«Калі б Пазьняк у 1996 убачыў сёньняшні ЧШ, то напэўна заплакаў бы і зьехаў з краіны», — напісаў на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы Facebook прэс-сакратар Беларускай асацыяцыі журналістаў Барыс Гарэцкі.
Чарнобыльскі шлях-2014 сапраўды сабраў рэкордна малую колькасьць удзельнікаў. Як паведамілі ў сваёй справаздачы назіральнікі Беларускага Хэльсынскага Камітэту і Праваабарончага цэнтру «Вясна», пры заяўленай колькасьці ўдзельнікаў да 950 чалавек на месца збору прыйшло ня больш за 510 чалавек, каля 420 чалавек было на падыходзе да парку Дружбы Народаў, 30 чалавек узялі ўдзел у мітынгу.
У сацыяльных сетках наракаюць, што кепска спрацавалі арганізатары — маўляў, мала было інфармацыі пра час і месца правядзеньня шэсьця.
«Проста саму клёвую ідэю ўжо даўно загубілі бяздарнасьці. З году ў год гэтае мерапрыемства праводзяць толькі для фотасправаздачы на Захад спонсарам», — напісаў у адным з абмеркаваньняў шэсьця Сяргей Міхальчук зь Пінску.
Адзін зь сябраў аргкамітэту сёлетняга Чарнобыльскага шляху, старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч пагадзіўся, што было б добра інтэнсыфікаваць інфармацыйную працу за некалькі дзён да акцыі:
«Кожны раз, калі мы арганізоўваем акцыю, хочацца, каб была максымальная колькасьць удзельнікаў. І калі іх мала, як было на гэтым Чарнобыльскім шляху, мы ня можам лічыць такую акцыю ўдалай. Я раблю выснову, што варта і неабходна напярэдадні акцыяў праводзіць больш інтэнсіўную інфармацыйную працу і пачынаць яе як мага раней. Зь іншага боку, перад Днём Волі месяц таму назад таксама не была праведзеная магутная інфармацыйная праца, а ў сацыяльных сетках не было аднадумства што да вартасьці ўдзелу ў гэтай акцыі. Аднак на акцыю выйшла ў разы больш людзей, чым на Чарнобыльскі шлях».
Такім чынам, паводле Янукевіча, два вялікія вулічныя мерапрыемствы ў 2014 годзе пацьвердзілі: незалежна ад высілкаў арганізатараў і ацэнак экспэртаў, людзі могуць прыйсьці ці не прыйсьці пры адных і тых самых фактарах.
У той жа час ёсьць і такія, хто скептычна паставіўся да крытыкі арганізатараў акцыі. Так, удзельніца Чарнобыльскага шляху Каця Рамашкевіч, якая трапіла ў фотарэпартажы праз жоўтыя балёнікі, якія трымала ў руках, піша на сваёй старонцы:
«Проста неверагодна, як шмат у гэтым годзе пачула і пабачыла нараканьняў на Чарнобыльскі шлях. Камусьці інфармацыі мала, камусьці людзей, камусьці фармат надакучыў, камусьці лянота свой выходны псаваць... Агідна як. Чарнобыльскі шлях для мяне заўжды будзе акцыяй, у якой я буду ўдзельнічаць нават ва ўмовах немагчымасьці нейкага ўплыву на ўлады, нават калі буду адна; пра якую я заўжды знайду інфармацыю, бо гэта — для сябе, для свайго сумленьня, а не для таго, каб потым ганьбіць арганізатараў і чыніць разборкі. У гэтым, на мой погляд, і ёсьць грамадзянская пазыцыя: пра тыя даты, якія маюць важнае значэньне, ведаць ці імкнуцца знайсьці інфармацыю і быць у слушным месцы, а не на шашлыках у лесе, хай сабе і надвор’е цудоўнае. Можа, калі б усе так рабілі, у нас і ўдзельнікаў было б шмат, і фармат бы ўсім спадабаўся, і людзьмі б выглядалі самі перад сабой, а ня дробнымі буркунамі».
Нягледзячы на малую колькасьць удзельнікаў Чарнобыльскага шляху, амаль два дзясяткі актывістаў былі затрыманыя і асуджаныя на адміністрацыйныя арышты — хто прэвэнтыўна, хто постфактум.
Праваабаронца Ўладзімер Лабковіч тлумачыць такую зьяву тым, што гэтымі арыштамі ўлады пачынаюць «зачыстку» перад Чэмпіянатам сьвету па хакеі:
«Калі параўноўваць акцыі гэтага году, то прэвэнтыўных затрыманьняў перад Чарнобыльскім шляхам было больш, чым месяц таму, перад Днём Волі. Але гэта зьвязана ў першую чаргу са спэцапэрацыяй, якая пачалася перад Чэмпіянатам сьвету па хакеі. Можна прадбачыць, што такія прэвэнтыўныя затрыманьні будуць працягвацца, бо бачна, што рэжым не зьбіраецца рабіць нават нейкай бачнасьці лібэралізацыі і паслабленьняў: палітычныя вязьні застаюцца за кратамі, тыя, хто патэнцыйна можа ўзяць удзел у вулічных акцыях, прэвэнтыўна затрымліваюцца. Мы, праваабаронцы, безумоўна асуджаем такія дзеяньні і лічым гэта недапушчальнымі злачыннымі крокамі, калі па фальсыфікаваных матывах людзей затрымліваюць і ізалююць ад грамадзтва».