Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Працягваюцца пошукі каля двухсот зьніклых на Майдане


Празь месяц пасьля адхіленьня ад улады Віктара Януковіча актывісты Эўрамайдану ўсё яшчэ шукаюць каля двухсот чалавек, якія прапалі падчас падзеяў на Майдане.

Расьце страх, што мы можам так ніколі й не даведацца, колькі людзей загінула і што дакладна адбывалася ў дні рэвалюцыі. Наш карэспандэнт Том Болмфарт пагаварыў з блізкімі зьніклых.

Фаіна Таран думае, што апошні раз пабачыла свайго сына Івана ў тэлевізіі.

Як і ўсе ўкраінцы, 66-гадовая Фаіна не адрывалася ад тэлеэкрана падчас крывавых сутычак у Кіеве 20 лютага. Выпадкова камэра спынілася на яе 39-гадовым сыне, актывісьце на перадавой лініі абароны.

Двое ягоных таварышаў былі падстрэленыя, і Іван, паранены, кінуўся на афіцэраў «Бэркута». І зьнік у мешаніне шчытоў і дубінак.

Ці Фаіну падманулі вочы? На другі дзень ёй затэлефанаваў Іванаў сябар. «Ваш сын прапаў. Яго захапіў «Бэркут»», – кажа яна дрыготкім голасам, і вочы ў яе напаўняюцца сьлязьмі. З таго часу ніхто яго болей ня бачыў.

Празь месяц пасьля адхіленьня ад улады Віктара Януковіча актывісты Эўрамайдану ўсё яшчэ шукаюць 183 украінцаў, якія згубіліся ў баявым бязладзьдзі рэвалюцыі. За гэтым хаваецца трывожная праўда: сапраўдная колькасьць ахвяраў застаецца невядомай – і магчыма, што пра абставіны гэтых зьнікненьняў мы ўжо ніколі не даведаемся.

Фаіна баіцца найгоршага, але яна так і ня ведае, што здарылася:

«Ведаеце, вельмі цяжка, гэта такі камень. Калі пахаваеш, то ведаеш, што хаця б на могілкі пойдзеш. А так – я ня ведаю, дзе шукаць і на што спадзявацца, і што рабіць. Ня ведаю...»

Горы кветак, сьвечкі і памятныя знакі дагэтуль застаюцца на кіеўскім Майдане Незалежнасьці, тым часам як трывожныя пытаньні застаюцца без адказу. Твар Івана Тарана глядзіць з абвестак аб зьніклых, якія трапечуць пад ветрам. Сотні загіблых і зьніклых прыглушылі пачуцьцё эўфарыі ад выгнаньня Януковіча.

Паводле інфармацыі валанцёрскай ініцыятывы «Эўрамайдан-SOS», якая шукае зьніклых, на 18 сакавіка колькасьць загіблых складала 119 чалавек, у тым ліку 17 міліцыянтаў. «Эўрамайдан-SOS» зарэгістраваў таксама каля 700 чалавек, якія зьніклі ад часу пачатку пратэстаў. Лёс 183 зь іх дагэтуль застаецца невядомы. Працягваюць паступаць новыя паведамленьні пра зьніклых.

І пакуль ня выяўленыя дакладныя факты, на Майдане ходзяць чуткі пра найгоршае. Некаторыя кажуць, што дзясяткі людзей згарэлі зажыва падчас пажару ў Доме Прафсаюзаў. Іншыя цьвердзяць, што некаторыя актывісты былі выкрадзеныя і забітыя, а іх парэшткі спаленыя.

Актывіст «Эўрамайдан-SOS» Назары Баярскі сказаў, што ў пажары ў Доме Прафсаюзаў загінулі пяць чалавек, дадаўшы, што ня можа пацьвердзіць яшчэ горшыя чуткі.

Баярскі заклікаў да асьцярожнага аптымізму што да астатніх зьніклых, нагадаўшы пра добра вядомы выпадак з Дзьмітром Булатавым, які зьнік у студзені і лічыўся мёртвым, аднак знайшоўся праз тыдзень зь сьлядамі катаваньняў.

Ёсьць таксама занепакоенасьць, што з эскаляцыяй сытуацыі на Ўсходзе і Поўдні колькасьць зьніклых будзе расьці. 16 сакавіка ў Крыме зьніклі тры сьвятары Грэка-каталіцкай царквы, якія пасьля знайшліся. Крымскі татарын зьнік, а пасьля быў знойдзены забітым зь сьлядамі катаваньняў.

Баярскі кажа, што ёсьць розьніца паміж рознымі катэгорыямі зьніклых у Кіеве.

Некаторыя зьніклі, бо былі арыштаваныя; іншыя праходзілі лячэньне ў «падпольных» мэдпунктах; некаторыя нават і не падазравалі, што яны «зьніклі», і працягвалі нармальнае жыцьцё. Ёсьць яшчэ невялікая колькасьць зьніклых, якія ня маюць дачыненьня да падзеяў на Майдане.

Аднак большасьць зьнікненьняў зьвязаныя з Майданам. 38-гадовая цырульніца Сьвятлана Белавусава з Умані, Чаркаская вобласьць, паведаміла, што апошні раз чула пра свайго стрыечнага брата Андрэя Самойленку, 52-гадовага кіеўскага настаўніка, 25 студзеня, калі ён сказаў, што ідзе на Майдан.

Ён пакінуў дома пашпарт, і ад таго часу не выходзіў на тэлефонную сувязь, што для яго вельмі нехарактэрна.

Выпадак з Іванам Тараном сьведчыць пра нешта страшнейшае.

На гэтым тыдні Фаіна Таран і яе 18-гадовая ўнучка Наташа трэці раз прыехалі з родных мясьцінаў у Ровенскай вобласьці, каб даць інтэрвію на тэлевізіі і дапамагчы ў пошуках Івана. Яны разьмясьцілі ягоную фатаграфію на білбордах у цэнтры Кіева. Фаіна цяпер даглядае за трыма Іванавымі дзецьмі – 18-гадовай Наташай, 15-гадовым Аляксандрам і 12-гадовай Марынай – у беднай вёсцы Квітнёвае:

«Я спадзяюся, і днём і ноччу спадзяюся, што ён жывы, што ён вернецца, што яго дапамогуць знайсьці... Ня ведаю...»
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG