.

Бжэзінскі раіць ЗША растлумачыць Пуціну, што «спробы дэстабілізаваць маладую дэмакратыю ў Кіеве ці аддзяліць некаторыя часткі Украіны – ня кажучы ўжо пра адкрыты або тайны ўдзел Расеі ва ўнутраных канфліктах у суседняй краіне – вымусяць Вашынгтон скарыстацца яго міжнародным уплывам для крокаў, якія прынясуць Маскве буйныя эканамічныя страты».

Але яшчэ больш актуальная задача стаіць перад ЭЗ – распрацаваць пакет антыкрызіснай дапамогі для Ўкраіны, працягвае аўтар. Бжэзінскі таксама раіць «пераканаць» верхнюю дзясятку ўкраінскіх алігархаў – галоўных атрымальнікаў дзіўнага разгулу карупцыі – ахвяраваць па 1 млрд даляраў на фінансавую рэабілітацыю краіны». «Сын Януковіча, казачна багаты дантыст, напэўна, зможа ўнесьці суму, суразьмерную гэтым 10 млрд».

Бжэзінскі раіць ЗША і ЭЗ, пажадана пры садзеяньні Расеі, «па-ранейшаму патрабаваць, каб дэмакратычныя сілы ў Кіеве занялі пазыцыю нацыянальнага яднаньня і палітычнай памяркоўнасьці».

Аўтар упэўнены: Украіна рана ці позна ўвойдзе ў дэмакратычную Эўропу, а Расея рушыць усьлед яе прыкладу, «калі не самаізалюецца і не ператворыцца ў паўпрагнілы перажытак імпэрыялізму».

Падзей, якія адбыліся ва Ўкраіне ў апошнія дні, хапіла б на год, піша Людміла Ўліцкая ў італьянскай газэце Corriere della Sera.

«Першая і самая чаканая падзея – тое, што Майдан нанёс паразу ўладзе Януковіча. Пасьля таго, як прэзыдэнт зьехаў з Кіева, яшчэ 64 самалёты пакінулі ўкраінскую сталіцу, везучы ў розныя гарады бліжэйшых паплечнікаў Януковіча. Я не хацела выкарыстоўваць слова «саўдзельнікі», але яно само вырвалася, – піша Людміла Ўліцкая. – Верагодна, нехта паляцеў у Эўропу, хтосьці – у Расею, іншымі словамі, туды, дзе ў іх маецца ўласнасьць і капіталы».

«Мне шкада Януковіча: яго кінулі і здрадзілі ўсе тыя, каго ён карміў многія гады. Але нічога ня зробіш – у злачынным сьвеце, прадстаўніком якога зьяўляецца Януковіч, так бывае заўсёды», – сьцьвярджае пісьменьніца.

«Гэтая гісторыя магла б паслужыць сцэнарам для палітычнага трылера, калі б падчас апошніх падзей на плошчы гінулі каскадзёры, а не рэальныя змагары з уладай, – працягвае аўтар артыкула. – Па сутнасьці, гэтыя факты нагадваюць ужо бачаныя кадры: цень Чаўшэску навісла над Януковічам, і хочацца спадзявацца, што ён не паўторыць яго лёс. Хоць, па праўдзе кажучы, лёс Украіны хвалюе нашмат больш», – адзначае Ўліцкая.

Пасьля падзеньня Януковіча ва Ўкраіне магчыма ўсё – гэта даказвае фантастычнае вяртаньне экс-прэм'ера Юліі Цімашэнкі, пішуць журналісты нямецкага часопіса Der Spiegel, яны азагаловілі матэрыял «Бэрлін глядзіць на Цімашэнку са скептыцызмам».

Адразу пасьля вызваленьня Цімашэнка выступіла на Майдане, на наступны дзень яе набліжаны Аляксандр Турчынаў узяў на сябе абавязкі кіраўніка дзяржавы. Лідэры пратэстнага руху Арсень Яцанюк і Віталь Клічко гаснуць у параўнаньні з былым прэм'ерам – менавіта Цімашэнцы наканавана адыграць цэнтральную ролю ва «Ўкраіне пасьля Януковіча», мяркуюць аўтары.

Бэрлін «прымае ўсё гэта да ведама, але вялікай эйфарыі відавочна не адчувае». У нядзелю канцлер Ангела Мэркель правяла тэлефонную размову з былым прэм'ерам, і ўсё паказвае на тое, што гэта была «сухая» гутарка. «Занадта ўжо вялікі ў нямецкім урадзе і бундэстагу скептыцызм у дачыненьні да палітыка, на якога 10 гадоў таму, у пэрыяд «аранжавай рэвалюцыі», ускладалі вялікія надзеі, але які ў канчатковым выніку расчараваў многіх», – тлумачаць журналісты. Цімашэнка часта вяла сябе бескампрамісна і вельмі эгаістычна, а часам «непразрыста».

Нэгатыўна ставяцца да Цімашэнкі і многія ўкраінцы, гаворыцца ў артыкуле. Яны памятаюць яе дзейнасьць у газавым бізнэсе. Для яе праціўнікаў былы прэм'ер -міністар зьяўляецца часткай палітычнага істэблішмэнту гэтак жа, як кіраўніцтва, якое адышло.

Рэвалюцыя дала расейскай этнічнай большасьці ў Крыме лепшую за ўвесь час магчымасьць адшчапіцца ад Кіева і вярнуцца пад кантроль Расеі, піша Сайман Шустэр у артыкуле для Time. «Мы зараз павінны абараняць уласны горад», – сказаў, вярнуўшыся з Кіева ў Севастопаль, баец «Бэркута». У Севастопалі разьмешчаная расейская ваенна-марская база з 25 тыс. вайскоўцаў, і вялікая частка жыхароў Крыма лічаць сябе расейцамі, а не ўкраінцамі, паведамляе чытачам аўтар.

У сераду Тацяна Ермакова, кіраўнік «Расейскай абшчыны Севастопаля», накіравала ў Крэмль зварот з просьбай, каб Расея даслала войскі з мэтай «прадухіліць генацыд расейскага насельніцтва Крыму», перадае Шустэр. «Хоць Крэмль яшчэ не адказаў на яе просьбу, Расея выкарыстоўвала падобны зварот як падставу для ваеннага ўварваньня ў Паўднёвую Асэтыю ў 2008 годзе», – адзначае журналіст.

Пэрспэктыва вяртаньня Юліі Цімашэнкі ў палітыку ўсяляе страх за будучыню ўсё больш нестабільнай Украіны, піша ў The Daily Mail аглядальнік Эдвард Лукас. Многія ўкраінскія і замежныя палітыкі недаацэньваюць Цімашэнку з-за яе зьнешнасьці і какетлівых манер. «Ісьціна ў тым, што яе рашучасьць жахае. Ніхто і нішто ёй не перашкода», – заяўляе аўтар.

Лукас дзеліцца асабістымі ўражаньнямі: «Я шмат разоў браў у яе інтэрвію. Яе міміка і жэсты, вочы, какетлівае стрэсваньне галавой і голас аказваюць амаль гіпнатычны эфэкт. Але яна таксама здольная на выбухі гневу. Я бачыў, як яна віскатала і лаялася пры жудасных выблісках лютасьці: кацяня ператвараецца ў тыгрыцу».

Аўтар прызнае: Цімашэнка ўмее весьці выбарчыя кампаніі (ёй па кішэні лепшыя паліттэхнолягі і іміджмэйкэры, і яна бліскучы прамоўца). «Але, як толькі яна ўступае на пасаду, пачынаюцца сапраўдныя беды. Адна з прычын – яе поўная няздольнасьць працаваць у камандзе. Ад памочнікаў і калегаў чакаецца, што яны павінны адгадваць яе жаданьні і выконваць іх. Калі яны адгадваюць няправільна, яна выбухае», – сьцьвярджае аўтар.

На думку Лукаса, Цімашэнка таксама схільная да ірацыянальнага, часта славалюбівага палёту фантазіі, верыць у гараскопы і экстрасэнсаў, больш за тое – лічыць сябе рэінкарнацыяй Эвы Пэрон. Таксама варта баяцца супадзеньня дзелавых і палітычных інтарэсаў Цімашэнкі, лічыць аўтар.

«Яна хутка нажыла калясальнае багацьце ў галіне, для якой патрабаваліся сталёвыя нэрвы, і ў эпоху, калі камэрцыйныя спрэчкі вырашаліся самымі грубымі сродкамі. У тыя гады эканамічнай нестабільнасьці непразрыстыя сувязі з афіцыйнымі асобамі часам бывалі самым каштоўным актывам кампаній», – гаворыцца ў артыкуле.

Цімашэнка была міністрам энэргетыкі ва ўрадзе Паўла Лазарэнкі. «За гэтыя два гады ва Ўкраіны было выкрадзена 120.000.000.000 фунтаў , па дадзеных ААН. Лазарэнка зараз адбывае 9-гадовы тэрмін у Амэрыцы», – нагадвае Лукас.

У дні «аранжавай рэвалюцыі» Цімашэнка расквітнела. Але на пасадзе прэм'ера «яе аўтарытарны стыль і непасьлядоўны палітычны курс не заваявалі ёй шмат сяброў».

На думку Лукаса, Цімашэнка не разумела, наколькі маштабныя рэформы патрэбныя Ўкраіне – на ўзор Эстоніі і Польшчы – і як да іх прыступіць». Для яе палітыка – гэта дасягненьне і захаваньне ўлады, а не паляпшэньне жыцьця выбаршчыкаў», – піша аўтар. У яе бытнасьць прэм'ерам украінцы ад адчаю прагаласавалі за Януковіча.

Калі Цімашэнка зможа атрымаць урокі з сваіх памылак, яна стане лідэрам, у якім мае патрэбу Украіна. «Але ўсё, што я ведаю пра яе своекарысьлівасьць, яе прагу ўлады і яе пагарду да ўласнага народу, прымушае мяне сумнявацца ў гэтым», – заключае Лукас.


Пераклад парталу Інопресса.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG