Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апошні гешэфт БНР


Сяргей Астраўцоў
Сяргей Астраўцоў

1. «Metropolis»


Гатэль «Metropolis» у Коўне, пабудаваны ў 1899 годзе, дагэтуль стаіць на сваім месцы. У ім апошнія свае гады прабавілі рэшткі ўраду Беларускай Народнай Рэспублікі. У 1923-м канчаткова расплаціліся нямецкімі грашыма за нумар і зьехалі.
«Мэтропаль» пабудовы 1899 году
«Мэтропаль» пабудовы 1899 году

Ён стаіць на рагу Лайсвэс алеі (праспэкт Свабоды) і Даўканта (аўтар праекту – Андрэеў). Кутні цагляны будынак зь вежай «а-ля рус», два паверхі. На першым рэстарацыі, але няма дзьвярэй у «вешбуціс», гатэль. Дзе яны? За рогам! На вуліцы Даўканта, у прыбудаваным у 1925-м трохпавярховым будынку чырвонай цэглы (архітэктар Дубянецкі). Драўляныя дзьверы-круцёлка, адчуваеш сябе нібы ў 1920-х гадах, калі трапляеш у тагачасны вэстыбюль. Лесьвіца, вітраж з гербамі. Другі паверх, на падлозе ходнік з надпісам «Metropolis».
Будынак гатэлю, пабудаваны ў 1925 годзе
Будынак гатэлю, пабудаваны ў 1925 годзе

Я стрыманы звычайна, але мяне перапаўняюць эмоцыі. Направа калідор у самую старую частку гатэлю, дзе жылі міністры БНР у выгнаньні. Некалі шыкоўны гатэль, усяго 27 нумароў, сёньня прапануе сьціплыя, але досыць годныя ўмовы, усяго «дзьве зоркі». У 1922-м гатэль набыло міністэрства ўнутраных спраў Літвы. На будынку дзьве мэмарыяльныя дошкі. На Даўканта: тут жыў намесьнік міністра замежных спраў Бронюс Казіс Балюціс. Дарэчы, якраз у 1922-м, значыцца, сутыкаўся на калідоры зь беларускімі дзеячамі. З 1934-га Балюціс пасол у Вялікабрытаніі і, па сумяшчэньні, у Галяндыі. Пасьля 1940-га імкнуўся захаваць сваю дыпляматычную пляцоўку і залаты запас літоўскага (ужо неіснуючага) ураду. Памёр на эміграцыі, у Лёндане, у 1967-м, «з пачуцьцём выкананага абавязку».
Дзьверы «Мэтропаля»
Дзьверы «Мэтропаля»

З боку Лайсвэс алеі на сьцяне «Мэтропаля» іншая шыльда. Наколькі я зразумеў: у гатэлі загінуў жаўнер Пранас Эймуціс, абараняючы амэрыканскую місію. Здарылася гэта 18 сакавіка 1919 году. Немцы вярнуліся зьнянацку! Нічога ня зробіш: слава героям… Амэрыканская місія ў абы-якім гатэлі не жыла б. У Горадні цераз вуліцу ад мяне гатэль «Раяль» быў, дзе амэрыканцы начавалі ў 1919-м. Таксама бліскучае месца, нядаўна разбурылі, пакінуўшы толькі фасадную сьценку, зрабілі муляж, які выглядае са двара як фінскі шыфэрны дом…
У вэстыбюлі
У вэстыбюлі

2. Ластоўскі


Урад БНР абедаў на першым паверсе. Насупраць вокнаў на Лайсвэс алеі сёньня бронзавы чалавек, якому нехта павязаў шалік. Подпіс: Даніэль Дольскі, ён сьпяваў у рэстарацыі, быў кумірам. У даваенны час «Мэтропаль» рэклямаваўся як самы сучасны і прыгожы гатэль літоўскай сталіцы. Што ж, магчыма тут жылі Крачэўскі, Цьвікевіч ці Ластоўскі. Думкамі, прынамсі першым часам, яны былі ў Горадні, дзе затрымацца ня выйшла, прыйшлі палякі. Апошні горад Бацькаўшчыны, як апошні шанец, быў страчаны.
Вулічная скульптура Даніэля Дольскага, які калісьці сьпяваў у «Мэтропалі»
Вулічная скульптура Даніэля Дольскага, які калісьці сьпяваў у «Мэтропалі»

Я паставіў свой пляцак і прысеў. І што зараз? Чамусьці ўспомніўся першым Ластоўскі. Настальгічныя вершы: «На Каложы ў Горадні» ці гэты, у народным стылі, «На чужыне». Пазьней дома зазірну ў кнігу:

Гэй,
Старана мая, староначка!
Не магу цябе прызабыціся,
І ўночы сплючы, і ўдзень ходзячы:
А я ўночы сплю, ды ня высплюся…

Паклаўшыся, я думаў пра Ластоўскага. І «Гісторыя крыўскай кнігі» і часопіс «Крывіч», адкуль мы студэнтамі перафатаграфоўвалі некалі «Лябірынты» (дзесь у мяне захаваліся), усё тут надрукавана. У лісьце з Коўна (а гэта быў ужо 1924 год) Вацлаў Ластоўскі пісаў: «У цяперашні час, пакуль мы ня маем сваёй дзяржаўнасьці, даводзіцца аб гэтым гаварыць тэарэтычна, але крок па кроку мы прасоўваемся наперад па шляху да незалежнасьці і мы яе набудзем».
Вітраж
Вітраж

3. Нямецкі крэдыт ураду БНР


Я думаў, мне будуць сьніцца вобразы з Ластоўскага, «лябірынты», але не, я проста дрэнна спаў і ня выспаўся. Няўтульнае месца. У мяне няма зьвестак: калі, як доўга, у якіх нумарах і колькі беларускіх урадоўцаў жылі ў «Мэтропалі», але я ведаю, што апошні гешэфт БНР закончыўся менавіта тут. Спыніць чужыя сілы, каб стварыць дзяржаву, ім не ўдалося. Выбіць крэдыт патрапілі, але вядома як даюць: пад свае ж тавары. Ня выйшла атрымаць наяўныя грошы (хітрыкамі ці хай праз хабар), ня выйшла набыць гарматы (хай праз падстаўных людзей), а тым больш наняць войска.

А што ўсё ж атрымалася? Сьмех і сьлёзы! Каб вялікі крэдыт не ператварыўся ў паперкі, заключыць дзелавую дамову зь фірмай IWEG зь Нюрнбэргу (дакумэнты надрукаваныя ў часопісе Arche, N3, 2009). Дзяржаўны праект ператварыўся ў гандлёвы. 1921 год. Немцы дыктуюць умовы: вы бярэце ў нас ня толькі пяць тысяч жаночых туфлікаў, але таксама дзьве тысячы мужчынскіх гарнітураў-троек. Жаночыя па цане сто трыццаць марак за пару, разам – 650 тысяч марак. Яшчэ шэсьцьсот пяцьдзесят даражэйшых – па сто семдзесят, столькі ж каштуюць мужчынскія (шэсьцьсот пяцьдзесят параў), разам за іх – 223000 марак. Мужчынскія гарнітуры немец змушае браць па трыста трыццаць марак. Плюс да гэтага ў сьпісе дарагія гарнітуры, дэмісэзонныя паліто, камбінэзоны, блакітныя рабочыя строі, фланэль на срочкі і сем тысяч параў шкарпэтак.

Але пакуль вайна, немец затаварыўся, таму змушае браць сельгаспрылады: вёдры, рыдлёўкі, сякеры бяз тронка, плугі, бароны. А таксама: сячкарні, сэпаратары, пілы, сярпы, вілы. Урад БНР згаджаецца, нічога ня зробіш. Немцы павінны паставіць вышэй пералічанае на адрас: «Прадстаўніку ўраду Беларускай Народнай Рэспублікі і беларускіх каапэратываў. Коўна, гасьцініца «Мэтраполіс», з надпісам — «груз Б.Н.Р.».

Надалей справа вялася праз дыпляматычную місію ў Бэрліне. Грошы таяць навідавоку: інфляцыя! Беларускі ўрад скардзіцца, што немцы затрымліваюць тавар, прысылаюць яго горшай якасьці. А нейкія рэчы зусім не дастаўленыя, «на чым Урад панёс вялікія страты». Немцы высылаюць у Коўна сваіх правяраючых. Тыя абураныя: нехта тут сам адмыслова псуе тавар!

Беларускія дзеячы схапіліся за галаву: «Урад, панёсшы вялікія страты і ня вытрымаўшы канкурэнцыі, змушаны быў прадаць тавары да валютнай вакханаліі са скідкай ад 40 да 50%, а папяросы (дарэчы, у сьпісе іх не было! – С.А.), якія ніхто і браць з пачатку не хацеў, – нават са скідкай да 70%». Выснова: «валютная вакханалія» і абясцэньваньне нямецкай маркі «дашчэнту зруйнавала і так невялікія фінансавыя запасы Ўраду».
Танцуючая пара – карціна ў гатэлі
Танцуючая пара – карціна ў гатэлі
Уяўляю, як нумар «Мэтропаля», які займае, скажам, Крачэўскі, застаўлены скрынкамі з «гаванамі», якія немагчыма прадаць у маленькай Літве, рынак прадмэтаў раскошы якой перапоўнены. Што рабіць? Што рабіць з гандлёвай брутальнасьці немцаў? Зь іхняй маркай, якая катастрафічна страціла вагу? Урэшце, як адрэагаваць на новы прымус: аплаціць тэрмінова «25 дцт. каляровых стужак і 6 вялікіх алоўкаў на агульную суму – 1400000 марак»?!

4. Якая мэмарыяльная шыльда?


У калідоры «Мэтропаля» сёньня карціна – танцуючая пара ў стылі 1920-х гадоў. Для антуражу. Бліскучая пара. Мне няцяжка ўявіць, што гэта нехта зь дзеячоў БНР, які дазваляе сабе паліць дарагія цыгары і рабіць шыкоўныя падарункі жанчынам.

На сьцяне гатэлю няма памяткі пра наш урад. А, дапусьцім, каб была магчымасьць павесіць: якую б я прыдумаў? «Тут жылі – пералік…» Ці – «падтрымлівалі гандлёвыя сувязі зь Нямеччынай ад імя беларускага народу»? Ня ведаю...
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG