Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дэпутат ад «Справядлівага сьвету»: «Мы ад Расеі і не адлучаліся»


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Трох дэпутатаў правяла партыя «Справядлівы Сьвет» у сельскія саветы Віцебскай вобласьці. Па Забалоцкім прайшоў Юры Курганаў, Жана Франкова па Зубрэвіцкім і Анатоль Гоцман абраны ў Межаўскі сельскі савет.

За Анатоля Паўлавіча Гоцмана прагаласавала 95,6% выбарцаў у акрузе. «70 чалавек было за мяне, а 3 супраць», — распавядае ён.

Гоцман у дэпутатах ужо чацьвёрты раз. Кажа, што праблемы ў вёсках усе тыя самыя, і нават за ўсе ягоныя тэрміны вырашыць іх канчаткова не ўдалося:

«Людзям трэба, каб машына з прадуктамі даяжджала хаця б да сярэдзіны вёскі. А яна ня можа даехаць, бо дарогі разьбітыя, брудныя. І газавыя балёны таксама зь цяжкасьцю дастаўляюцца, — распавядае ён. — Нават на выбарах паехала машына з урнай па дамах — і тая загрузла».

Галасуюць за Анатоля Паўлавіча як за свайго. Ён родам зь вёскі Шэмберава Аршанскага раёну, што на тэрыторыі Межаўскага пасялковага савету. Да пэнсіі яму пару месяцаў, а працуе ён акампаніятарам у мясцовым доме культуры. Грае на баяне.

Пра апошнія выбары кажа: «Людзі галасавалі «з колаў».

«Не папярэдзілі нікога, запрашэньні не прыйшлі людзям, зьвестак пра кандыдатаў не было, — распавядае ён. — Мне самому ўжо не давалі глядзець, як лічаць. А выніковыя пратаколы ведаю толькі па сваёй акрузе, а па раённых і абласных я ня ведаю. Нават ня вывесілі іх, як трэба».

Як людзі жывуць у ягоным раёне, Гоцман ведае добра. Пэнсіянэры рэдка калі больш за два мільёны атрымліваюць. А хто працуе, можа і паўмільёна атрымаць у месяц.

«Калі ўсё выпрацуеш — часы, выхады, норму — тады „мінімалачку“. Самі ведаеце, якая яна ў нас. Таксама няма двух мільёнаў. А не — дык і паўмільёна толькі. Вось такі расклад».

Пра Ўкраіну землякі Гоцмана «шкадуюць». На пытаньне, ці Крыму не шкада, Анатоль Паўлавіч кажа:

«За Крым гэта, канечне, вельмі ўжо рэзка, але яны самі вінаватыя. Трэба было трымаць уладу ў руках. Ня даць гэтай анархіі. Яно б і не было».

А на пытаньне, ці не баяцца, што давядзецца далучыцца да Расеі, Анатоль Гоцман адказвае:

«Мы і не адлучаліся, мы заўжды з Расеяй. У мяне брат і сястра ў Адэсе. Усе мы славяне, адным словам. У нас ніколі гэтага ні было: ці з Расеяй, ці з Украінай — у нас усё адно было. Я езьдзіў і гора ня знаў. І адны былі грошы, і адно было ўсё. А зараз не магу езьдзіць — усё абы-што».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG