Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ахвярныя ягняты


Валер Карбалевіч
Валер Карбалевіч
Апошнім часам мы назіраем новы прыступ барацьбы з карупцыяй. Калі вынесьці за дужкі хакейны чэмпіянат, то асноўныя інфармацыйныя паведамленьні апошніх дзён у Беларусі — гэта змаганьне з карупцыянэрамі. Вось толькі што далі восем гадоў калёніі былому намесьніку старшыні канцэрну «Белнафтахім» Уладзімеру Волкаву. Пачаўся суд над былым намесьнікам генэральнага пракурора Аляксандрам Архіпавым. У панядзелак арыштавалі двух намесьнікаў старшыні Гомельскага аблвыканкаму. Сёньня прыйшла інфармацыя, што крымінальную справу распачалі ў дачыненьні да старшыні Івейскага райвыканкаму. Шмат чыноўнікаў і дырэктараў пацярпелі ў зьвязку з скандалам у дрэваапрацоўчай галіне. Можна ўзгадаць крымінальныя наступствы пасьля разгону, учыненага Лукашэнкам у Слуцку. Прычым узровень чыноўнікаў, адносна якіх чыняцца рэпрэсіі, падвысіўся. Сядзяць за кратамі ў чаканьні суду старшыня канцэрну «Беллегпрам» Міхаіл Сучкоў, старшыня Белкаапсаюзу Сяргей Сідзько. А гэта ж фактычна ўзровень міністраў.

Упершыню Лукашэнка, выступаючы ў Нацыянальным сходзе з пасланьнем, цэлы разьдзел прысьвяціў барацьбе з карупцыяй. Ён нават даручыў падрыхтаваць адмысловы антыкарупцыйны даклад. Гэта ўсё прыкметы новай палітычнай кампаніі.

Раней у перадвыбарчыя пэрыяды Лукашэнка ўстрымліваўся ад такіх масавых пасадак чыноўнікаў. Бо падчас выбараў ён моцна залежаў ад ляяльнасьці намэнклятуры, таму не хацеў псаваць адносіны зь ёй. А цяпер усё памянялася. Лукашэнка пачаў супраць чынавенства і дырэктарату масавую кампанію. Чаго раптам?

На мой погляд, існуе некалькі прычын гэтай кампаніі. Некаторыя зь іх ляжаць на паверхні і нават прагаворваюцца Лукашэнкам уголас.

Найперш, гэта рэха ўкраінскіх падзеяў, пра што ня раз узгадваў кіраўнік Беларусі. Адзін з галоўных чыньнікаў краху рэжыму Януковіча — гэта маштабная карупцыя. Таму Лукашэнка імкнецца рабіць прэвэнтыўныя захады.

Па-другое, у любыя часы барацьба з карупцыяй — бяспройгрышная тэма для электарату. Народ ня любіць начальнікаў і гатовы пляскаць у ладкі, калі іх б’юць. Схема «цар — добры, баяры — дрэнныя» працуе надалей. А для выбарчай кампаніі, якая набліжаецца, у Лукашэнкі дэфіцыт тэмаў. Сацыяльна-эканамічная сытуацыя цяжкая. Трэба адцягнуць увагу людзей ад гэтых праблемаў, пераключыць на іншыя пытаньні. Адно зь іх — страх насельніцтва перад хаосам і анархіяй на тле ўкраінскага крызісу. Але гэтага мала. Трэба нешта яшчэ. І Лукашэнка, нядоўга думаючы, вырашыў выцягнуць з гістарычнай каморкі стары інструмэнт, які добра спрацаваў 20 гадоў таму, ачысьціць ад пылу і зноў зь яго стрэліць.

Па-трэцяе, ва ўмовах той сацыяльнай мадэлі, якая створаная ў Беларусі, барацьба з карупцыяй — важны эканамічны чыньнік. Зьвярніце ўвагу, што чым горшая сытуацыя ў эканоміцы, тым больш чыноўнікаў і дырэктараў ідзе пад суд.
Чым горшая сытуацыя ў эканоміцы, тым больш чыноўнікаў і дырэктараў ідзе пад суд

Справа ў тым, што ў цяперашняй сыстэме няма эканамічных стымулаў. Іх трэба чымсьці замяніць. Гэтую ролю і адыгрываюць рэпрэсіі ці іх пагрозы. Цяпер амаль кожная паездка Лукашэнкі на прадпрыемства заканчваецца загадам распачаць крымінальную справу адносна дырэктара ці пагрозай пасадзіць. Гэта адзіны спосаб прымусіць кіраўнікоў працаваць. Дарэчы, гэта агульная заканамернасьць усіх адміністратыўных сыстэмаў. Пачынаючы з старажытнасьці, дзе рабоў, якія дрэнна працавалі, білі. А ў сталінскім СССР такіх абвяшчалі «ворагамі народу», расстрэльвалі ці ссылалі на Беламорканал дзеля перавыхаваньня («перакоўкі»).

Па-чацьвёртае, і гэта самае цікавае. Здаецца, за 20 гадоў Лукашэнка адчуў сваю незалежнасьць ад намэнклятуры. Ён зразумеў, што беларускае чынавенства мала таго, што ня ёсьць суб’ектам палітыкі, — яно ня толькі ня лічыць сябе элітай, але перастала быць карпарацыяй. Там няма карпаратыўнай салідарнасьці, сыстэмы калектыўнай абароны сваіх інтарэсаў. Больш за тое, у гэтым асяродзьдзі нават няма адчуваньня, што такія агульныя інтарэсы ўвогуле існуюць. Кожны памірае ў адзіночку. Беларускія чыноўнікі — маўклівыя і бязмоўныя выканаўцы загадаў аднаго чалавека, ахвярныя казлы, ягняткі на закол.

За 20 гадоў з усіх рэпрэсаваных чыноўнікаў толькі Васіль Лявонаў выступіў з палітычным пратэстам, перайшоў у апазыцыю. Усе астатнія моўчкі ўсё праглынулі. Нават калі абвінавачаньні былі сумнеўныя, як, напрыклад, у гісторыі з прысудам былому намесьніку старшыні канцэрну «Белнафтахім» Уладзімеру Волкаву. Усе апэлююць да прэзыдэнта. Гэта як у 1937 годзе старыя бальшавікі перад расстрэлам крычалі: «Няхай жыве таварыш Сталін!»

Таму, каб правесьці пасьпяховую выбарчую кампанію, ужо не патрэбныя ляяльныя намэнклятуршчыкі. Іх замяняе дзяржаўная машына, у якой чыноўнікі — толькі колцы ды вінцікі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG