Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як інфармаваць, каб не нашкодзіць?


бяздомны Юры
бяздомны Юры

Сэрыя рэпартажаў Радыё Свабода пра жыцьцё ў бэтоннай трубе 75-гадовага магілёўскага бадзягі Юрыя выклікала дыскусію ў інтэрнэце.

Аўтары некаторых допісаў папракаюць журналістаў, што тыя толькі пагоршылі жыцьцё бадзягі. Пасьля аднаго з рэпартажаў месца, дзе жыў у цеплатрасе бомж, заварылі жалезнымі трубамі.

Гэта ня першы раз, калі праца журналістаў абарочвалася для герояў лішнімі праблемамі. Так, да прыкладу, раздрукоўкі зь незалежных сайтаў фігуравалі ў справах вязьняў Плошчы і ў справе Алеся Бяляцкага.

Радыё Свабода падае меркаваньні на гэты конт некалькіх экспэртаў і запрашае нашых чытачоў выказвацца ў камэнтарах.

Эканаміст Міхал Залескі: Нельга чапаць чужыя гнёзды


Міхал Залескі
Міхал Залескі
«Я крытычна выказваўся адносна гэтага сюжэту. Вобразна кажучы: нельга чапаць гнёздаў і паказваць іх іншым. Гэта не пытаньне да Радыё Свабода. Гэта агульнае пытаньне журналісцкай этыкі. Ёсьць мяжа, пасьля якой аб’ект альбо інфармацыйная нагода робяцца здабычай іншых.

Мы паказалі твар чалавека на дэманстрацыі. Яго паводле гэтых здымкаў апазналі і арыштавалі. Тут ёсьць далікатныя межы, якія не бяруцца пад увагу журналістамі. А людзі пасьля проста крыўдзяцца.

Другі аспэкт праблемы — нашы ўлады, якія робяць паводле прынцыпу „абы было ціха“. Гэта сталінскі падыход: „Няма чалавека — няма праблемы“.

Я не журналіст і не дарадца журналістам. Але, вобразна кажучы, я бачу: сядзіць у гнязьдзе качка — і хай сабе сядзіць.

Калі мы паказваем такія далікатныя моманты, павінна быць асьцярожнае стаўленьне з улікам абставінаў, дзе мы знаходзімся.

Мы ня ў лесе жывем і не ў Амэрыцы, мы жывем у свабоднай краіне Беларусь, дзе чалавек можа пацярпець ад увагі да ягонай асобы.

Што зрабілі гэтыя дурні? Яны заварылі ўваход у цеплатрасу. Вось хораша зрабілі!

А што рабіць журналісту ў такіх умовах працы? Адлюстроўваць сытуацыю, але не казаць, дзе той бомж хаваецца. Каб мы не маглі пазнаць месца.

Тут прынцып такі, як і ў мэдыцыне: „Не нашкодзіць“.

Але ніводзін чалавек не павінен дакараць сябе за тое, што ён зрабіў. Бо толькі аднаму Богу ведама, што мы робім добра, а што дрэнна».


Журналіст Сяргей Ваганаў: Свабода зрабіла слушна


«Натуральна, можна параўнаць публічную прафэсію журналіста з мэдычнай. Там ёсьць добры прафэсійны прынцып: „Не нашкодзь“.

Але ў дадзеным выпадку наступствы ад рэпартажу — гэта адлюстраваньне адносінаў улады да журналістыкі. Каб журналістыка была ўплывовая, то ўлады б павінны былі зацікавіцца лёсам гэтага чалавека і зрабіць усё, каб яму дапамагчы.

Тое, што зрабіла Радыё Свабода з гэтым сюжэтам, на мой погляд, вельмі слушна.

Прынцып „Не нашкодзь“ павінен існаваць і не адыходзіць на другі плян.

Ёсьць яшчэ адзін прынцып: „Дапамажы“. Вось калі выкарыстоўваць яго, то будзе балянс паміж „Не нашкодзь“ і імкненьнем данесьці інфармацыю.

Не існуе маральных кодэксаў, якія б абавязвалі журналіста дапамагаць сваім героям. Гэта добраахвотная справа.

Калі журналіст піша пра падзеі, а пасьля нехта ягоныя матэрыялы выкарыстоўвае супраць герояў са зламыснымі намерамі, пра такое таксама трэба пісаць.

Журналіст жа ня зможа працаваць, калі будзе ўвесь час думаць, як нехта пасьля скарыстае прадукт ягонай працы ў сваіх мэтах».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG