СЁНЬНЯ Ў БЕЛАРУСІ І СЬВЕЦЕ
У Беларусі – асноўны дзень галасаваньня на выбарах у мясцовыя органы ўлады. Папярэдне прагаласавала каля чвэрці выбарцаў. Прадстаўнікоў апазыцыі ў выбарчых камісіях – усяго 23 чалавекі (0,03 працэнта).
Беларусы сьвету пачынаюць сьвяткваньні Дня Волі. У Празе, напрыклад, пройдзе літургія ў царкве сьвятых Кузьмы і Дзям’яна, паніхіда за ўсіх памерлых дачок і сыноў беларускага народу на Альшанскіх могілках (12:30), дзе пахаваныя прэзыдэнты БНР Пётра Крачэўскі і Васіль Захарка.
ГЭТЫ ДЗЕНЬ У ГІСТОРЫІ
1793 – Сэнат Расейскай імпэрыі выдаў указ пра стварэньне Менскай губэрні.
1865 – нарадзіўся Уладзіслаў Сівы-Сівіцкі (Стары Ўлас), паэт, пісьменьнік, зьбіральнік беларускага фальклёру.
1906 – нарадзіўся Ісак Любан, беларускі кампазытар, аўтар славутай песьні «Бывайце здаровы!»
1933 – Адольф Гітлер атрымаў дыктатарскія паўнамоцтвы ад Рэйхстагу Нямеччыны.
1978 – памёр Рыгор Шырма, беларускі харавы дырыжор, грамадзкі дзяяч, у часы Заходняй Беларусі – сакратар Таварыства беларускай школы.
1983 – прэзыдэнт Рональд Рэйган выступіў з гэтак званай Стратэгічнай абароннай ініцыятывай – доўгатэрміновай праграмай навукова-дасьледчых і канструктарскіх працаў. Асноўнай мэтай ініцыятывы зьяўлялася стварэньне навукова-тэхнічнага падмурку для распрацоўкі шырокамаштабнай сыстэмы супрацьракетнай абароны з элемэнтамі касьмічнага базаваньня. Праграма выглядала настолькі неверагоднай, што сродкі масавай інфармацыі (з падачы сэнатара Эдварда Кенэдзі) ахрысьцілі яе праграмай «Зорных войнаў», паводле назову вядомага фантастычнага кінапраекту рэжысэра Джорджа Лукаса.
2006 – удзельнікі намётавага лягеру на Кастрычніцкай плошчы ў Менску пачалі зьбіраць подпісы за перавыбары прэзыдэнта. Лягер узьнік пасьля сфальшаваных выбараў 19 сакавіка 2006 году.
2009 – Менскі міжгарнізонны вайсковы суд адмовіўся прызнаць незаконнымі дзеяньні вайскоўцаў і мэдыкаў падчас прызыву ў войска Франка Вячоркі. Вячорку тады прымусова адвезьлі ў ваенкамат, там зьбілі, надзелі кайданкі і адвезьлі ў вайсковую частку. Уражаньні ад службы паслужылі салдату пазьней для напісаньня сцэнару фільма «Жыве Беларусь!».
ЦЫТАТА НА ПАМЯЦЬ
«Ёсьць у нас такія застарэлыя адносіны: калі вы не вырашыце нашы пытаньні – мы на выбары ня пойдзем. Тут адразу магу сказаць: часы, калі некага ўгаворвалі хадзіць на выбары, даўно ў мінулым».
Лідзія Ярмошына, падчас анлайн канфэрэнцыі на сайце БелТА,
11 сакавіка 2014 году.