Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Славянск — самае кашмарнае месца». Відэа


Паездка па Славянску
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:47 0:00
Наўпроставы лінк

Таксіст са Славянску правёз па родным горадзе карэспандэнта Радыё Свабода і распавёў пра жыцьцё ў атачэньні барыкад.

Жыхары Славянску і іншых захопленых сэпаратыстамі гарадоў Украіны скардзяцца на марадзёрства і хамства.

Сытуацыя ў Славянску, дзе ў суботу невядомыя абстралялі блёкпост сэпаратыстаў, застаецца нестабільнай. У горадзе працягвае дзейнічаць камэнданцкая гадзіна. Па вэрсіі расейскіх СМІ, да абстрэлу блёкпоста, у выніку якога тры чалавекі загінулі, датычны рух «Правы сэктар» — у якасьці доказу дзяржаўныя каналы дэманструюць пакінутыя на месцы візытоўкі лідэра руху Дзьмітрыя Яраша. Абстаноўка, па паведамленьні карэспандэнта Свабоды ў Славянску, даволі трывожная: па яго назіраньнях, апалчэнцы са зброяй ўсё больш раздражняюць мясцовых жыхароў, многія пазнаюць у іх людзей, якія пабывалі ў месцах пазбаўленьня волі, па-ранейшаму нярэдкія выпадкі марадзёрства.

Як паведамляе карэспандэнт Радыё Свабода ў Славянску, сэпаратысты са зброяй трымаюць горад у страху, міліцыя практычна бязьдзейнічае. Нават у Вялікдзень на вуліцах гораду было малалюдна, большасьць харчовых крамаў адкрыта, але крамы, якія гандлююць ювэлірнымі вырабамі, зачыненыя, таму што ў горадзе нярэдкія выпадкі марадзёрства — апалчэнцы са зброяй проста не расплачваюцца на касах за тавар. Каля блёкпостаў няма біяпрыбіральняў, таму апалчэнцы спраўляюць патрэбу каля жылых дамоў, ад чаго мясцовыя жыхары зусім не ў захапленьні.

«Наш горад замёр. Яго скаваў страх»

— Я жыву ў Славянску, назіраю за тым, што адбываецца ў гэтым горадзе апошнім часам, — расказвае прадпрымальнік Генадзь. — Мяне гэта моцна напружвае. Мне не падабаецца, што няма свабоды перамяшчэньня па горадзе. Мне не падабаюцца людзі з аўтаматамі. Мне не падабаюцца неадэкватныя людзі, якія стаяць з боку пратэстуючых. Многіх зь іх я ведаю; ведаю, які лад жыцьця яны вядуць — гэта наркотыкі, алькаголь, многія зь іх былі беспрацоўнымі. Бачыць гэтых людзей са зброяй ці нават проста з палкай у руках... У іх руках гэтая палка — гэта сьмяротная зброя. Я не магу сказаць, што ўсе, хто там, вядуць няправільны лад жыцьця. Ёсьць частка людзей, якая досыць шчыра верыць у тое, што яны робяць слушную справу. Але большасьць зь іх — гэта людзі, якія вядуць няправільны лад жыцьця. Я ведаю іх імёны, я ведаю, дзе яны жывуць. Славянск — гэта невялікі горад. Наш горад замёр. Яго скаваў страх.

У мяне тры дачкі-падлетка. Я баюся адпускаць іх на вуліцу, бо ў нашым горадзе няма міліцыі. Мае дзяўчынкі ня могуць вучыцца ў школе, бо школы зачыненыя. Мой малы бізнэс стаіць. Я не магу ў поўным аб’ёме працаваць, таму што людзі баяцца сюды ехаць. Горад Славянск цяпер — гэта самае кашмарнае месца на Украіне.

Скрадзеныя і затрыманыя

Паведамляецца, што мэр Славянску Неля Штэпа дагэтуль утрымліваецца сэпаратыстамі ў будынку адміністрацыі гораду. Паводле інфармацыі журналіста выданьня «Навіны Данбасу» Аляксея Мацука, у Штэпы некалькі дзён таму быў гіпэртанічны крыз, але лекараў хуткай дапамогі ў будынак адміністрацыі не ўпусьцілі. Паводле журналіста, акрамя Штэпы ў закладніках у мясцовых сэпаратыстаў знаходзяцца яшчэ сем чалавек:

— На гэты момант затрыманых і выкрадзеных людзей у Данецкай вобласьці, пачынаючы з 13 красавіка, восем чалавек. Сем зь іх утрымліваюцца баявікамі ў горадзе Славянску. Месца знаходжаньня аднаго чалавека дакладна невядома, але вядома, што гэта дэпутат Горлаўскага гарадзкога савету Ўладзімер Рыбак. Ён спрабаваў зьняць сьцяг сэпаратыстаў з будынка Горлаўскага гарадзкога савету. Пасьля гэтых падзеяў увечары яго скралі.

Моўны кантроль

— У Данецку павялічылася колькасьць нападаў на звычайных людзей на вуліцах, — працягвае Аляксей Мацук. — Зафіксаваныя выпадкі, калі людзі зь бітамі і ў балаклавах заходзяць у звычайныя рэстараны і кафэ, слухаюць, на якой мове хто размаўляе. Калі гэта ня руская мова, а ўкраінская або ангельская, то могуць узьнікнуць праблемы — могуць пачаць пытацца гэтых людзей — адкуль яны, хто яны. Быў выпадак, што выводзілі людзей з кафэ за тое, што яны гаварылі па-ангельску. Міліцыя бязьдзейнічае.

Большасьць жыхароў, вядома, выказваюць незадаволенасьць тым, што адбываецца. Людзі незадаволеныя захопам будынкаў. Людзі незадаволеныя тым, што адбываецца блякаваньне публічных, грамадзкіх месцаў. Узьнікаюць выпадкі марадзёрства. Калі ў студзені прыхільнікаў далучэньня да РФ у Данецкай вобласьці было больш як 30 адсоткаў, то цяпер, пасьля анэксіі Крыму, пасьля ўсіх падзей, якія адбываюцца цяпер ва ўсходніх абласьцях Украіны, колькасьць прыхільнікаў упала да 22-23 адсоткаў жыхароў Данецкай вобласьці.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG