Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зьміцер Галко: Данецк шмат у чым падобны на Менск


У гэтыя дні ва ўкраінскім Данецку знаходзіцца беларускі журналіст, карэспандэнт незалежнай газэты «Новы час» Зьміцер Галко. У размове са «Свабодай» Зьміцер распавёў, чым Данецк падобны на Менск, які тыпаж удзельніка прарасейскіх мітынгаў, і ці бясьпечна ў Данецку чалавеку з журналісцкай картачкай.

Вось як Зьміцер Галко вызначае, што цяпер адбываецца ў Данецку.

Зьміцер Галко: На вайну гэта, на шчасьце, ня цягне. Я б сказаў, што адбываецца палітычнае абуджэньне гораду. Дасюль Данецк быў у палітычным сэнсе абсалютна мёртвым горадам. Тут шмат гадоў не адбывалася ніякіх мітынгаў і пратэстаў, і цяпер сюды дайшла хваля Майдану. Паколькі погляды тут у людзей вельмі розныя, то гэтая хваля дайшла, канечне, не зусім у такім выглядзе, як гэта было ў Кіеве. Але, тым ня менш, я б не сказаў, што гэты прарасейскі пратэст будзе мець нейкія кепскія наступствы. На самой справе тут людзі хочуць прыкладна таго ж, чаго хацелі многія беларусы, якія выходзілі на Плошчу ў 2010 годзе — проста заявіць пра сябе, паказаць, што яны ёсьць, што ў іх ёсьць іншыя погляды і гэтак далей. Пратэсты ня цалкам прарасейскія ўвогуле. Ёсьць частка мітынгоўцаў, якая выступае за нейкую аўтаномію ці больш шырокія правы самога Данбасу, але не хацелі б ні ў якім разе далучэньня да Расеі.

Ганна Соўсь: З вашага досьведу, з размоваў з рознымі людзьмі, якая частка жыхароў Данецку выступае за цэласнасьць Ўкраіны?

Галко: Ніхто гэтага ня ведае нават тут. Учора магла быць магчымасьць візуальна гэта ацаніць. Зьбіраліся два мітынгі, але ўрэшце мітынг за саборную Ўкраіну арганізатары вырашылі скасаваць, каб не справакаваць бойку. Тым ня менш, раней быў мітынг за саборную Ўкраіну, калі мяне яшчэ тут не было, і ён быў такі ж масавы, калі ня больш, як прарасейскі мітынг. Умоўна можна сказаць, што 50 на 50. Я шмат пытаўся ў людзей, якія ў мітынгах ня ўдзельнічалі, а проста гулялі па горадзе: «Што адбываецца зараз ва Ўкраіне? Што гэта за мітынг? За што ён?» І мне проста адказвалі, што ня ведаюць і асабліва ведаць ня хочуць. Гэты горад шмат у чым падобны на Менск. Ён такі ж абыватальскі ў кепскім сэнсе гэтага слова. Мая хата з краю, і мне асабліва ні да чаго няма справы, абы вайны не было. Але як мне сказаў адзін чалавек учора, што, як толькі ступіла нага расейскага салдата на зямлю Ўкраіны ў Крыме, сытуацыя вельмі зьмянілася. І хаця гэта абудзіла нейкую радыкальную прарасейскую частку людзей, але ў цэлым вельмі зьменшыла прарасейскія настроі на паўднёвым усходзе Ўкраіны.

Соўсь: Данецк лічыўся апірышчам Віктара Януковіча і Партыі рэгіёнаў. Наколькі гэта адпавядае рэальнасьці цяпер?

Галко: Тут пра Януковіча ўжо мала хто згадвае. Усе кажуць, што ў прынцыпе яго не падтрымліваюць. То бок, гэта была такая балотная падтрымка, я б сказаў, сьлізкая вельмі, сытуатыўная. Пра яго ўжо ўсе забыліся.

Соўсь: Ці бясьпечна цяпер у Данецку? Ці абараняе вас журналісцкая картачка «Новага часу»?

Галко: На шчасьце, сур’ёзных праблемаў не было, але зусім нядаўна дзіўныя людзі ў парку пасьля таго, як я рабіў самыя звычайныя фотаздымкі, турысцкія можна сказаць, узброеныя людзі з рацыямі патрабавалі дакумэнты і ўсе зробленыя ў Данецку фота. Яны сказалі, што бачылі мяне ўчора каля помніка Шаўчэнку, дзе адбывалася мерапрыемства з удзелам кіраўніка гораду. І таму я зрабіў выснову, што гэта хутчэй за ўсё была ахова кіраўніка гораду. Але інцыдэнт скончыўся добра, яны паглядзелі фотаздымкі, не знайшлі нічога для сябе цікавага і сышлі. Пакуль бясьпечна.

Соўсь: Вы напісалі ў Фэйсбуку: «Страшнавата стаяць у натоўпе, які крычыць «Беркут!». У якіх месцах яшчэ вам было страшнавата?

Галко: Пакуль больш нідзе. Насамрэч гэта вельмі спакойны горад у цэлым. Але ў натоўпе сапраўды было страшна, бо, па-першае, асноўны тыпаж удзельніка ўчорашняга прарасейскага мітынгу — гэта малады чалавек ці чалавек сярэдніх гадоў, вельмі крэпка зьбіты, суворы. І таму, калі яны пачынаюць крычаць «Беркут!» ці «Расея!», сапраўды, ня вельмі ўтульна. Асабліва калі выскачыў на дарогу чалавек і спыніў аўтамабіль, які ехаў з украінскім сьцягам, і проста плюнуў у шкло і ўдарыў кулаком. Але гэта быў адзіны вельмі непрыемны інцыдэнт.

Соўсь: З вашага досьведу, як ва ўсходняй Украіне ставяцца да Беларусі, да беларусаў?

Галко: Як ня дзіўна, не было ніякай асаблівай рэакцыі. Звычайна пачынаюць пра Лукашэнку пытацца, тут нічога такога не было. Хаця мяне прымалі за чалавека з Расеі, пакуль я не прадстаўляўся. Напэўна, таму, што ў мяне акцэнту няма адрозна ад мясцовых жыхароў, якія маюць абсалютна ўкраінскую мэлёдыку мовы. Паколькі ў мяне такога акцэнту няма, прымалі за расейца.

Соўсь: І як да расейца ставіліся?

Галко: На прарасейскім мітынгу, натуральна, пазытыўна. А нэгатыўнага стаўленьня я ня бачыў. Дарэчы, масквіч, які жыве са мной у адным пакоі, даведаўшыся, што я зь Беларусі, першым чынам, сказаў: «Бацька ваш адмарозіўся». Ён хутчэй нэгатыўна ўспрыняў, бо Беларусь у канфлікце заняла, як мінімум, нэўтральную пазыцыю.

Соўсь: Ведаю, што вы хочаце паехаць у Крым. Ці лёгка гэта зрабіць?

Галко: Пакуль не зразумела. Учора я хацеў браць квіткі, але квіткі на цягнікі не прадаваліся, продаж скасавалі. Таму я крыху зьмяніў свой маршрут. Яшчэ праедуся па іншых паўднёва-усходніх гарадах, а там ужо буду глядзець, ехаць ці не, але хацелася б, натуральна, у Крым.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG