ПАДЗЕІ ДНЯ:
У галерэі ЦЭХ (пр-т Незалежнасьці, 58, к.6, праход праз вуліцу Петруся Броўкі) – першы этна-фэст «Сунічны Джэм». Выступяць: Lumiere Tales і тэатар лялек «Дом сонца», Ірэна Катвіцкая, «Сёмуха», Кацярына Пытлева і гурт Soulkitchen, Vuraj, Ceilidh Ceol, «Нагуаль». Пачатак а 18-й гадзіне.
У малой залі Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі – заключны канцэрт X Акадэміі старажытнай музыкі. На канцэрце ансамбаль «Бахаўскі гурток» і Ўладзімер Неўдах прэзэнтуюць юбілейную падборку твораў Карла Філіпа Эмануэля Баха, а таксама некаторыя творы Ёгана Сэбаст'яна Баха і Дытрыха Эвальда фон Гротгуса. Пачатак а 19-й гадзіне. Уваход вольны.
У Нацыянальным гістарычным музэі адчыніцца выстава «Язэп Гашкевіч – дыплямат, навуковец-арыентыст», прысьвечаная 200-годзьдзю з дня нараджэньня знакамітага дасьледчыка Ўсходу. Пачатак а 18-й гадзіне.
ТАКСАМА Ў ГЭТЫ ДЗЕНЬ:
1767 – стварэньне Слуцкай канфэдэрацыі.
1815 – Напалеон, які вярнуўся са ссылкі на выспу Эльба, са сваім войскам уваходзіць у Парыж. Пачатак «ста дзён».
1828 – нарадзіўся Генрык Ібсэн, нарвэскі драматург.
1862 – нарадзіўся Адам Багдановіч, беларускі этнограф, фальклярыст, гісторык, бацька паэта Максіма Багдановіча.
1933 – у Дахаў, у нацысцкай Нямеччыне, пачаў функцыянаваць першы канцэнтрацыйны лягер.
1976 – памёр Уладзімер Дубоўка, беларускі паэт, празаік, перакладчык, крытык.
1977 – нарадзіўся Вадзім Дзевятоўскі, беларускі кідальнік молата.
1988 – у Менску адбыўся мітынг у абарону гістарычнага Верхняга гораду, супраць будаўніцтва станцыі мэтро «Няміга» на месцы Менскага замчышча.
ЦЫТАТА НА ПАМЯЦЬ
Калі падумаю, што ўсё жывое
Красуе на зямлі кароткі міг,
Што сьвет – тэатр, а мы, яго героі,
Ад зор залежым на шляхах сваіх,
Калі падумаю, што людзі, як расьліны,
Жывуць і гінуць з ласкі неба ўсе,
Што поўны сіл юнацкія часіны,
А сталасьць адцьвітаньне нам нясе, –
Тады згадаю я аб тым міжвольна,
Як бродзіць нашай маладосьці сок
І як зьнішчальны час ідзе павольна,
Каб дзень зьмяніць на шэры, хмуры змрок.
Я за цябе іду на час вайною,
Каб аднавіць прышчэпкаю сваёю.
Уільям Шэксьпір, санэт у перакладзе Ўладзімера Дубоўкі