Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гарадзеншчына: людзі ў цывільным затрымлівалі нават на могілках


Бел-чырвона-белыя сьцягі плывуць па Нёмане блізу Мастоў
Бел-чырвона-белыя сьцягі плывуць па Нёмане блізу Мастоў

На Гарадзеншчыне актывістаў у Дзень Волі выклікалі ў міліцыю, перапісвалі прозьвішчы на могілках і забаранілі пікет у Слоніме. А па Нёмане блізу Мастоў у гэты дзень плылі бел-чырвона-белыя сьцягі.

У Смаргоні позвы ў пастарунак атрымалі мясцовыя актывісты Алесь Дзергачоў і Ўладзімер Шульжыцкі. Іх выклікалі ў справе распаўсюду праваабарончага бюлетэня «Смаргонскі грак», які рэдагуе Дзергачоў. На мінулым тыдні Шульжыцкі быў затрыманы ў адным з інтэрнатаў, калі распаўсюджваў бюлетэнь.

Дзергачоў кажа, што міліцыянты добра ведаюць, што нічога незаконнага ў гэтым няма, паколькі бюлетэнь выдаецца накладам у 299 асобнікаў і ніякіх матэрыялаў, якія б былі скіраваныя супраць улады, у ім ня зьмешчана.

Дзергачоў: «Але зразумела, што была мэта — сарваць магчымы мой удзел у менскай акцыі, якая сёньня праводзіцца з нагоды Дня Волі. І калі мне ўчора давалі позву, то я адразу запытаўся — на 25-га? Яны ўхмыляюцца і адказваюць: на 25-га».

Сябры БНФ зь Лідзкага раёну сабраліся сёньня на гарадзкіх могілках, каб ушанаваць памяць сябраў беларускіх партыяў, якія загінулі падчас Другой сусьветнай вайны. На могілках яны запалілі зьнічы і разгарнулі бел-чырвона-белы сьцяг, але неўзабаве да іх падышлі людзі ў цывільным.

Сяргей Трафімчык: «Да нас падышлі людзі ў цывільным. Нас шасьцёра, а іх, мусіць, сямёх — супрацоўнікі невядомых мне пакуль службаў. Абвінавацілі нас у правядзеньні палітычнай акцыі. Запрасілі да машыны, перапісалі дадзеныя і сказалі, што разгортваньне сьцягоў будзе расцэнена як незаконныя дзеяньні. Потым мы паехалі ў Воранава, на магілу да генэрала Кандратовіча, які быў вайсковым міністрам БНР».

У Слоніме актывістам дэмакратычнага руху забаранілі праводзіць пікет у гонар Дня Волі. Мясцовыя ўлады спаслаліся на тое, што ў гэты ж дзень і на гэтым месцы заплянавана іншае мерапрыемства. Іван Шэга, кіраўнік мясцовай арганізацыі БНФ, кажа, што заяўку на пікет яны падавалі за месяц, але гэта, паводле яго, ніяк і ні на што не ўплывае.

На мясцовых актывістаў у слонімскай раёнцы абрынулі мноства абвінавачаньняў. Маўляў, яны нібыта пазрывалі ўлёткі праўладных кандыдатаў у дэпутаты. Іван Шэга кажа, што ніякія аргумэнты ўладамі не ўспрымаюцца, але Дзень Волі актывісты ўсё ж адзначаюць:

«Мы ня будзем парушаць заканадаўства, даваць падставы, каб нас затрымлівалі, бо людзі ўсё ж стаміліся падчас гэтае выбарчае кампаніі, работы было шмат праведзена. Таму мы адзначым сьвята ў такім хатнім фармаце. Думаю, што будзе цікава, паколькі запрасілі цікавых людзей. Дый паглядзець адзін на аднаго, абмяняцца думкамі — гэта таксама будзе цікава ўсім».

А ў Мастах, дзе ўжо даўно не чуваць пра нейкія апазыцыйныя арганізацыі, невядомыя патрыёты адзначылі 25 сакавіка найбольш рамантычна. Яны запусьцілі па Нёмане на адмысловых падстаўках бел-чырвона-белыя сьцягі. Іх пабачылі шмат людзей. Глядзеліся сьцягі на рацэ вельмі прыгожа.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG