Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хто такі Дзьмітры Фірташ і за што яго арыштавалі


Дзьмітры Фірташ
Дзьмітры Фірташ

Аўстрыйская паліцыя арыштавала 48-гадовага ўкраінскага алігарха Дзьмітрыя Фірташа.

Бізнэсмэн арыштаваны ў Вене на запатрабаваньне амэрыканскага ФБР. Фірташ падазраецца ў датычнасьці да стварэньня арганізаванай злачыннай групы. Пад сьледзтвам ФБР ён з 2006 году.

Фірташ займае чацьвёртае месца ў рэйтынгу самых багатых людзей Украіны, мае 3,327 мільярда даляраў.

У сярэдзіне 2000-х Фірташ стаў адным з уладальнікаў кампаніі «РосУкрЭнерго» — пасярэдніка паміж Украінай і «Газпромам» у пастаўках блакітнага паліва ва Ўкраіну і ў некаторыя краіны Эўрапейскага Зьвязу.

Прэса зьвязвала Фірташа зь бізнэсмэнам Сямёнам Магілевічам, які фігуруе ў сьпісе найбольш шуканых ФБР асобаў.

У МУС Украіны ў чацьвер заявілі, што Кіеў да затрыманьня Фірташа ня мае ніякага дачыненьня. Між тым у Генпракуратуры адзначылі, што высьвятляюць, хто зь бізнэсмэнаў мог папоўніць свае даходы за кошт дзяржаўных сродкаў.

Пра карупцыйныя бізнэс-схемы Фірташа, завязаныя на цесных сувязях з украінскім і расейскім кіраўніцтвам, піша журналіст выданьня «Українська правда» Сяргей Лешчанка.

На вялікую газавую арбіту Фірташ выйшаў разам з прыходам Юрыя Бойкі да кіраўніцтва «Нафтогаза», а Сяргея Лёвачкіна — на пасаду першага памочніка прэзыдэнта Кучмы. Тады пастаўшчыком сярэднеазіяцкага газу для Ўкраіны стала створаная Фірташам напалову фіктыўная фірма «Eural Trans Gas».

Калі вакол малазразумелай канторы «Eural Trans Gas», дзе асядала вялікая пасярэдніцкая маржа, падняўся шум у прэсе, на месца «Eural Trans Gas» прыйшла кампанія «РосУкрЭнерго». Яна павінна была да 2028 году пастаўляць туркмэнскі газ ва Ўкраіну. «РосУкрЭнерго» была зарэгістраваная ў кватэры жылога дома ў швайцарскім горадзе Цуг. Заснавальнікамі ў прапорцыі 50 на 50 сталі даччыная кампанія расейскага «Газпрома» і невядомыя акцыянэры, шырмай для якіх служыла аўстрыйская кампанія «Raiffeisen Investment» на чале з мэнэджэрам банку Вольфгангам Путчэкам.

Пасьля ўладальнік другой паловы, венская фірма «Centragas», раскрыла склад заснавальнікаў — гэта былі кіпрскія кампаніі «Morottix Trading Limited» (90%) і «Grenar Enterprises Limited» (10%). Калі за «РосУкрЭнерго» адназначна стаяў Фірташ, то каму належыць мінарытарны пакет, так і засталося загадкай.

Дзейнасьць «РосУкрЭнерго» па пастаўках газу ва Ўкраіну, Польшчу, Славаччыну і Вугоршчыну прыносіла немалыя даходы. Ёсьць пратаколы сходаў акцыянэраў «Centragas Holding», на якіх разьмяркоўваліся дывідэнды, паводле стану на сакавік 2010 году астранамічныя — 285 мільёнаў эўра.

Схема «РосУкрЭнерго» запрацавала ў апошні год прэзыдэнцтва Кучмы, але і пасьля Аранжавай рэвалюцыі Фірташ хутка знайшоў агульную мову з новай уладай: цешча прэзыдэнта Юшчанкі прыбыла на інаўгурацыю самалётам, аплачаным кампаніяй Фірташа.

І хоць Юшчанка доўга пераконваў, што ня ведае, хто ўладальнік «украінскай» долі «РосУкрЭнерго», гэта не перашкодзіла ўраду Юрыя Еханурава ня толькі пакінуць за кампаніяй пастаўкі газу з Цэнтральнай Азіі, але і вывесьці яе з 2006 году на ўнутраны рынак, замяніўшы дзяржаўны «Нафтагаз». У тыя гады пасярэднік «РосУкрЭнерго» ня меў іншага сэнсу існаваньня, акрамя зарабляньня карупцыйных грошай для палітыкаў.

Праблемы ў Фірташа ўзьнікалі, толькі калі ён быў няздольны знайсьці агульную мову зь Юліяй Цімашэнкай — ён нават прапаноўваў арыштаваць яе ў аэрапорце пасьля падпісаньня газавага кантракту з Пуціным. Але яму ўдалося вярнуць канфіскаваны яе ўрадам газ пасьля перамогі Януковіча. Газавы алігарх быў адным з галоўных спонсараў ягонай кампаніі, да апошняга пераконваючы не ісьці зь Цімашэнкай у «шырокую кааліцыю».

Сам Фірташ у коле давераных асобаў Януковіча ў свой час прызнаваў, што Януковіч — уладальнік 50 адсоткаў усяго, што Фірташ набыў пасьля абраньня таго на прэзыдэнта. Цікава, што калі Януковіч адзіны раз паказаў свой працоўны стол у Межыгор’і, то журналісты ўгледзелі на ім раздрукоўкі, якія тычыліся актываў Фірташа. А канал «Інтэр», уладальнікам якога стаў Фірташ, на працягу чатырох гадоў прэзыдэнцтва Януковіча, за выключэньнем некалькіх месяцаў «адлігі», служыў галоўным прапагандысцкім рупарам улады.

Украінскія экспэрты лічаць, што арышт бізнэсмэна Дзьмітрыя Фірташа паўплывае ня толькі на ўкраінскі бізнэс, але і на палітычную і мэдыйную сытуацыю ва Ўкраіне.

Так, украінскі палітоляг Уладзімер Фясенка кажа, што гіпатэтычна арышт Фірташа паводле ордэру ФБР можа быць зьвязаны з крымскім крызісам і спробай ЗША націснуць на Расею.

«У прынцыпе, Фірташ публічна выступаў за адзінства краіны, супраць сэпаратызму. Але хто ведае, ці не было нейкай двайной гульні? Гэта такі палітычны кантэкст, які, магчыма, не зьяўляецца прамой прычынай, але ён мог спрыяць расьсьледаваньню іншых сур’ёзных спраў Фірташа», — кажа Фясенка ў камэнтары Радыё Свабода.

Уладзімер Фясенка таксама лічыць, што арышт Дзьмітрыя Фірташа ў Аўстрыі можа быць сур’ёзным сыгналам для іншых прадстаўнікоў буйнога бізнэсу, прычым ня толькі ва Ўкраіне, але і ў Расеі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG