Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выбары: што лепей — журавель ці сініца?


Многія незарэгістраваныя кандыдаты ў дэпутаты мясцовых саветаў абскарджваюць рашэньні выбарчых камісіяў. Гэта, як паведамілі Свабодзе ў Цэнтральнай выбарчай камісіі, ускладняе падвядзеньне вынікаў рэгістрацыі.

У ЦВК кажуць, што поўная інфармацыя пра рэгістрацыю кандыдатаў зьявіцца на наступным тыдні. А папярэднія вынікі такія — адмоўлена 353 кандыдатам, 93 самі адклікалі свае дакумэнты, зарэгістравана 22 338 кандыдатаў.

Абскардзіць адмову ў рэгістрацыі можна спачатку ў вышэйстаячай выбарчай камісіі. Калі гэты зварот ня дасьць станоўчага выніку, застаецца апошняя інстанцыя — суд.

Гэтым шляхам пайшлі некалькі прадстаўнікоў партыі «Справядлівы сьвет», кажа Свабодзе намесьнік партыйнага старшыні Валер Ухналёў. У Менску так зрабіў, напрыклад, Мікалай Дылько:

Валер Ухналёў
Валер Ухналёў
«Яго не зарэгістравалі таму, што ён нібыта не паказаў свой зямельны ўчастак. Але насамрэч гэта ўчастак не яго, а бацькоў. Цікава, што паводле абсалютна такой жа дэклярацыі Мікалая зарэгістравалі кандыдатам падчас выбараў у Палату прадстаўнікоў у 2012 годзе.

У Гомелі нашага кандыдата Краўчука таксама не зарэгістравалі з-за дэклярацыі. Паводле дадзеных камісіі, ён не паказаў у дакумэнтах свой гараж. Але гэты гараж прададзены яшчэ сем гадоў таму. І кандыдат мае адпаведныя дакумэнты».

Рашэньні па скаргах, якія б яны ні былі, прынцыпова не паўплываюць на тэндэнцыю гэтай выбарчай кампаніі. Чым вышэйшы ровень савету, тым вышэйшая канкурэнцыя. Высокая яна, напрыклад, у менскім гарадзкім і абласных. І наадварот, на ніжэйшых роўнях, кшталту сельскага ці пасялковага, бальшыня акругаў безальтэрнатыўная.

Апазыцыйныя партыі сваіх актывістаў арыентавалі на ровень абласьцей і буйных гарадоў. «А можа, было б лепей зрабіць наадварот?» — пытаюся ў палітоляга Юрася Чавусава:

Юрась Чавусаў
Юрась Чавусаў
«Безумоўна, выбары ў саветы ніжэйшых роўняў — гэта прасьцей. І там ня выключана, што можна перамагчы. Такія выпадкі былі на выбарах 2007 году. А некаторыя кандыдаты нават перамагалі на выбарах у 2010-м. Умоўна кажучы, на выбарах у гарадзкі савет горада раённага падпарадкаваньня кандыдат можа падысьці да кожнага выбарца. І не адзін раз. І тым самым гарантаваць сабе перамогу, зразумела, пры ўмове сумленнага падліку галасоў.

А што тычыцца партыйных інтарэсаў, тут інакш. Калі нармальных выбараў няма, то партыя зацікаўленая ў вылучэньні сваіх прадстаўнікоў у саветы вышэйшага роўню. Гэта дазваляе ахапіць большую колькасьць выбарцаў. То бок для партыі мае значэньне ня шчыльнасьць кантактаў, а шырэйшы ахоп выбарцаў».

Лідзія Ярмошына
Лідзія Ярмошына
Старшыня Цэнтравыбаркаму Лідзія Ярмошына кажа: прынцыповага зьмяненьня аблічча прэтэндэнтаў на мандат дэпутата пасьля рэгістрацыі не адбудзецца. Будуць толькі невялічкія зьмены:

«У нас павялічыцца колькасьць жанчын у той сфэры, якая завецца кандыдацкай і дэпутацкай. Пакуль у нас жанчын толькі 46%, а будзе, мабыць, больш за палову. Думаю, скарачэньне прэтэндэнтаў адбудзецца пераважна праз мужчын. Бо жанчыны заўжды вылучаюцца больш адказна.

Магчыма, павялічыцца і працэнт кандыдатаў, якім менш за 30 гадоў. Цяпер іх толькі крыху болей за 5%».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG