Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Каінава братэрства


Міхась Скобла
Міхась Скобла
«І сказаў Каін Авелю, брату свайму: хадзем у поле. І калі яны былі ў полі, паўстаў Каін на Авеля, брата свайго, і забіў яго» (Быцьцё, 4:8). Першае ў гісторыі чалавецтва забойства было ўчыненае з-за дробязі: дар Авеля прыйшоўся больш даспадобы Богу, чым дар Каіна. Факт братазабойства знайшоў сваё адлюстраваньне ў шматлікіх творах мастацтва, спарадзіў крылатыя выразы: каінава пячатка і г. д. Набыў, адным словам, шырокую вядомасьць.

Чамусьці падрабязнасьці гэтай біблейскай гісторыі заўсёды выклікалі куды меншую цікавасьць. Ну вось, напрыклад, чым Каін забіў Авеля?

Славуты ілюстратар Бібліі Густаў Дарэ паказвае Каіна зь нейкай невыразнай ламачынай. Ды і забойства адбываецца відавочна ня ў полі, а ў нейкім змрочным, зарослым хмызьняком яры.

На карціне Аляксея Марачкіна «Каін і Авель» старэйшы брат забівае малодшага штылетам, які, папраўдзе кажучы, не зусім спалучаецца з набедранымі павязкамі сыноў Адама і Евы.

У кагосьці зь беларускіх паэтаў мне сустрэліся радкі: «Ох і лёгкі у Каіна нож, / ох і цяжкі у Каіна грэх!».

Мастак, вядома ж, мае права на фантазію, на свой, сучаснай мовай кажучы, відэашэраг у асэнсаваньні біблейскага сюжэту. Але калі трымацца першакрыніцы, то сьмерцяноснай зброяй Каіна была звычайная асьліная сківіца. Што трапілася пад руку зайздросьніку, тым і ўдарыў.

Наўрад ці гэтая старазапаветная трагэдыя і праз тысячы гадоў захавала б сваю прыцягальнасьць, каб у тым бязьлюдным полі насьмерць сышліся ў двубоі проста араты і проста пастух. Але адбылося братазабойства, якое мусіў не дазволіць, не дапусьціць голас крыві. Мусіў не дапусьціць, але дапусьціў.

Біблейскія тэксты не павінны ўспрымацца літаральна, гэта хутчэй павучальныя прыпавесьці, якія лёгка накладаюцца і на сучаснасьць. За прамінулыя з часоў Каіна і Авеля тысячагодзьдзі брат брата забіваў безьліч разоў. І спадцішка, і на барыкадах грамадзянскіх войнаў, і ў міждзяржаўных закалотах. Да паслугаў братазабойцаў былі і ёсьць цэлыя арсэналы бясконца дасканаленай зброі. Але якой бы сучаснай і эфэктыўнай яна ні была, за ёю ўсё роўна праглядаецца асьліная сківіца.

У контурах устаноўкі залпавага агню «Град» можна заўважыць абрысы асьлінай сківіцы. Драпежныя гарбаносыя МіГі ляцяць, як асьліныя сківіцы. Кожны калашнікаў у руках салдата — як асьліная сківіца. Калі «Град», МіГ і калашнікаў — зброя ў братазабойчай вайне, гэта — асьліныя сківіцы ХХІ стагодзьдзя. Нават тэлевізар можа прыняць абрысы асьлінай сківіцы, калі зь яго няспынным патокам льецца братазабойчая хлусьня.

Гісторыя пра своеасаблівае — Каінава — братэрства міжволі прыходзіць на розум, калі глядзіш фэдэральныя расейскія тэлеканалы, чытаеш афіцыйныя і прыватныя расейскія сайты. Братэрскі народ, брацкая краіна, браты-славяне... А ў тых, хто сьпявае пра братэрскую любоў, з-пад крыса вытыркаецца асьліная сківіца. Менавіта яна зьяўляецца неад’емным атрыбутам расейска-украінскіх адносінаў апошнім часам.

І калі Газпрам, што гарыць сінім полымем, абвяшчае Ўкраіне газават — газавую вайну, — ён таксама ваяўніча трасе над галавой асьлінай сківіцай.

Нават расейскія пісьменьнікі, адкінуўшы старасьвецкія самапіскі і сучасныя ноўтбукі, пабралі ў рукі братазабойчую зброю, пашыхтаваліся ў баявую кагорту і пракрычалі падхалімскую здравіцу свайму галоўнакамандуючаму. Юрый Бондараў і Валянцін Распуцін думаюць, што іх як літаратурных вэтэранаў на перадавую не пашлюць. Памыляюцца, іхная зброя — ўсё тая ж асьліная сківіца, і яна як, злавесны бумэранг, імгненна далятае да Ўкраіны хоць сабе і зь берагоў Байкалу.

Дакладны дыягназ сваім калегам паставіў расейскі празаік Віктар Ерафееў, нават не спрабуючы кагосьці адвесьці ўбок, далей ад тых, хто падхапіў, як ён піша, «вірус імпэрыялізму». Гэта не правакацыйныя прыдумкі злых бандэраўцаў, так расейцы бачаць саміх сябе: «Мы даже не скрываем наше чувство превосходства перед нашим младшим братом, украинцем, или, скорее сказать, хохлом. Мы его зовём к себе как заблудшую овцу, и когда эта овца к нам вернётся, её нужно будет как следует взгреть». Ну і як тут ня крыкнуць «геть!»?

Небясьпечныя вірусы ў нашых кампутарах лёгка выяўляюцца і зьнішчаюцца адмысловымі праграмамі. Але ніякі каспэрскі ня здольны зьнішчыць імпэрскі вірус у сьвядомасьці нашага ўсходняга суседа. Ня Бондараў з Распуціным яго прыдумалі. На вялікі жаль, вірус гэты можна заўважыць шмат у каго з расейскіх клясыкаў. Хто там да нас найбліжэй? Пачытайма позьняга Іосіфа Бродзкага (маці якога, дарэчы, была родам зь Дзьвінска): «Прощевайте, хохлы, пожили вместе — хватит. Плюнуть, что ли, в Днепро, может он вспять покатит». І далей — зьняважліва пра «брехню Тараса». Тут ужо ня вірус, а падазрэньне на доўгі час хаваную форму хранічнай хваробы.

Малы Ося — такую мянушку Бродзкаму дала Ганна Ахматава, якая ў свой час блізка ведала вялікага Осю — Мандэльштама. А што сама Ганна Андрэеўна? У сваіх дзёньніках паэтка пакінула недвухсэнсоўны запіс: «У меня в Киеве была очень тяжёлая жизнь, и я страну ту не люблю и язык. Мамо, ходимо — не люблю». Ці не ад аўтаркі знакамітага «Рэквіема» падхапіў вірус нелюбові да Ўкраіны малы Ося? Падхапіў, каб падгадаваць і пры зручным выпадку пусьціць далей.

А калі зірнуць не далей, а глыбей? Скажам, у стагодзьдзе ХІХ-е, дзе сьвяціла сонца расейскай паэзіі Пушкін? Плямы на сонцы і шукаць ня трэба, яны відны няўзброеным вокам: «Славянские ручьи сольются в русском море...». Верш гэты, «Клеветникам России», быў пакліканы да жыцьця нацыянальна-вызвольным Паўстаньнем 1830 году, пасьля якога імпэрскі вірус проста з падскокам гуляў па ўсёй расейскай літаратуры. Некаторыя паэты захварэлі невылечна, як, напрыклад, Цютчаў: «Так мы под горестной Варшавой / удар свершили роковой, / купили сей ценой кровавой / Росии целость и покой». «Кичливый лях», «орёл презренный, хоть одноплеменный» — гэта тое, што было дазволена цэнзурай, якая, трэба прызнаць, часам стрымлівала сваіх песьняроў. Нават сам цар быў вымушаны на адным з падобных твораў накрэсьліць рэзалюцыю: «Прошу вас поляков не ненавидеть». Падумаць толькі — цар уціхамірваў паэтаў!

Наўрад ці мы прычакаем падобных міралюбных заклікаў ад Пуціна — адносна ўкраінцаў. Наадварот, крамлёўская прапагандысцкая машына гоніць мітынговую хвалю па ўсёй Расеі — ад Уладзівастока да Белгарада і Бранска. Хваля пераліваецца цераз мяжу, і ўжо пад расейскімі трыкалёрамі хвалююцца плошчы ў Харкаве і Данецку. Асабліва хутка распаўсюджваецца імпэрскі вірус там, дзе ёсьць аазісы з адпаведным кліматам — расейскія вайсковыя базы, манастыры РПЦ... Летась я звазіў аднаго замежнага прафэсара-беларусіста ў Жыровічы. Ён выйшаў за манастырскую браму, азірнуўся і паныла прадэклямаваў: «Там русский дух, там Русью пахнет».

Сытуацыя ва Ўкраіне — апошняе папярэджаньне нам, беларусам. Традыцыйныя яшчэ з савецкіх часоў узаемныя прызнаньні ў братэрскай любові чым далей, тым часьцей гучаць як шаманскія камланьні. І хочацца зазірнуць за сьпіну шаману — ці не прыхаваў ён там асьліную сківіцу? Каінава братэрства — вось такая сёньня ў нас з Расеяй ступень сваяцтва. Пра гэта і мой нядаўні верш «Брат», які сёньня па-украінску, у перакладзе крыварожца Дмытра Шчарбіны, гучыць больш актуальна, чым у арыгінале. Але ці надоўга?

Паўтараецца дзіўны абрад,
Што ў фальклёры ня мае назову, —
Кажа прыхадзень мне: — Я твой брат.
Як прагнаць, як адвадзіць назолу?

Я сваяцтву сапраўднаму рад,
Клічу крэўнікаў на пагасьціны.
Ды прыходзіць чужак: — Я твой брат,
І мы жыць у братэрстве павінны.

Мы частуемся, хто чым багат, —
Сваякі па крыві і па духу.
А над вухам ізноў: — Я твой брат...
І той голас, пачуты стократ,
Не прагнаць, як асеньнюю муху.

Дзе б ні быў — на гульбе, ці сяўбе,
Я губляюся, прыхадня стрэўшы.
Ён расказвае мне пра сябе,
Ён адзіны ўжо стаў і старэйшы.

І выкрыквае ўжо як загад,
Ужо зáгрудкі ўзяўшы ў зацішку,
Раз, маўляў, ты малодшы мой брат,
То і слухаць павінен брацішку!

З азіяцкай хітрынкай пагляд,
Пра братэрства сваё не змаўкае...
Дзе асьліная сківіца, брат?
Што ж маўчыш, што імя тваё — Каін?
  • 16x9 Image

    Міхась Скобла

    Міхась Скобла нарадзіўся ў 1966 годзе на Гарадзеншчыне. Скончыў філфак БДУ, працаваў у Міністэрстве культуры і друку, у рэдакцыі часопіса «Роднае слова», у выдавецтве «Беларускі кнігазбор». Сябра СБП і БАЖ.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG