Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сталкеры Свабоды

Дзяніс Раманюк: «У параўнаньні з бацькам я — гультай»


Дзяніс Раманюк: «У параўнаньні з бацькам я — гультай»
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:05:41 0:00
Наўпроставы лінк

Ён — вядомы выдавец, фатограф, дызайнэр, этнограф, мастак. За свае працы мае шмат міжнародных узнагародаў, але галоўнай справай жыцьця лічыць выданьне творчай спадчыны бацькі, знакамітага дасьледчыка народнай культуры Міхася Раманюка. Дзяніс Раманюк — герой новага выпуску праграмы «Сталкеры Свабоды».

«Вось менавіта гэты фотаапарат, ён сапраўдны, аўтэнтычны, як кажуць этнографы, — першы фотаапарат, які я ў сваім жыцьці ўзяў у рукі. Яго мне ў рукі ўклаў мой бацька Міхась Раманюк у першай нашай экспэдыцыі. Я не магу дакладна сказаць, колькі мне было тады гадоў, але я яшчэ не хадзіў у школу. Ён мяне зусім маленькім узяў у першую экспэдыцыю, і ў першай жа экспэдыцыі ён, хутчэй за ўсё, каб даць мне нейкі занятак, каб я не перашкаджаў яму і нідзе ня лез, паклаў мне вось гэты стары маленькі «Зеніт» і сказаў: «Здымай!» Сам жа ён тады ўжо здымаў на шырокую стужку «Пентаконам».

Здымаць як фатограф я пачаў, навучаючыся ў Віленскай мастацкай акадэміі. І пачаў здымаць у першую чаргу Вільню, але паралельна я здымаў, як усе, відаць, фатографы, і аголеных мадэляў, і натурморты. Шукаў сябе. Але калі глядзець зь сёньняшняга дня на гэтыя здымкі, то рэальна, відаць, мае каштоўнасьць мой віленскі цыкль.

У мяне на руках застаўся рукапіс вядомай бацькавай кнігі «Беларускія народныя крыжы», у якім трошкі бракавала фатаздымкаў да нейкіх разьдзелаў, некаторыя зусім былі недаробленыя. І я паспрабаваў за бацьку запоўніць гэтыя старонкі. З гэтага моманту пачалася мая пэрсанальная экспэдыцыйная дзейнасьць.

Тое, што я бачыў у экспэдыцыях з бацькам, і тое, што ёсьць сёньня, — гэта проста нішто. На жаль. Але ў вандроўках мяне вельмі чаравала прырода, якая ўсё ж такі засталася даволі прыгожай.

Краявід без вады — як хлеб бяз масла.

Сталкеры Свабоды

Сталкеры Свабоды

«Сталкеры Свабоды» — штотыднёвая праграма нашага Радыё. У ёй мы распавядаем пра людзей, якія сілай сваіх перакананьняў, творчай актыўнасьцю, нязломным аптымізмам, глыбінёю веры ў сваё прадвызначэньне ствараюць уласную тэрыторыю свабоды. Героі праграмы — земляробы і інтэлектуалы, адзінокія маці і шматдзетныя бацькі, спартоўцы і эколягі, невядомыя народныя майстры і выбітныя прафэсійныя мастакі, вольныя вандроўнікі і вязьні турмаў — усе тыя, хто штодзённа расшырае вакол сябе ўласную свабодную прастору да межаў уласнае краіны. Штотыдзень па суботах на нашым сайце — «Сталкеры Свабоды».

Усе выпускі «Сталкераў Свабоды»
Альбом «Чарнобыль», які быў выпушчаны да 20-й гадавіны чарнобыльскай аварыі, я лічу найбольш важным у сваім жыцьці, бо гэта ня проста краявідныя здымкі, гэта цэлы вобраз, стан, боль — усё разам. Гэта была і праца складаная, ну, і вынік, я лічу, атрымаўся дастойны.

Зрабіць гэтую кнігу, магчыма, таксама падштурхнуў бацька. Ён сам з Брагінскага раёну. І я яшчэ ў дзяцінстве да аварыі езьдзіў у яго вёску адпачываць летам да сваякоў. Я бегаў басанож па пясчаных палескіх вулачках, краў з чужых садоў яблыкі, дапамагаў на сенажаці — вельмі шмат было ўспамінаў. І ўжо праз шмат гадоў я зноў трапіў туды, ужо ў зону, як фатограф. І калі я ўбачыў джунглі на месцы тых сьцяжынак, па якіх я бегаў, катаўся на конях, мяне гэта так скаланула, што зьявілася жаданьне паказаць гэта ўсяму сьвету.

Мне вельмі не хапае бацькі, яго меркаваньня. Бываюць моманты, што трэба з кімсьці параіцца, каб хтосьці кампэтэнтны быў побач. І яго ўмоўная прысутнасьць у гэтай ягонай, а цяпер маёй майстэрні дае тое, што я ўвесь час папракаю сябе тым, што мала працую ў параўнаньні зь ім, што я гультай у нейкім сэнсе. Магчыма, гэта ня так, але калі бачыш, што зрабіў ён, як зрабіў ён, то здаецца, усё, што раблю я, — гэта яшчэ недастаткова».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG