Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«За фанэрнай сьцяной жыве неадэкватны сусед — крымінальнік і алкаш...»


Валянцін Жданко
Валянцін Жданко

Амаль уся пошта, якую мы атрымліваем у гэтыя сакавіцкія дні — пра драматычны пэрыяд гісторыі, які перажывае цяпер народ Украіны.

Востры ўкраінска-расейскі крызіс, анэксія Расеяй тэрыторыі Крыму, махавік міжнародных санкцыяў супраць крамлёўскіх валадароў, які ўсё больш раскручваецца ў сьвеце — усё гэта непасрэдна датычыць і Беларусі, бо з высокай доляй верагоднасьці можа адбіцца на будучыні беларускага народа, на лёсе беларускай незалежнасьці.

Пачну сёньняшнюю размову з аднаго зь лістоў на гэтую тэму. Вось якімі развагамі дзеліцца Юрась Тышчанка з Добрушу:
«Я пішу на ваша радыё вельмі рэдка. Аднак апошнія падзеі ва Ўкраіне выклікалі такое абурэньне, што хочацца выказацца. Бальшавіцка-пуцінскі рэжым выйшаў з-пад кантролю сусьветнае цывілізацыі. Я разумею, што сытуацыя вельмі складаная, аднак ёсьць пакуль шанец захаваць замірэньне паміж пэўнымі бакамі канфлікту. Беларусам трэба таксама вызначыцца, за каго яны ў гэтым канфлікце. Бо ў гістарычным пляне гэта чапляе і нас. Няўжо мы павінны быць хаўрусьнікамі бальшавіцка-пуцінскага рэжыму, які неўзабаве мо й згіне? Гэта значыць, мы — за галечу, якая пануе на Валагодчыне ды на Пскоўшчыне, за агрэсію і бандыцкі захоп чужых тэрыторый? Альбо мы — за сапраўдны росквіт, раўнапраўнае супрацоўніцтва і ўзаемапаважлівыя стасункі паміж Украінай, Расеяй і Беларусьсю? Вось якое пытаньне я хацеў задаць на вашае радыё. Пытаньне складанае, і хацелася б паслухаць на гэты конт розныя меркаваньні».

Адказам на гэтыя, спадар Юрась, пытаньні Радыё Свабода штодня адводзіць шмат і эфірнага часу, і месца на сайце. На тэмы, зьвязаныя з украінскім крызісам — шматлікія рэпартажы, камэнтары, аналітычныя праграмы Свабоды.

Так, вельмі вялікая частка (калі ня большасьць) беларускага грамадзтва зь вялікім спачуваньнем ставіцца да ўкраінцаў і з жахам назірае за палітыкай той краіны, на якую аднабакова ва ўсіх сфэрах арыентуецца Аляксандар Лукашэнка. Адчуваецца, што анэксія Крыму моцна азадачыла беларускага прэзыдэнта. Калі сёньня Расея, не зважаючы на ўсе міжнародныя дамовы і запэўніваньні ў славянскім братэрстве, цынічна акупавала Севастопаль і Ялту, то дзе гарантыя, што заўтра яна не захоча гэтак жа абараняць сваіх суайчыньнікаў у Віцебску і Магілёве? Нездарма такая няўцямная і расплывістая рэакцыя Лукашэнкі на ўсё, што адбываецца вакол расейскай агрэсіі супраць Украіны.
✉ ✉ ✉

Гэтыя ж пытаньні турбуюць і нашага даўняга сябра Ігната Гавенскага з Полацку. У сваім новым лісьце на Свабоду слухач піша:
«Украінцы здолелі прагнаць са сваёй дзяржавы крамлёўскую марыянэтку. І ў адказ маскоўская банда паспрабавала захапіць кавалак Украіны — Крым. Сьмешна было назіраць, як за так званую крымскую „самаахову“ расейская прапаганда намагалася выдаваць спэцназ ГРУ. І вайсковая форма, і зброя, і тэхніка — усё ж расейскае. Дый самі салдацікі ня надта хавалі — адкуль яны ўзяліся на паўвостраве... Цяпер захоплены Крым чакае блякада з боку Ўкраіны. Таксама вядуцца перамовы Украіны з ААН, Эўразьвязам, НАТО... І чым усё гэта можа скончыцца?
А Лукашэнка напалоханы двойчы — і ўкраінскай рэвалюцыяй, і раптоўным уварваньнем Расеі на ўкраінскую тэрыторыю. І яшчэ невядома, што яго палохае болей
Мне здаецца, у нас на вачах лопнуў такі любімы Пуціным і Лукашэнкам міт пра так званы „трыадзіны рускі народ“. Украінцы ўбачылі, чаго насамрэч хоча ад іх „старэйшы брат“ і як да іх ставіцца. Пачаў валіцца расейскі рубель. Няпэўныя пэрспэктывы ў расейскай эканомікі.

А Лукашэнка напалоханы двойчы — і ўкраінскай рэвалюцыяй, і раптоўным уварваньнем Расеі на ўкраінскую тэрыторыю. І яшчэ невядома, што яго палохае болей. Ён жа заўсёды быў так упэўнены, што дастаткова толькі клясьціся ў вернасьці Расеі, душыць усё беларускае — і можна не турбавацца, што Расея заўсёды будзе падтрымліваць яго як прэзыдэнта незалежнай дзяржавы. Аж аказваецца, што гэтая канцэпцыя зусім не такая трывалая».

Так, у Аляксандра Лукашэнкі ёсьць падстава дзеля таго, каб моцна задумацца пра ўласную палітычную будучыню, а таксама пра тое, куды ён завёў беларускую дзяржаву. У сьвеце мала хто чакаў, што Пуцін наважыцца на анэксію чужой тэрыторыі. Надта ж неверагодным выглядала гэта ў сучасным сьвеце. Аж аказалася: імпэрскія вялікадзяржаўныя інтарэсы вышэй і за палітычнае рэнамэ на Захадзе, і за эканамічныя пэрспэктывы, і за дабрабыт уласнага народу. І што цяпер можа стрымаць Пуціна ад таго, каб у адказ на чарговыя просьбы Лукашэнкі пра чарговыя мільярды дапамогі не вярнуцца да сваёй колішняй прапановы пра ўваходжаньне ў склад Расеі — калі ня цалкам, дык шасьцю абласьцямі? Лукашэнка заўпарціцца? А калі яму ўвогуле перастаць даваць танныя газ і нафту і калі ў выніку на працягу некалькіх месяцаў беларуская эканоміка абрынецца? Ці надта будуць упарціцца беларусы, калі ім паабяцаюць расейскія зарплаты ды пэнсіі? Ну, а Лукашэнку ў якасьці адступнога пагодзяцца пакінуць за ім новы палац з залатымі люстрамі. Праўда, сьцяг над палацам давядзецца памяняць. І прэзыдэнцкія «Боінгі» губэрнатару расейскай правінцыі, напэўна, паводле статусу не дазваляюцца. Могуць перасадзіць на які-небудзь «Як-40»...
✉ ✉ ✉

Значныя наступствы для ўсяго сусьветнага парадку прадбачыць у выніку расейскай акупацыі Крыму наш даўні слухач і аўтар Кастусь Сырэль з Ушачаў. У сваім лісьце на Свабоду ён піша:
«Першы раз у маім жыцьці гэта адбылося, калі разваліўся СССР. Мы былі зусім не гатовыя да такой падзеі, нас яна засьпела зьнянацку. Мы былі адначасова разгубленыя і ўсьцешаныя. Мы думалі, што разьехаліся па сваіх уласных кватэрах, што ніхто ня будзе прэтэндаваць на нашу жылплошчу, бо ёсьць Закон. Мы думалі, што вось цяпер зажывём — патроху навядзем парадак пасьля пераезду, выкінем сьмецьце, нешта пафарбуем, паклеім шпалеры. Першы час будзе нялёгка, але было б здароўе, а грошы мы неяк заробім, набудзем мэблю, посуд, новы тэлевізар...

І вось апошнімі днямі высьветлілася, што нікуды мы не разьехаліся. Разьезд па ўласных кватэрах выявіўся мітам, ілюзіяй. Паміж нашымі закуткамі ў камунальнай кватэры толькі паставілі перагародкі з тонкай фанэры, і вечна нецьвярозы бугай-сусед лёгка можа зруйнаваць перагародку, піхнуўшы яе сваім брудным кірзавым ботам, усё ў нашым закутку пабіць-паламаць, а нас — забіць. Таму што для яго, суседа, не існуе Закону. Ён жыве не паводле Закону, а «па паняцьцях», гэта значыць — кіруючыся нейкай «гістарычнай справядлівасьцю», якую сам жа і вызначае. Вось вам і прыклад — адцяпаў у нашай суседкі ладны кавалак кватэры на падставе таго, што сто год таму там жыла ягоная стрыечная прабабулька. Таму, маўляў, гэта ягоная «ісконная» тэрыторыя. Больш за тое — п’яны сусед прыгразіў, што калі хто яму будзе перашкаджаць жыць «па паняцьцях», то ён наагул прынясе каністру бэнзіну і спаліць увесь дом!

Вось такая, шаноўнае спадарства, несуцяшальная алегорыя атрымліваецца. Вы выдатна зразумелі, што і каго я меў на ўвазе. Быў час да анэксіі Крыму, калі я адчуваў сябе хаця б у адноснай бясьпецы. І вось настаў час небясьпекі, час пасьля, калі я дакладна ўсьвядоміў, што за ўсходняй фанэрнай сьцяной жыве неадэкватны сусед — крымінальнік і алкаш, ад якога можна чакаць усяго, чаго заўгодна. Можа і дом спаліць. І ў маёй душы пасяліўся страх.
Хутка будуць пужаць маленькіх дзяцей: «Сьпі, маленькі, бо прыйдзе злы дзядзька-беларус і забярэ цябе ў Расею»
Але гэта яшчэ ня ўсё. Учора па рускай службе Радыё Свабода я слухаў перадачу пра анэксію Крыму. Перадача была з удзелам аглядальніка Радыё Свабода Віталя Портнікава і лідэра партыі «Дэмвыбар» Уладзімера Мілава. Мой слых разанулі словы Віталя Портнікава: «Украина сегодня — это бастион обороны цивилизованного мира перед варварскими полчищами, которые находятся на наших восточных и северных границах».

Каго меў на ўвазе паважаны Віталь Портнікаў, кажучы пра паўночныя межы, няцяжка здагадацца: паўночны сусед ва Ўкраіны адзін — Беларусь. І гэты сусед, на вялікі жаль, у цесным хаўрусе з агрэсіўнай, імпэрскай, крыважэрнай, крымінальнай, бандыцкай Расеяй.

Вось так, шаноўнае спадарства. Намі, беларусамі, ужо пужаюць цывілізаваны сьвет, хутка будуць пужаць маленькіх дзяцей: «Сьпі, маленькі, бо прыйдзе злы дзядзька-беларус і забярэ цябе ў Расею».

У такія дні, спадар Кастусь, шмат празьмерна эмацыйных ацэнак — асабліва з боку тых людзей, для якіх украінская драма — гэта і драма асабістая: як грамадзянаў Украіны, як патрыётаў гэтай зямлі. Таленавіты журналіст і палітоляг Віталь Портнікаў — відавочна, зь ліку такіх людзей. Верагодна, зусім не беларусаў ён меў на ўвазе пад «варварскими полчищами», а — тыя расейскія вайсковыя фармаваньні, колькасьць якіх спакваля павялічваецца ў Беларусі пад ціскам Масквы. Аляксандар Лукашэнка выбудаваў унутраную і вонкавую палітыку Беларусі такім чынам, што супраціўляцца гэтаму ціску проста ня здольны.

Сапраўды, прыклад Крыму паказаў, наколькі эфэмэрнай, прывіднай, умоўнай застаецца незалежнасьць Беларусі ў такой сытуацыі. Аналёгіі з трыццатымі гадамі мінулага стагодзьдзя проста палохаюць. Цешыць хіба тое, што гэтым разам падпісваць новы пакт Молатава-Рыбэнтропа Маскве няма з кім: яна апынулася фактычна ў поўнай міжнароднай ізаляцыі. Зважаючы на эканамічную і тэхналягічную адсталасьць Расеі, застаецца вялікая верагоднасьць таго, што новую гонку ўзбраеньняў і новую халодную вайну агрэсіўны крамлёўскі рэжым проста ня вытрымае.
✉ ✉ ✉

І на заканчэньне — кароткі ліст-падзяка ад Інэсы Яхліель зь Менску:
«Я — пастаянная слухачка Свабоды з 1968 году, з таго моманту, калі атрымала ў падарунак транзыстарны прымач „Нейва“. І хоць у той час слухаць вас было вельмі цяжка, я знайшла ў кватэры такое месца, дзе можна было хоць нешта пачуць — гэта быў ванны пакой. Недзе напрыканцы 80-х гадоў чутнасьць стала амаль нармальная. З тае пары памятаю Васіля Крупскага, Галіну Айзенштат, Марата Дымава. Слухаць вас стала жыцьцёвай неабходнасьцю, таму што вы — гэта праўда, інтэлігентнасьць, дасьведчанасьць, шчырасьць, чысьцюткая беларуская мова.

Вы аддаяце вялікую ўвагу тэме палітвязьняў, за што вам — вялікі дзякуй і нізкі паклон. І прывітаньне ад Мікалая Аўтуховіча: сёньня атрымала ад яго чарговы ліст».

Шчыра ўдзячныя вам, спадарыня Інэса, за цёплыя словы. Разам з вамі радуемся, што ўжо вельмі хутка (8 красавіка) палітвязень Мікалай Аўтуховіч павінен быць вызвалены.


Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду.
Пішыце нам, адрас ранейшы: Менск-5, паштовая скрынка 111.


Праграма «Паштовая скрынка 111» выходзіць у эфір кожную сераду.

Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG