Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Экспэрт з Данецку: Крымскі варыянт у Данбасе не прайшоў


Аляксей Мацука
Аляксей Мацука

Данецкі аналітык, кіраўнік сайту «Новости Донбасса» і штодзённы аглядальнік навінаў Данеччыны на канале «Громадське ТВ» Аляксей Мацука лічыць, што раскол у вярхушцы сэпаратыстаў у Данбасе — заканамерны вынік шматлікіх непаразуменьняў і спрэчак у іх колах.

Данецкі аналітык, кіраўнік сайту «Новости Донбасса» і штодзённы аглядальнік навінаў Данеччыны на канале «Громадське ТВ» Аляксей Мацука лічыць, што раскол у вярхушцы сэпаратыстаў у Данбасе — заканамерны вынік шматлікіх непаразуменьняў і спрэчак у іх колах. На думку экспэрта, гэты крызіс зьвязаны з адсутнасьцю дастатковай падтрымкі як з боку насельніцтва, так і з боку Ўладзімера Пуціна.

— Аляксей, зараз расейскія баевікі на чале зь Сяргеем Здрылюком, вядомым таксама як «Абвэр», практычна адхілілі ад улады мясцовых сэпаратыстаў, у першую чаргу Дзяніса Пушыліна. Што гэта значыць?

— Канфлікты сярод сэпаратыстаў цягнуцца ўжо вельмі даўно. Мы пастаянна фіксуем бойкі ў будынку абласной дзяржаўнай адміністрацыі ў Данецку, калі яны на паседжаньнях ня могуць падзяліць нейкія паўнамоцтвы. Часта ў калідорах была бачная кроў на сьценах і падлозе, якая застаецца пасьля боек. Гэта для іх нармальны фармат вядзеньня перамоваў і спраў у цэлым. А зараз, калі сэпаратысты пабачылі, што падтрымкі з боку Пуціна ўсё менш і менш, пачынаецца крызіс кіраваньня. Хоць, на добры лад, нейкай зладжанай сыстэмы кіраваньня ў іх і не было ніколі. Ужо тое, на якім прымітыўным узроўні даваў прэс-канфэрэнцыю Сяргей Здрылюк, сьведчыць пра тое, што ў іх няма ніякага пляну. Таму — так, цяпер мы назіраем самы буйны крызіс, нават адбыўся раскол, у выніку якога больш радыкальнае крыло сэпаратыстаў захапіла ўладу ўсярэдзіне банды сэпаратыстаў.

— Якія пляны ў гэтых «Абвэра» і «Стралка»?

— Ігар Стралкоў разам зь Сяргеем Здрылюком спрабуе цяпер адхіліць Дзяніса Пушыліна і ўзяць на сябе кіраваньне так званай Данецкай народнай рэспублікай. Відаць, гэтыя людзі, якіх зьвязваюць са спэцслужбамі ГРУ Расеі, лічаць, што гэта выгадная рэсурсная справа, што з гэтага можна будзе атрымаць грошы. Нейкага сэнсавага напаўненьня ў гэтых дзеяньнях няма. Было бачна на той жа прэс-канфэрэнцыі, на якой Стралкоў круціў на стале пісталет, што ён казаў поўную лухту, што яго рыторыка ня мае нічога агульнага з хоць зь нейкім уяўленьнем пра плян дзеяньняў. Такое адчуваньне, што мы ў палаце для псыхічна хворых.
Такое адчуваньне, што мы ў палаце для псыхічна хворых

— Вядома, што нічога на Данеччыне ня робіцца без дабраслаўленьня Рыната Ахметава. Як вы лічыце, якая яго роля ў гэтым канфлікце?

— Так, нічога ў рэгіёне безь яго волі ніколі не рабілася. Учора самаабвешчаны губэрнатар Данецкай вобласьці Павал Губараў заявіў, што Рынат Ахметаў фінансаваў частку сэпаратыстаў, каб тыя вялі падрыўную дзейнасьць усярэдзіне сваёй банды. Гэта ня выключана, таму што Ахметаў кантралюе рэгіён апошнія 23 гады.

— Што сэпаратысты будуць рабіць з вынікамі рэфэрэндуму?

— Гэтыя вынікі ёсьць толькі ў галаве невялікай часткі людзей. У Данецкай вобласьці 12 траўня адбываліся 4 розныя рэфэрэндумы і апытаньні грамадзянаў. І ўсе чатыры прынесьлі нейкія вынікі. Які лічыць выніковым і найбольш адэкватным, ніхто ня ведае. Гэта на ўзроўні таго, калі ў кагосьці ў кватэры таксама адбываецца рэфэрэндум па пытаньні, на якую паліцу класьці масла. Ніхто нічога з гэтымі вынікамі рабіць ня будзе. Крымскага варыянту тут не атрымалася. Была спроба захаваць аблічча, якая выліваецца цяпер у зацяжны ўнутраны канфлікт, супрацьстаяньне ўкраінскай арміі з бандытамі. Насельніцтва патрабуе вызваленьня тэрыторыі ад кіраваньня банды, якая ўзяла зброю і пад расейскім сьцягам вядзе барацьбу за нейкія свае каштоўнасьці. Але мы іх не разумеем, таму што радыкальнае праваслаўе і аўтарытарызм — гэта антыкаштоўнасьці для нас.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG