Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Імпэрыя зьнікла, манія велічы — засталася...»


Валянцін Жданко
Валянцін Жданко

Яшчэ некалькі тыдняў таму гэта выглядала як сцэнар фантастычнага фільму: расейскія войскі ў Крыме; украінцы рыхтуюцца да вайны з Расеяй; а беларускія ўлады ўвогуле маўчаць пра расейскую агрэсію, нібы гэта адбываецца недзе далёка, а не за ўласным парогам. Дый што сказаць, калі гэты агрэсар — найбліжэйшы саюзьнік, а на прыкладзе Крыму лёгка можна ўбачыць цану ўласнай умоўнай незалежнасьці?

Яшчэ некалькі тыдняў таму гэта выглядала як сцэнар фантастычнага фільму: расейскія войскі ў Крыме; украінцы рыхтуюцца да вайны з Расеяй; а беларускія ўлады ўвогуле маўчаць пра расейскую агрэсію, нібы гэта адбываецца недзе далёка, а не за ўласным парогам. Дый што сказаць, калі гэты агрэсар — найбліжэйшы саюзьнік, а на прыкладзе Крыму лёгка можна ўбачыць цану ўласнай умоўнай незалежнасьці?

З тэмы вялізнай напружанасьці, якая пануе сёньня ў адносінах паміж Кіевам і Масквой, пачну сёньняшнюю размову. Вось што піша з гэтай нагоды наш слухач Аляксей Шадзько зь Менску:

«Не разумею, чаму так гістэрычна, нэрвова, агрэсіўна адрэагаваў Пуцін на перамогу рэвалюцыі ва Ўкраіне? Няўжо нельга было спакойна дачакацца выбараў? Відавочна ж, што не было там пасьля рэвалюцыі ні пагромаў, ні перасьледу расейскамоўных, ні іншых страхаў, пра якія дзень і ноч гаворыць расейская прапаганда. У мяне сябар жыве ў Днепрапятроўску. Тэлефаную яму, пытаюся пра жахі, якія вытвараюць бандэраўцы. Ён у адказ рагоча: ні бандэраўцаў, ні пагромаў, ні загадаў гаварыць па-ўкраінску... Усё спакойна і мірна, як і было. Дык навошта ўсё гэта?

Відавочна ж усім, што Януковіч са сваёй хеўрай абрыд усім — і заходнім украінцам, і ўсходнім. Яго ніхто не зьбіраўся абараняць, нават найбліжэйшыя паплечнікі. Уласна, таму ён і ўцёк. І што было б далей, калі б не ўмяшалася Расея? Выбарчая кампанія, новы прэзыдэнт, новая ўлада, якая б немінуча спрабавала наладзіць з Масквой больш-менш прыязныя стасункі. А што цяпер, калі расейскія войскі ўжо фактычна акупавалі Крым? Ясна, што ўкраінцы згуртаваліся супраць акупантаў і гатовыя прагаласаваць і за Эўразьвяз, і за НАТО, абы далей ад Расеі. Дык каму Пуцін зрабіў горш?».

Сапраўды, рэакцыя Пуціна зьдзівіла многіх. Яна паказала, якімі глыбокімі застаюцца імпэрскія карані ў сьвядомасьці цяперашняй расейскай палітычнай эліты. Выглядае, што раптоўнае ўварваньне ў Крым і пагроза інтэрвэнцыі ва ўсходнія і паўднёвыя рэгіёны Ўкраіны — гэта сутаргавая спроба адарваць хоць кавалак ад той здабычы, якая імкліва высьлізгвае з рук і больш ужо ня вернецца. Імпэрыя зьнікла, манія велічы — засталася. Мы назіраем, якое вялізнае значэньне мае для цяперашніх крамлёўскіх лідэраў міт пра іхны прывідны імпэрскі статус. Настолькі вялізнае, што яны гатовыя кінуць на гэты алтар і чалавечыя жыцьці, і свае апошнія рэсурсы, і рэпутацыю ў сьвеце...

Сёньняшнія падзеі ва Ўкраіне ў значнай ступені адлюстроўваюць і лёс беларускай незалежнасьці. Беларусь застаецца, па сутнасьці, расейскім пратэктаратам, і пазбавіцца ад гэтага прыніжальнага залежнага становішча беларусам будзе зусім ня проста.

✉ ✉ ✉

Аўтар наступнага ліста Сяргей Кобрынскі з Кобрыня чарговы раз паведамляе пра некаторыя навіны мясцовага жыцьця:

«У нас у горадзе за апошні час не зьявілася ніводнага новага працоўнага месца. Стаць у чаргу, каб дачакацца працы, можна толькі ў раённую жыльлёва-камунальную гаспадарку — на месца дворніка. Што там за кантынгент — вядома. У асноўным — людзі, якія моцна сябруюць з бутэлькай.

Ёсьць яшчэ крамы прыватных прадпрымальнікаў. Заробак — каля двух мільёнаў за месяц. Ну што гэта цяперашнім часам за грошы? У школах, у вучэльнях таксама плацяць мала, а патрабуюць — многа.

Пэнсіі цяпер практычна ва ўсіх зраўнялі. Ёсьць толькі тры вялікія катэгорыі: адны атрымліваюць каля паўтара мільёна, другія — два, і трэція, самыя заможныя — тры мільёны. Ведаю, што тры мільёны атрымлівае адзін мой знаёмы — былы міліцыянт. Усе яму зайздросьцяць.

Мая пэнсія — каля двухсот даляраў. Гэтага так мала пры цяперашніх коштах... І чаму ўлады так эканомяць на простых людзях? Вось бы чыноўнікам такую пэнсію, як у мяне.

Пакуль што жывем абяцанкамі-цацанкамі. Вы дайце людзям зарабляць сёньня, а не карміце казкамі пра сьветлую будучыню. Дзе тыя 500 даляраў, пра якія трубіць прапаганда? Няма і ў блізкай будучыні ня будзе. Мы ўсё больш і больш заглыбляемся ў тупік. І ці не спасьцігне нас у недалёкай будучыні лёс Украіны? Цяжкія думы... Беларусы пакуль маўчаць ды тужліва лічаць свае капейкі, якіх катастрафічна не хапае, каб дацягнуць да зарплаты ды пэнсіі. Няма ў нас сёньня лідэра, каб вывесьці краіну з тупіка. Трэба ўсё мяняць у корані. Сёньняшні ўрад ні на што ня здольны — у гэтым ужо ўсе пераканаліся. І што нам рабіць?»

Калі верыць афіцыйнай статыстыцы, спадар Сяргей, дык сярэдні заробак у Беларусі ўжо даўно перавышае 500 даляраў. Летась і Лукашэнка, і ягоныя высокапастаўленыя чыноўнікі (у прыватнасьці, віцэ-прэм’ер Пракаповіч) заяўлялі пра намер давесьці сярэдні заробак да тысячы даляраў ужо ў наступным, 2015 годзе. Цяпер, пасьля таго як у студзені гэты паказчык зьнізіўся ў параўнаньні са сьнежаньскім больш як на 10 працэнтаў, пра тысячу даляраў больш ніхто ня згадвае. І тым ня менш... Цяжка сказаць, якімі мэтодыкамі карыстаюцца рахункаводы, якія атрымліваюць гэтыя патрэбныя ўладзе лічбы. Бо ў рэальнасьці ў каго ні спытай — амаль усюды рэальныя заробкі да 500 даляраў нават не набліжаюцца. Асабліва гэта датычыць рэгіёнаў — невялікіх гарадоў і вёсак.

Пры гэтым эканамічная сытуацыя зь месяца ў месяц пагаршаецца, даходы бюджэту падаюць. І няма ніякіх падстаў разьлічваць на тое, што рэальныя заробкі і пэнсіі сёлета будуць падвышацца. Нашмат больш верагодна, што здарыцца адваротнае.

✉ ✉ ✉

Андрэй Кот зь Менску спрабуе вылучыць найбольш характэрныя рысы сёньняшняга беларуса. І прыходзіць да несуцяшальнай высновы:

«Беднасьць — вось што зьяўляецца вытокам многіх характэрных рысаў сучаснага беларуса. Патухлыя вочы, пануры, заклапочаны выраз твару, на якім рэдка бывае ўсьмешка. На працу ідуць як на катаргу. Няма працоўнага ўздыму, заўзятасьці, агеньчыку ў працы...

Куды ні кіне апошнім часам прэзыдэнт свой заклапочаны позірк — усюды кепскія вынікі: і ў дрэваапрацоўцы, і ў будаўніцтве, і на сяле. МАЗы, трактары, тэлевізары — усё не вытрымлівае канкурэнцыі.

Атрымліваецца, што тыповы беларус — кепскі працаўнік?

Беднасьць, пачуцьцё бездапаможнасьці спараджаюць азлобленасьць, агрэсіўнасьць. Больш спрытны і пасьпяховы сусед ці калега выклікае ў беларуса не імкненьне працаваць так, як ён, а — зайздрасьць, злосьць, імкненьне чым-небудзь нашкодзіць яму.
Беларусы вельмі пасіўныя ў грамадзкім жыцьці. Таму ў нас такія малалюдныя апазыцыйныя партыі ды рухі. Затое колькі тых, хто змагаецца за льготы ды іншыя асабістыя «шкурныя» інтарэсы
Беларусы вельмі пасіўныя ў грамадзкім жыцьці. Таму ў нас такія малалюдныя апазыцыйныя партыі ды рухі. Затое колькі тых, хто змагаецца за льготы ды іншыя асабістыя «шкурныя» інтарэсы (чарнобыльцы, аўганцы, афіцэры запасу, адзінокія маці)... Усе хочуць болей зачарпнуць з агульнага катла.

Вельмі шмат сярод беларусаў п’яніц. Вось цяпер за п’янства за рулём адбіраюць аўто — і ўсё роўна п’яных поўна...

Апошнія гады беларусаў хваляць за чысьціню ў гарадах. Я лічу, забясьпечваецца гэта зусім не высокім узроўнем побытавай культуры, а бесьперапыннай працай дворнікаў ды беспрацоўных, якіх змушаюць да грамадзкіх працаў. Прыгледзьцеся, што робіцца ў нас у пад’ездах дамоў ля сьмецьцеправодаў, каля кантэйнэраў са сьмецьцем, каля дачных пасёлкаў, у лясах ля гарадоў, куды беларусы выпраўляюцца на пікнікі...

А якую ганебную зьяву можна назіраць раніцай у чацьвер у вэстыбюлях мэтро, калі там выкладваюць бясплатную гарадзкую газэту! Яе чакае цэлы натоўп беларусаў. Накідваюцца на стосы газэт, як драпежнікі. Хапаюць цэлымі пачкамі. Навошта? Кажуць, што потым прадаюць за грошы. Сорамна становіцца за такіх беларусаў.

...Камусьці не спадабаецца такі партрэт беларуса, падасца крыўдным. Вядома, ня ўсе беларусы такія. Але — многія. І я маю права пра гэта казаць, бо і сам — беларус. Калі ня станем больш крытычнымі ў адносінах да сябе, да сваіх паводзінаў, ладу жыцьця, калі ня зробім прынцыповых высноў — дык і далей застанемся такімі ж. А зьменаў дамагчыся ня так цяжка — грошай дзеля гэтага ня трэба».

Самакрытычны позірк на ўласны стыль жыцьця яшчэ нікому ня шкодзіў. Магчыма, спадар Андрэй, вы і занадта згушчаеце фарбы, але з многімі вашымі назіраньнямі цяжка не пагадзіцца...

Сам ня раз быў сьведкам ранішняй сцэны ў вэстыбюлі мэтро, калі дзясяткі пэнсіянэраў доўга (часам гадзінамі) чакаюць, калі прывязуць бясплатную газэту. Сапраўды, хапаюць яе дзясяткамі і нават сотнямі асобнікаў, вырываюць адзін у аднаго з рук. Дзеля чаго? Кажуць, дзеля бясплатнай праграмы тэлеперадач.

Ледзь ня ў кожным буйным эўрапейскім горадзе падобныя бясплатныя газэты распаўсюднікі ледзь не сілком соваюць у рукі мінакам — ды ня кожны пагаджаецца іх браць.

Чаму па-іншаму ў Беларусі? Так, відавочна, што многае тут тлумачыцца беднасьцю, ледзь не галечай, калі нават нейкія дробязныя капейкі маюць значэньне. Дарэчы, тую ж тэлепраграму нашмат зручней і хутчэй можна праглядаць у інтэрнэце. Але беларускія пэнсіянэры і тут далёка адсталі ад сваіх эўрапейскіх равесьнікаў.

✉ ✉ ✉

І на заканчэньне — кароткі ліст ад Алега Мартысюка зь Менску. Ён згадвае пра тое, як упершыню пачуў беларускую Свабоду ў сярэдзіне 50-х гадоў:

«З 1952 па 1956 год я вучыўся ў Пінску, у электратэхнікуме сувязі. Жыў разам з аднакурсьнікам, які раней працаваў у радыёмайстэрні ў Баранавічах. У яго з сабой быў трафэйны нямецкі радыёпрымач. Вось па гэтым прыймачы восеньню 1955 году мы ўпершыню знайшлі і пачулі беларускую Свабоду. Слухаць можна было не заўсёды: яе яўна глушылі. Казалі, што „глушылка“ стаяла недзе пад Баранавічамі. Вельмі цікава было даведвацца пра жыцьцё людзей за мяжой, на Захадзе. У нас пра гэта фактычна не пісалі і не паведамлялі па радыё. А самі мы тады жылі бедна: мінула толькі 10 год, як скончылася вайна.

Я і цяпер слухаю Свабоду, бо яна паведамляе пра тое, пра што не даведаесься больш нідзе. Мяне і сёньня цікавіць жыцьцё простага чалавека ў розных краінах. Напрыклад, што можна набыць на заробак дворніка ці санітаркі ў шпіталі ў вас у Празе — у параўнаньні з нашай Беларусьсю. Зрэшты, магчыма, гэта цікавіць толькі мяне ды маіх знаёмых?».

Думаю, спадар Алег, гэта — важная тэма, якая цікавіць многіх і многіх людзей, якія жывуць з уласнага мазаля. Такое параўнаньне простых звыклых рэчаў вельмі даходліва і пераканаўча сьведчыць пра тое, наколькі пасьпяхова наладжана гаспадарка ў краіне і наколькі эфэктыўна дзейнічае ўлада. Так што да парады вашай мы абавязкова прыслухаемся.


Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду.
Пішыце нам, адрас ранейшы: Менск-5, паштовая скрынка 111.

Праграма «Паштовая скрынка 111» выходзіць у эфір кожную сераду.

Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG