Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Габрэі абвяргаюць словы Пуціна пра фашызм ва Ўкраіне


Ігар Каламойскі
Ігар Каламойскі

Карэспандэнт амэрыканскай New York Times Эндру Хігінс піша з Днепрапятроўску.

Мясцовы рабін Шмуэль Камінецкі мае офіс на версе найбуйнейшага ў сьвеце цэнтру габрэйскай абшчыны. Кожны дзень ён мусіць супакойваць сваю 85-гадовую маці, якая тэлефануе з Амэрыкі і пытаецца: што, пачаліся ўжо пагромы? Рабін раіць маці, каб тая перастала глядзець расейскае тэлебачаньне: «Гэта поўная хлусьня. Габрэям ва Ўкраіне нічога не пагражае».

Хор панікёраў натхніў Уладзімер Пуцін, калі 18 сакавіка падчас прамовы ў Крамлі заявіў, што Віктара Януковіча ў выніку збройнага перавароту скінулі «нацыяналісты, нэанацысты, русафобы і антысэміты», якія працягваюць верхаводзіць ва Ўкраіне.

Але замест панікі найбуйнейшая габрэйская абшчына Днепрапятроўску сьвяткуе: іх чалавек атрымаў найважнейшую адміністрацыйную пасаду.

«Яны зрабілі габрэя губэрнатарам. Што гэта за антысэміты?» – пытаецца Саламон Флакс, старшыня Рады габрэяў-вэтэранаў Вялікай айчыннай вайны. Ён мае на ўвазе прызначэньне губэрнатарам Ігара Каламойскага, які мае ўкраінскі і ізраільскі пашпарты і высьмейвае абяцаньні Крамля абараніць габрэяў, рускамоўных і іншыя нацменшасьці: «Мы можам абараніць сябе самі, нам ня трэба ніякай абароны з боку Расеі. Тут няма ніякага фашызму».

Каламойскі прызнае, што антысэмітызм існуе ў штодзённым жыцьці, аднак не атрымлівае падтрымкі або заахвочваньня з боку дзяржавы, у адрозьненьне ад Расеі, дзе службы бясьпекі талеруюць нэанацысцкія нацыяналістычныя групоўкі з адкрыта антысэміцкімі лёзунгамі. Дзяржаўныя расейскія СМІ рэгулярна вэнтылююць погляды Аляксандра Праханава, рэдактара газэты «Завтра», вядомай плятформы для антысэміцкіх тэорый змовы.

Хаця ён і не асабліва рэлігійны, Каламойскі таксама зьяўляецца прэзыдэнтам Аб'яднанай габрэйскай абшчыны Ўкраіны, і на працягу многіх гадоў спансаруе розныя габрэйскія праекты на мільёны даляраў. Разам з калегам мільярдэрам Генадзем Багалюбавым ён фінансаваў будаўніцтва Цэнтру Мэнора, дзе сярод іншага разьмясьціліся ізраільскае консульства, сынагога, кашэрныя рэстараны, гатэль, дзе датрымліваецца шабат, музэй Галакосту і асацыяцыя вэтэранаў.

У экспазыцыі музэю ўвага акцэнтуецца не на тое, як некаторыя ўкраінскія нацыяналісты супрацоўнічалі з фашыстамі, а на тое, як габрэі дапамагалі ўкраінскім нацыяналістам змагацца супраць Савецкага Саюзу. Да вайны габрэі складалі каля траціны насельніцтва Днепрапятроўску, зрабіўшы яго найбуйнешым цэнтрам габрэйскага жыцьця і культуры ў Эўропе. Цяпер у больш як мільённым горадзе габрэяў ад 30 да 50 тысяч. Гэта невялікая, але даволі энэргічная супольнасьць.

«Гэта ўзор габрэйскага адраджэньня», кажа рабін Камінецкі. Паводле яго словаў, калі ў Кіеве пачаліся антыўрадавыя пратэсты, многія габрэі падтрымлівалі праэўрапейскія лёзунгі Майдану, хаця і непакоіліся адносна ролі правых груповак. Цяпер, кажа Камінецкі, страхі ад нэанацызму сышлі. Антысэмітызм існуе ва Ўкраіне як і паўсюль, але ён не падымае галаву з таго часу, калі Януковіч страціў працу: «Ніхто не баіцца фашызму, але ўсе баяцца вайны з Расеяй», кажа рабін. Ён адзначае, што пасьля пачатку канфлікту пабольшала цікавасьць да эміграцыі ў Ізраіль.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG