Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Угаворамі агрэсара ня спыніш...»


Валянцін Жданко
Валянцін Жданко

Новая перадача сэрыі «Паштовая скрынка 111». Эфір 19 сакавіка 2014 году

На працягу некалькіх апошніх тыдняў у пошце Свабоды часта гучыць украінская тэма. Аўтары лістоў з трывогай і спачуваньнем назіраюць за драматычным пераломным пэрыядам гісторыі, які перажывае цяпер украінская нацыя. Многія пры гэтым міжволі прымяраюць тыя выпрабаваньні, якія выпалі на долю суседняй краіны, на беларускія рэаліі.

Пачну сёньняшнюю размову з аднаго зь лістоў на гэтую тэму. Наш слухач Анатоль Чачотка зь Менску піша:

«Падзеі ва Ўкраіне — гістарычныя. І павучальныя для нашай часова акупаванай чужымі чыноўнікамі беларускай тэрыторыі. Хочацца верыць, што загляне сонца і ў наша ваконца. Нягледзячы нават на тое, што за 20 апошніх гадоў людзі сталі больш баязьлівымі, нерашучымі, абыякавымі да таго жудаснага стану, у якім апынуліся. Гэты стан, на маю думку, значна горшы нават за той, што быў пры таталітарным савецкім рэжыме. Тады хоць можна было паспрачацца, памарыць. Цяпер нават гэта немагчыма. Людзі баяцца ўголас выказваць свае адносіны да падзеяў, да ўлады. Калі і адважваюцца нешта крытыкаваць — то так, каб ня чуў сусед. Такое, мусіць, было толькі пры нямецкай акупацыі...

Варта вам на Свабодзе больш гаварыць пра тое, чаму беларусам важна інтэгравацца ў Эўропу, чаму ўкраінцы дзеля гэтага нават не пашкадавалі сваіх жыцьцяў. Упэўнены, што толькі з далучэньнем да Эўразьвязу можна будзе гаварыць пра незалежнасьць і свабоду беларусаў. Пакуль жа нам наканавана жыць у цемры, пры дыктатарскім парадку. А што ў такой сытуацыі можна сказаць пра свой лёс і свабоду? Толькі выказаць жаль. Ды яшчэ надзею, што ўсё калі-небудзь зьменіцца да лепшага...»


У сваім лісьце Анатоль Чачотка зь Менску разважае таксама пра стыль працы беларускіх чыноўнікаў, пра тое, наколькі разыходзяцца словы многіх зь іх з рэальным станам спраў. Яшчэ адна цытата зь ліста:

«Часта сачу па тэлебачаньні за нарадамі, якія праводзіць з падначаленымі Лукашэнка. Запомніўся разнос, які ён учыніў за правал дрэваапрацоўкі. Правільны разнос. Многія ягоныя даручэньні не выконваюцца. А мне падумалася: калі загады Лукашэнкі ігнаруюцца, то што казаць пра скаргі ды просьбы простых грамадзянаў? Скажу з уласнага досьведу: іх проста адфутбольваюць. Людзі атрымліваюць тоны адпісак ад тых жа начальнікаў, на якіх, уласна, і скардзяцца. Што гэта за дзяржава, у якой, напрыклад, скарга, напісаная ў Адміністрацыю прэзыдэнта, перасылаецца ў адміністрацыю раёну, на бязьдзейнасьць якой у канкрэтным пытаньні чалавек і скардзіцца?

...Уразіла мяне таксама нарада прэзыдэнта з кіраўнікамі СМІ, падчас якой начальнік аднаго дзяржаўнага тэлеканалу Кісель зь вернападданьніцкім захапленьнем расказваў пра тое, як добра жывецца цяпер ягонай састарэлай маці, як дзякуе яна Лукашэнку за казачнае жыцьцё ў сёньняшняй вёсцы. Зусім магчыма, што Кісель, як высокапастаўлены начальнік, сапраўды наладзіў для сваёй маці казачнае жыцьцё. А вось я ў сваім некалі багатым Карэліцкім раёне чамусьці бачу зусім іншыя вёскі. Напрыклад, у вёсцы Лыкавічы палова хатаў — з забітымі дошкамі вокнамі. Гаспадары паўміралі. Краму зачынілі. Аўталаўка да вёскі пад’ехаць ня можа: дарога разьбітая. Мэдычнай дапамогі дабіцца вельмі цяжка. Такое жыцьцё можа хіба што ў дурным сьне прысьніцца»
.

Перапіска цяперашніх беларускіх чыноўнікаў са звычайнымі грамадзянамі — адметная зьява. Пры Лукашэнку быў уведзены такі парадак: чыноўнік абавязаны ў пэўныя тэрміны даць адказ грамадзяніну на ягоны зварот. За невыкананьне — жорсткая адказнасьць. А вось што будзе паведамлена ў гэтым адказе — пра рэальную дапамогу ў канкрэтнай сытуацыі ці пра тое, што ліст кудысьці перасланы — за гэта чыноўнікі ніякай адказнасьці, па сутнасьці, не нясуць. Ці трэба зьдзіўляцца, што на ўсе свае звароты людзі атрымліваюць своечасовыя афіцыйныя адказы, але пры гэтым значная частка (калі ня большасьць) гэтых адказаў — фармальныя адпіскі, якія нічым людзям не дапамагаюць.

Аўтар наступнага ліста Павал Сац зь вёскі Асавая Маларыцкага раёну таксама зь непакоем назірае за падзеямі ва Ўкраіне. Непакой тым большы, што да ўкраінскай мяжы ад той вёскі, дзе жыве спадар Павал, — усяго некалькі кілямэтраў. Слухач піша:

«З сумам назіраю за тым, што адбываецца вакол Крыму і ўсёй Украіны. Трэба было Вярхоўнай Радзе быць больш асьцярожнай з законам аб мовах, не дражніць Маскву. А цяпер што ж... Расея адабрала шэсьць год таму ў Грузіі Абхазію ды Паўднёвую Асэтыю, адбярэ зараз і Крым ва Ўкраіны. Захад жа за Крым ваяваць ня будзе і ваеннай дапамогі не акажа. Бо надта ж небясьпечна чапаць Маскву: адзін неасьцярожны рух можа прывесьці да глябальнай катастрофы.

Існуе небясьпека, што Масква на Крыме ня спыніцца — пойдзе далей на поўнач, на Хэрсон і Нікалаеў, і на ўсход — Данецк, Харкаў, Луганск. Украіна ўжо сёньня на вачах страчвае гэтыя тэрыторыі — мірным шляхам, без прымяненьня зброі. І што ты з гэтай вялізнай узброенай сілай Расеі зробіш? Угаворамі агрэсара ня спыніш...»


У сваім лісьце Павал Сац таксама выказваецца наконт масавага зносу помнікаў Леніну ва Ўкраіне. У Расеі і Беларусі ўлады з асуджэньнем паставіліся да гэтага. Спадар Павал з гэтай нагоды піша:

«Бач ты, асуджаюць, праклінаюць, кажуць: „Для іх няма нічога сьвятога!“ Знайшлі сьвятога — Леніна! Хочаце маліцца на гэтага ката і забойцу — дык пастаўце ў сябе ў двары і маліцеся. Зрэшты, я хоць і за перанос такіх помнікаў, але — супраць зьнішчэньня. Вось у Літве разумна зрабілі: зьвезьлі ўсе гэтыя помнікі ў адно месца ў парк, зрабілі нешта кшталту музэя. Хочаш паглядзець — калі ласка, купляй білет і глядзі. Ва Ўкраіне таксама трэба было так зрабіць».

Сапраўды, спадар Павал — гэта адначасова і вельмі цікавы музэй скульптуры эпохі камуністычнага таталітарызму, і ў той жа час — даволі пасьпяховы камэрцыйны праект. Думаю, у Беларусі таксама ў свой час паўстане падобны музэй, і будзе значна багацейшы, чым у іншых усходнеэўрапейскіх краінах: помнікі савецкай эпохі ў Беларусі ўсталёўваліся ў вялізнай колькасьці.

Што да Ўкраіны... Закон аб мовах, пра які вы, спадар Павал, згадваеце, ва Ўкраіне вернуты ня быў: выканаўца абавязкаў прэзыдэнта Турчынаў адпаведнае рашэньне Рады не падпісаў. Так што ніхто афіцыйнага статусу расейскай мовы там не адмяняў. Галоўная падстава і прычына расейскай агрэсіі, выглядае, у іншым — у імпэрскім імкненьні крамлёўскіх кіраўнікоў скарыстаць часовую слабасьць усходняй суседкі ды адарваць ад яе кавалак тэрыторыі.

Цікавы ліст пра цяперашнія рэаліі беларускай вёскі даслаў нам Ігар Сімашковіч з пасёлка Ула Бешанковіцкага раёну. Слухач піша:

«Цяпер у вёсцы мясцовым жыхарам фактычна кроку нельга ступіць, каб не парушыць якую-небудзь інструкцыю, прыдуманую аўтарытарным рэжымам. У лес не зайдзі — штраф. Увесну да вады лепш не падыходзь — таксама штраф. Каб нарыхтаваць дровы, трэба не адзін тыдзень паабіваць парогі мясцовых лясьніцтваў. І гэта ў той час, калі ў лесе столькі сухастою, паваленых дрэў — ляжыць і бескарысна гніе. А паспрабуй узяць — аштрафуюць на ўсю катушку. Нават на зарослых саўгасных палях сьсячы якую-небудзь алешыну — забаронена. Паўсюль толькі і рыскае так званая «інспэкцыя» — каб вытрасьці з чалавека апошняе.

Памятаю, даўней людзям нават плацілі грошы за так званую «санітарную» высечку, пры якой чалавек мог і дровы сабе нарыхтаваць, і парадак у лесе наводзіў.

Што цікава, сама дзяржава пры ўсіх цяперашніх забаронах сячэ лес бязьлітасна — направа і налева, цэлымі дзялянкамі. Лесавозы гудуць дзень і ноч. А грошай у казьне як не было, так і няма. Вядома ж, у чыіх кішэнях яны асядаюць.

Адметна, што высечка і нарыхтоўка вядуцца абы-як, шмат драўніны гіне пад коламі, пакідаецца на дзялянках у выглядзе буралому, прападае. І нічога — нікога за гэта не караюць. Вядома: усё навокал панскае, што хачу — тое і вытвараю.

Цяпер вось пайшла мода на яшчэ адзін від эксплюатацыі лесу. Уведзеная так званая арэнда паляўнічых угодзьдзяў — для вузкага кола набліжаных да «вэртыкальшчыкаў» асобаў. Вось і да нас прыяжджаюць чыноўнікі зь Менску і Віцебску на панскія паляваньні. І ім наладжваюць паляваньні, як пры прыгонным праве. Колькі ў нас раней было казуль...А цяпер пастралялі з дарагіх карабінаў.

А ўспомніце, як паўсюль вынішчалі, труцілі дзікоў — нібыта з прычыны афрыканскай чумы. Але ж у нас выпадкаў той чумы ўвогуле не было зафіксавана. Вынішчылі жывёлу проста так, дзеля прафіляктыкі. І каб у мясцовых людзей адабраць таннае мяса.

Апошнім часам мне ўсё больш прыходзіць на памяць малюнак са старога школьнага падручніка — ілюстрацыя да прыгнечанага стану мужыка ва ўмовах прыгоннага права. Там быў намаляваны селянін на адной назе, абутай у лапаць: другую няма куды паставіць, бо вакол усё агароджана, усё — панскае. Мне здаецца, што сёньняшні беларускі селянін — у падобным жа становішчы«
.

Сапраўды, за апошнія два дзесяцігодзьдзі дзяржава ўвяла вельмі жорсткія абмежаваньні ва ўсім, што датычыць паляваньня, рыбнай лоўлі, нарыхтоўкі дроў і нават збору грыбоў і ягад. Прэзыдэнт Лукашэнка ня раз асабіста праводзіў адмысловыя нарады на гэтую тэму, настойваў на ўвядзеньні жорсткіх пакараньняў супраць парушальнікаў і браканьераў... Відавочна, быў разьлік на тое, што, калі ўзяць гэтую сфэру пад жорсткі кантроль, дык можна атрымаць немалы прыбытак.

Але спадзяваньні дагэтуль ня спраўдзіліся. І наўрад ці спраўдзяцца. Замежныя паляўнічыя і рыбаловы масава ў Беларусь не прыяжджаюць. А свае мясцовыя не настолькі багатыя, каб плаціць немалыя грошы за ліцэнзіі. Тым больш што ўсе памятаюць: да Лукашэнкі ніхто ніякіх ліцэнзіяў, каб лавіць рыбу ў сваім вясковым возеры, не патрабаваў. Тым больш абсурдна гэта выглядае ў дачыненьні да збору грыбоў і ягад. Дый да нарыхтоўкі дроў у лясных вёсачках — таксама. Зусім амаральна выглядаюць спробы чыноўнікаў лупіць з чалавека скуру за гэтыя дровы ў той час, калі ўлада нічога не зрабіла, каб правесьці ў гэтую вёску газ ці каб забясьпечыць яе вугалем ці торфабрыкетам.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. З вамі быў Валянцін Жданко. Пішыце нам, адрас ранейшы: Менск-5, паштовая скрынка 111.

Праграма «Паштовая скрынка 111» выходзіць у эфір кожную сераду.

Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG