Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як беларуская дзяржаўная прапаганда выкарыстоўвае чэмпіянат сьвету па хакеі?


Ужо пяць дзён чэмпіянат сьвету па хакеі — галоўная інфармацыйная нагода дзяржаўных мэдыяў. Ці ўдасца зь яго дапамогай палепшыць міжнародны імідж Беларусі? Які ўнутраны палітычны, ідэалягічны эфэкт могуць атрымаць улады?

Удзельнікі: дырэктар па дасьледаваньнях Лібэральнага клюбу Яўген Прэйгерман і палітоляг Сяргей Нікалюк.

Навошта краіны змагаюцца за права правесьці буйное спартовае мерапрыемства?


Валер Карбалевіч: «Буйныя спартовыя мерапрыемствы рэдка бываюць выгаднымі з камэрцыйнага, эканамічнага гледзішча. Як правіла, страты значна перавышаюць даходы. І ў Менску незразумела, што рабіць зь вялізнымі хакейнымі арэнамі, гатэлямі пасьля чэмпіянату сьвету па хакеі. Вось у Бразыліі, якая сёлета прымае чэмпіянат сьвету па футболе, нават узьнік востры канфлікт паміж уладамі і насельніцтвам з гэтай нагоды.

Тым ня менш краіны зацята змагаюцца за права правесьці Алімпійскія гульні ці чэмпіянаты па розных відах спорту, найперш футболу ці нават хакею. І калі такое права здабываюць, то сьвяткуюць гэта як вялікую перамогу. Чаму?»
Яўген Прэйгерман
Яўген Прэйгерман
Сяргей Нікалюк
Сяргей Нікалюк
Яўген Прэйгерман: «Гэта вялікае сьвята, якое выходзіць па-за межы толькі спорту. Гэта вялікая сацыяльная, культурная падзея. Ва ўсіх краінах, дзе праводзяцца Алімпійскія гульні ці чэмпіянаты сьвету, мясцовае насельніцтва з энтузіязмам чакае гэтых падзеяў.

Ну, а ўлады імкнуцца палепшыць свой імідж і з унутранага, і зь міжнароднага гледзішча, імкнуцца выкарыстоўваць гэтую падзею дзеля піяру».

Сяргей Нікалюк: «У нашай культуры вонкавая думка пра нас традыцыйна вельмі важная і для ўлады, і для грамадзтва. Вось у савецкія часы шмат гаварылі, што слова „спутник“ увайшло ў замежныя мовы безь перакладу, і гэта, маўляў, прызнаньне нашых дасягненьняў. Праўда, наколькі я ведаю, у ангельскай мове сёньня выкарыстоўваецца слова „сатэліт“. Напрыклад, ЗША — краіна выключна самадастатковая, там усё роўна, што пра яе кажуць замежнікі. Мы ж жывем у іншай культуры.

Зьвярніце ўвагу, як беларускія ўлады рэагуюць на любую станоўчую вонкавую ацэнку нашай краіны. Калі, паводле нейкага міжнароднага дасьледаваньня, рэйтынг Беларусі нізкі, то нашы ўлады кажуць пра перадузятасьць, дваістыя стандарты і інш. Але калі Беларусь ставяць на нейкае высокае месца, то дзяржаўныя мэдыі гэты факт моцна піяраць. Можна ўзгадаць Расею, дзе 50 млрд даляраў уклалі ў Алімпійскія гульні ў Сочы».

Ці ўдасца з дапамогай чэмпіянату палепшыць міжнародны імідж Беларусі?


Карбалевіч: «Як вядома, Аляксандар Лукашэнка паставіў задачу правесьці такі чэмпіянат сьвету па хакеі, якога раней ніхто ня бачыў і ня ладзіў. Беларускія ўлады імкнуцца выкарыстаць гэты чэмпіянат напоўніцу. Ужо колькі дзён дзяржаўныя мэдыі трубяць, як усё добра. Што замежнікі проста шчасьлівыя, што змаглі пабыць у Беларусі, і толькі і мараць, каб зноў сюды вярнуцца. Ці ўдасца з дапамогай чэмпіянату палепшыць міжнародны імідж Беларусі? Асабліва з улікам скандалаў, зьвязаных з тым, што не пусьцілі ў Беларусь некаторых замежных грамадзян, праваабаронцаў».
Што да палітычнага іміджу краны, то ня думаю, што тут нешта зьменіцца


Прэйгерман: «Якая мэтавая група гэтых піяраўскіх акцыяў? Калі гаворка ідзе пра хакейных заўзятараў, то яны могуць быць цалкам задаволеныя. Кошты параўнальна невялікія, дзяўчаты прыгожыя. Сустракаюць у добрым, можа, напалову азіяцкім стылі. У Беларусі замежных турыстаў бывае няшмат, мы, у адрозьненьне ад эўрапейскіх краін, не стаміліся ад іх. Таму заўзятарам тут даволі камфортна, і я не выключаю, што шмат хто захоча прыехаць сюды зь сябрамі на вакацыі.

Але што да палітычнага іміджу краны, то ня думаю, што тут нешта зьменіцца. Вобраз Беларусі як апошняй дыктатуры Эўропы застанецца. Увогуле, ня думаю, што ўвагу, цікавасьць да Беларусі ў сьвеце гэты чэмпіянат неяк заўважна памяняе».

Нікалюк: «У сьвеце інфармацыйныя плыні ідуць адна за адной, адна падзея зьмяняе другую. І як бы пасьпяхова ні прайшоў гэты чэмпіянат, сьвет ня можа доўга жыць такой падзеяй. Нават калі казаць па спартовую сфэру, галоўная падзея бягучага году — гэта чэмпіянат сьвету па футболе».

Ці атрымаюць улады электаральны эфэкт ад гэтага мерапрыемства?


Карбалевіч: «А які ўнутраны палітычны, ідэалягічны эфэкт могуць атрымаць улады? Ці можа эфэкт чэмпіянату перабіць у вачах насельніцтва сацыяльна-эканамічныя праблемы, якія існуюць у Беларусі? Як вядома, любы народ хоча хлеба і відовішчаў. Ці могуць відовішчы замяніць хлеб?»

Прэйгерман: «Калі хлеба няма, то відовішчы яго не заменяць. А калі хлеб ёсьць, то відовішча — добры дадатак да настрою. Калі ўлады ня змогуць забясьпечыць росту ці хаця б стабільнасьці дабрабыту напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў, то чэмпіянат сьвету па хакеі не адыграе тут ніякай значнай ролі. А калі ўдасца захаваць стабільны ўзровень жыцьця, то чэмпіянат пойдзе ўладам у плюс».
Калі цяпер было праведзена сацыялягічнае апытаньне, то яно б зафіксавала рост станоўчых грамадзкіх настрояў у межах сацыялягічнай памылкі
Нікалюк: «Можна спаслацца на тое, які эфэкт мела Сочынская Алімпіяда ў Расеі. Паводле ФОМ — гэта пракрамлёўская сацыялягічная структура — Алімпійскія гульні да рэйтынгу Пуціна нічога не дадалі. Праўда Лявада-цэнтар зафіксаваў нейкае паляпшэньне самаадчуваньня расейскага грамадзтва ў выніку Алімпіяды. Такі сацыялягічны эфэкт можна атрымаць, калі нацыянальная каманда выступае пасьпяхова.

Вось калі казаць пра цяперашні чэмпіянат, то зборная Беларусі па хакеі пакуль выступае пасьпяхова. Дзьве перамогі ў трох гульнях — гэта для беларускай каманды добры вынік. І калі б вось цяпер было праведзена сацыялягічнае апытаньне, то яно б зафіксавала рост станоўчых грамадзкіх настрояў, можа, у межах 3%, то бок у межах сацыялягічнай памылкі. Але такія рэйтынгі не трымаюцца больш за 2–3 тыдні.

Вяртаючыся да Расеі. Там якраз так здарылася, што толькі скончылася Сочынская Алімпіяда, як пачаліся крымскія падзеі. У выніку піяраўскі эфэкт Алімпійскіх гульняў быў перабіты гэтым украінскім крызісам. І 50 мільярдаў даляраў вылецелі ў нікуды».

Які ўплыў спорту ўвогуле на грамадзкае жыцьцё Беларусі?


Карбалевіч: «Вось сп. Нікалюк кажа, што зборная Беларусі выступае нядрэнна і гэта дасьць нейкі палітычны ці ідэалягічны эфэкт. Тады пастаўлю пытаньне шырэй: а ці зьяўляецца беларуская нацыя спартовай? Які ўплыў спорту ўвогуле на грамадзкае жыцьцё Беларусі? Мне цяжка ўявіць, каб пасьля нейкай перамогі беларускіх спартоўцаў беларусы выходзілі на вуліцу са сьцягамі і калектыўна сьвяткавалі. А ў шмат якіх краінах гэта адбываецца».

Прэйгерман: «Мы ў Лібэральным клюбе рабілі адмысловую дыскусію на гэтую тэму. І спэцыялісты прыйшлі да высновы, што Беларусь — напалову спартовая нацыя. Як хочаце, так і разумейце.
Спэцыялісты прыйшлі да высновы, што Беларусь — напалову спартовая нацыя. Як хочаце, так і разумейце
Але я ня думаю, што гэтае пытаньне вельмі важнае. Больш важна тое, што падчас спартовых перамог пачынае працаваць эфэкт яднаньня вакол сьцяга. Я б не сказаў, што ўвогуле няма сьвяткаваньня на вуліцах. Нават калі хакейная каманда „Дынама“ (Менск) перамагае, то 50–100 машын езьдзяць па горадзе са сьцягамі і сыгналяць.

Думаю, што нейкі эмацыйны эфэкт ад спартовых перамог у душах людзей ёсьць. Але ён ня можа працягвацца доўга і ня можа замяніць, выцесьніць сацыяльна-эканамічныя праблемы».

Нікалюк: «Калі мы кажам пра спартовую нацыю, то трэба разумець, што яе робіць тэлевізія. І аб’яднаньне адбываецца з дапамогай тэлевізійных праграмаў. А спартовыя праграмы сёньня ва ўсім сьвеце займаюць вялікае месца. І, паводле апытаньняў НІСЭПД, у Беларусі колькасьць заўзятараў вымяраецца дзясяткамі працэнтаў.

Дарэчы, толькі 8,9% працэнта беларусаў падтрымалі ідэю байкоту чэмпіянату сьвету па хакеі. Абсалютная большасьць падтрымлівае правядзеньне гэтага мерапрыемства ў нашай краіне.

Але беларус у асноўным — тэлеглядач. Гэтым і абмяжоўваецца ягоная актыўнасьць. Калі сацыёлягі яго спытаюць, то ён адказвае: так, я падтрымліваю. Але гэта не выліваецца ў нейкія дзеяньні — каб, напрыклад, выйсьці на вуліцу, махаць сьцягам. Гэтага няма.

Але я хачу зьвярнуць увагу на іншы момант. Шлях у Эўропу — доўгі і паступовы. Калі ў Менску заходнія кампаніі будуюць сучасныя гатэлі, дзе ўсталёўваецца эўрапейскі ўзровень абслугоўваньня, ствараюцца працоўныя месцы для людзей, якія ведаюць замежныя мовы, — то гэта маленькія выспы Эўропы ў Беларусі. Шмат чыноўнікаў вымушаны кантактаваць з эўрапейцамі. Гэта ня значыць, што яны становяцца носьбітамі эўрапейскіх каштоўнасьцяў. Але яны вымушаны дзейнічаць паводле эўрапейскіх правілаў і нормаў. У гэтым пляне станоўчы эфэкт гэтага чэмпіянату. Бо ён праходзіць паводле эўрапейскіх правілаў. Гэта невялічкі крок у Эўропу».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG