Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня, 30 сакавіка: летні час у Эўропе, фэстываль моваў


Падзеі дня ў Беларусі, сьвеце, у гісторыі.

СЁНЬНЯ Ў БЕЛАРУСІ І СЬВЕЦЕ

Эўропа пераходзіць на летні час. Адбываецца гэта заўсёды ў апошнюю нядзелю сакавіка, калі ў 2 гадзіны ночы час пасоўваецца на гадзіну наперад. У Беларусі ўсьлед за Расеяй нядаўна адмовіліся ад завядзёнкі сэзоннай зьмены часу. Вынікам будзе хіба тое, што розьніца паміж Прагай, адкуль вяшчае Радыё Свабода, і Менскам будзе ня 2 гадзіны, як зімой, а толькі гадзіна.

На філялягічным факультэце БДУ сёньня пачнецца ІІ Менскі фэстываль моваў. За адзін дзень яго гасьцям будуць прэзэнтаваныя 45 моваў сьвету. Пачатак а 10:30.

У Сілічах у гарналыжным цэнтры будуць закрываць зімовы сэзон і абацаюць «ураган весялосьці і экстрыму».

Памочнік дзяржсакратара ЗША ў справах Эўропы і Эўразіі Вікторыя Нуланд прыбудзе з аднадзённым візытам у Кішынэў. Напярэдадні Прэм'ер-міністар краіны Юры Лянкэ зрабіў заяву пра «сэрыю правакацый» у Прыднястроўі.
ТАКСАМА Ў ГЭТЫ ДЗЕНЬ

1689 – пакараны сьмерцю Казімер Лышчынскі, філёзаф, пэдагог і грамадзкі дзяяч, які нарадзіўся ў маёнтку Лышчыцы Берасьцейскага ваяводзтва Рэчы Паспалітай. Лышчынскі быў аўтарам трактату «Аб неіснаваньні Бога» (па-лацінску: «De non existentia Dei»). Быў абвінавачаны ў атэізьме і згодна з прысудам, вынесеным у Варшаве, пакараны сьмерцю праз адсячэньне галавы. Рукапіс трактату быў спалены; на сёньняшні дзень вядома толькі пяць невялікіх фрагмэнтаў, знойдзеных у 1957 годзе.

1746 – нарадзіўся Франсыска Гоя, гішпанскі мастак.

1844 – нарадзіўся Поль Вэрлен, францускі паэт.

1853 – нарадзіўся Вінцэнт ван Гог, нідэрляндзкі мастак.

1888 – нарадзіўся Ян Цеханоўскі, нацыянальны дзяяч Заходняй Беларусі, пэдагог, першы дырэктар Наваградзкай беларускай гімназіі. Гімназія ўзьнікла ў 1919 годзе і была закрытая польскімі ўладамі ў 1934-м. Навучаньне ў гімназіі было ўзноўленае ў 1939 годзе пасьля далучэньня Заходняй Беларусі да СССР, працягвалася таксама і пад нямецкай акупацыяй, да лета 1944 году.

1940 – нарадзіўся Аляксей Марачкін, мастак і грамадзкі дзяяч.

1956 – нарадзілася Хрысьціна Лялько, беларуская пісьменьніца.

1971 – Леанід Брэжнеў у дакладзе на зьезьдзе абвясьціў пра стварэньне новай гістарычнай супольнасьці – савецкага народа.

1974 – у Радашкавічах заснаваны завод мастацкай керамікі.

2006 – Прэзыдэнт Польшчы Лех Качыньскі ў знак падтрымкі беларускай дэмакратыі і непрызнаньня прэзыдэнцкіх выбараў прыняў у Варшаве Аляксандра Мілінкевіча з жонкай. Качыньскі назваў Мілінкевіча «героем мінулых выбараў».
ЦЫТАТА НА ПАМЯЦЬ

«Ну добра, ня ўвойдзем. А як будзе ўскладняцца, увойдзем, увойдзем. Але без цябе – ня ўвойдзем».

З тэлефоннай размовы Леаніда Брэжнева зь першым сакратаром ЦК Польскай аб’яднанай партыі Станіславам Канем у ноч з 5 на 6 сьнежня 1980 году.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG