Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Маскоўскі экспэрт: Расея не прызнала незалежнасьць сэпаратысцкіх рэспублік


Марыя Ліпман
Марыя Ліпман

Што будзе рабіць прэзыдэнт Расеі Ўладзімер Пуцін, пасьля таго як сэпаратысты з Данецку і Луганску папрасіліся ў склад Расеі? На гэтае ды іншыя пытаньні, зьвязаныя з вынікамі незаконных рэфэрэндумаў у Данбасе, Свабодзе адказала маскоўскі палітоляг з цэнтру Карнэгі Марыя Ліпман.

— Якой можа быць рэакцыя Пуціна на просьбу сэпаратыстаў з Украіны аб далучэньні да Расеі?

— Я зусім не бяруся адказваць на пытаньне, што адкажа Пуцін. Гэта з тых пытаньняў, на якія не існуе адказаў. Бо расейскі прэзыдэнт робіць усё дзеля таго, каб яго рашэньні сталі нечаканымі. І асабліва на ўсім працягу гэтага ўкраінскага крызісу, і раней ён карыстаўся гэтай надзвычай выйгрышнай тактыкай, калі яго рашэньні аказваюцца нечаканымі. А ў прынцыпе, быў адказ МЗС пасьля правядзеньня рэфэрэндуму, і ён палягаў у тым, што трэба правесьці дыялёг паміж тымі, хто прадстаўляе ўладу ў Кіеве, і Данецкам ды Луганскам. Пакуль гэта ўсё.

— А ці прызнала Расея гэтыя рэфэрэндумы?

— Калі казаць пра тое, што па выніках рэфэрэндуму было заяўлена, што гэтыя тэрыторыі ці рэспублікі, ня ведаю, як іх назваць, незалежныя, — то не, Расея не прызнала незалежнасьць. Калі казаць, што яны папрасіліся ў склад Расеі, то таксама на гэта не было ніякай адпаведнай рэакцыі. Можна канстатаваць, што на сёньня да гэтага мерапрыемства паставіліся ўважліва, у Крамлі была заява, што з павагай ставяцца да волевыяўленьня. А якія з гэтага будуць наступствы, цяпер складана сказаць.

Можна казаць, што праведзены рэфэрэндумы і што на іх прагаласавала «многа народу». Колькі — мы ня ведаем. «Многа» — гэта такая псыхалягічная катэгорыя. І гэта, відаць, будзе скарыстана ў якасьці аргумэнта для ўмацаваньня перамоўнай пазыцыі.

— А ці можа быць скарыстаны крымскі варыянт, каб Данецк і Луганск сталі часткай Расеі?

— Я б нічога не выключала, бо апошнім часам адбываецца столькі падзеяў у сувязі з кіеўскім крызісам, якія абсалютна ніхто не прадказваў. Але я думаю, што гэта малаверагодна. Тут багата ўсялякіх меркаваньняў, але гэта нашы спэкуляцыі. А рашэньне прымае ў Расеі прэзыдэнт.
Нават параўнальна з крымскім легітымнасьць гэтага рэфэрэндуму ў вышэйшай ступені сумнеўная, і гэта мякка сказана
Меркаваньні зьвязаныя з тым, што нават параўнальна з крымскім легітымнасьць гэтага рэфэрэндуму ў вышэйшай ступені сумнеўная, і гэта мякка сказана. Бо нават няясна, хто яго арганізуе. На момант правядзеньня рэфэрэндуму ў Крыме там былі ўжо прамаскоўскія ўлады. А тут невядома хто зьяўляецца ўладай. Там ёсьць свае губэрнатары, у Данецкай і Луганскай вобласьці. Ну, і невядома, колькі прагаласавала народу, і так далей. Гэта ўсё прэтэнзіі да правядзеньня гэтага галасаваньня.

Апроч таго, зусім незразумела, у чым інтарэс Расеі быў бы, калі б Расея далучыла гэтыя два рэгіёны. Гэта вельмі цяжкія рэгіёны, у складанай сытуацыі. Калі лічыць, што задача Расеі — перашкода таму, каб Украіна ў пэўнай ступені стала празаходняй, то незразумела, як далучэньне гэтых рэгіёнаў вырашае гэтую задачу.

— Кажуць пра тое, што Расея зацікаўленая ў дэстабілізацыі і эскаляцыі гвалту на ўсходзе Ўкраіны?

— Я ня думаю, што дэстабілізацыя — самамэта. Мэтай ёсьць тое, каб Украіна ні пры якіх умовах і ніколі ня стала сябрам НАТО, і тое, каб стварыць надзейную перашкоду якім бы там ні было інтэграцыйным тэндэнцыям Украіны ў бок Захаду. І гэтай задачы можа служыць дэстабілізацыя, але яна не самамэта. Гэта ўсё спэкуляцыі, бо рашэньні і павароты падзеяў ва ўкраінскім крызісе шмат разоў засьпявалі назіральнікаў зьнянацку і аказваліся нечаканымі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG