Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выбары: Калякіна і Янукевіча зарэгістравалі кандыдатамі


Старшыня партыі БНФ Аляксей Янукевіч і лідэр партыі «Справядлівы сьвет» Сяргей Калякін афіцыйна зарэгістраваныя кандыдатамі ў дэпутаты менскага гарсавету. Рэгістрацыя завяршаецца ўвечары 20 лютага.

Аднак ужо зразумела, што канкурэнцыя ў Менску будзе найвышэйшая — каля чатырох прэтэндэнтаў на мандат. А вось у рэгіёнах выбары стануць амаль безальтэрнатыўнымі.

З найменшымі стратамі ў дэмакратычным асяродку этап рэгістрацыі прайшлі вылучэнцы ад партыі «Справядлівы сьвет». Гэта адбылося таму, лічыць намесьнік партыйнага лідэра Валер Ухналёў, што была абраная правільная тактыка. Шмат якія вылучэнцы зьбіралі подпісы выбарцаў, але ў камісіі іх не падавалі:

«Мы вырашылі, каб мець меней праблемаў, не падаваць на рэгістрацыю дакумэнты з подпісамі. Усе нашы кандыдаты аформіліся праз партыйнае вылучэньне. І таму ў іх цяжка было знайсьці нешта ня тое».

Дарэчы, і сам Валер Ухналёў зарэгістраваны як кандыдат у Менскі гарсавет.

Грамадзкія арганізацыі, нават калі яны афіцыйна і зарэгістраваныя, адрозна ад партыяў, ня маюць права самастойна вылучаць кандыдатаў у дэпутаты. «Таму ў нас заставаўся толькі адзін сродак — збор подпісаў жыхароў сваіх акругаў, — тлумачыць першы намесьнік старшыні руху „За Свабоду“ Юрась Губарэвіч. — Таму ў нас і ёсьць пэўныя страты»:
Прэтэндэнты могуць паручыцца, што гэта рэальныя подпісы рэальных грамадзян. Аднак, тым ня менш, камісіі адмаўляюць у рэгістрацыі

«Прэтэнзіі — да якасьці сабраных подпісаў. Але ж колькасьць іх на мясцовых выбарах адносна малая. І таму бальшыня зь іх была сабраная рукамі саміх патэнцыйных кандыдатаў. І яны самі могуць паручыцца, што гэта рэальныя подпісы рэальных грамадзян. Аднак, тым ня менш, камісіі адмаўляюць у рэгістрацыі.

Напрыклад. у выпадку Мікіты Семяненкі ў камісіі сказалі так: на думку міліцыі, у бальшыні правераных подпісаў дата падпісаньня зроблена рукамі таго, хто гэтыя подпісы зьбіраў. А трэба, каб дату ставіў той, хто расьпісваецца. Такі прыём вельмі часта выкарыстоўваўся і на папярэдніх выбарчых кампаніях. Але давесьці штосьці ў судзе фактычна немагчыма. Бо звычайна і камісіі, і суды прыслухоўваюцца да пазыцыі органаў унутраных спраў».

Разам з тым прайшлі рэгістрацыю кіраўнік менскага аддзяленьня руху Юрась Меляшкевіч, які балятуецца ў сталічны гарсавет, і сябра арганізацыі, адзін зь лідэраў прадпрымальніцкага руху Алесь Таўстыка, які ідзе ў дэпутаты мясцовага савету ў Мядзельскім раёне.

Моцныя страты панесьлі актывісты дагэтуль не зарэгістраванай Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі. У Віцебску ўлады адмовілі васьмі з 10 прадстаўнікоў БХД.

З моманту афіцыйнай рэгістрацыі кандыдаты ў дэпутаты могуць весьці перадвыбарчую агітацыю. Яна працягнецца да 22 сакавіка ўключна.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG