ПАДЗЕІ ДНЯ
У Македоніі пройдуць прэзыдэнцкія выбары. Гэта будуць пятыя прэзыдэнцкія выбары ад 1991 году, калі Македонія набыла незалежнасьць у выніку распаду Югаславіі.
У Магілёве – адкрыты гарадзкі конкурс бальных танцаў «Веснавое танга».
У Ракаве валанцёры зьбіраюцца прысьвяціць Вербную нядзелю прыбіраньню старых праваслаўных могілак. Пачатак а12-й. Падрабязнасьці: http://vk.com/rakau
ТАА «Куфэрак падарожжаў» прапануе вандроўку «Архітэктурная спадчына і культурныя ляндшафты паўночнай Ваўкавышчыны».
У Лёндане – традыцыйны лёнданскі маратон.
У Празе ў клюбе Sasazu канцэрт Ляпіса Трубяцкога. Пачатак а 19-й.
У ГЭТЫ ДЗЕНЬ:
1943 – прагучала паведамленьне бэрлінскага радыё аб знойдзеных у Катыньскім лесе масавых пахаваньнях польскіх афіцэраў.
1963 – у Менску адкрытая канцэртная заля Белдзяржфілярмоніі і ўсталяваны арган.
1981 – Янку Брылю надалі званьне народнага пісьменьніка.
1992 – Беларусь усталявала дыпляматычныя адносіны з Італіяй.
2010 – часовы ўрад Кіргізіі пазбавіў Курманбека Бакіева недатыкальнасьці.
У гэты дзень нарадзіліся:
1743 – Томас Джэфэрсан, трэці прэзыдэнт ЗША (1801-1809). Джэфэрсан быў аўтарам Дэклярацыі Незалежнасьці ЗША (1776) і адным з айцоў-заснавальнікаў амэрыканскай дзяржавы.
1871 – Юры Матулевіч, рымска-каталіцкі рэлігійны дзяяч Заходняй Беларусі і Літвы, блаславёны.
1906 – Сэмюэль Бэкет, ірляндзкі драматург, празаік і паэт, прадстаўнік тэатру абсурду, нобэлеўскі ляўрэат.
У гэты дзень памерлі:
1695 – Жан Дэ Ляфантэн, францускі паэт-баечнік.
ЁСЬЦЬ НАГОДА:
Вербная (а таксама Пальмавая) нядзеля, апошні перадвелікодны тыдзень.
Згодна зь біблейскай гісторыяй, пасьля таго як Ісус Хрыстос уваскрасіў зь мёртвых Лазара ў суботу, на наступны дзень Мэсія ўехаў на восьліку ў Ерусалім. Напярэдадні юдэйскай Пасхі ў горадзе было шмат людзей з усёй Палестыны, якія жадалі ўбачыць Памазаніка Божага. Радасны і ўсхваляваны народ слаў дарогу перад Ісусам маладымі пальмавымі галінкамі.
У нашых шыротах пальму замяніла вярба. У царкве традыцыйна асьвячаюць вербныя галінкі.
Асаблівасьцю Вербнай нядзелі зьяўляецца паслабленьне паста: на працягу дня можна есьці рыбу і ікру, піць віно – гэтыя прадукты забароненыя падчас Вялікага паста.
ЦЫТАТА НА ПАМЯЦЬ:
Ня я б’ю, вярба б'е, за тыдзень – Вялікдзень.
Так традыцыйна прыгаворваюць беларусы, калі пасьцёбваюць адзін аднаго асьвечанай вярбой.