Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Імёны Свабоды: Міхась Раманюк


Уладзімер Арлоў, Менск Новая перадача сэрыі “Імёны Свабоды”.

Калі хтосьці лічыць, што мае дачыненьне да беларускай культуры і пры гэтым ня ведае імя Міхася Раманюка, значыць гэты хтосьці – чалавек ад нашае культуры бясконца далёкі.

Тое, што рабіў Раманюк – мастацтвазнаўца, мастак і этнограф у адной асобе – мне хочацца назваць словам “подзьвіг”.

Чвэрць стагодзьдзя выкладчыцкай працы ў Беларускай акадэміі мастацтваў. Заснаваньне часопісу “Мастацтва Беларусі”, першым галоўным рэдактарам якога ён быў. Стварэньне сцэнічных строяў для Дзяржаўнага народнага хору і Дзяржаўнага ансамблю танцу Беларусі. Выданьне кніг, паштовак, марак з творамі народнага мастацтва...

Чытаю радкі энцыкляпэдыяў і бачу за імі спадара Міхася ў нязьменным саламяным капелюшы то на яго роднай Брагіншчыне, то на беразе Дрысьвятаў, то над маёй Дзьвіной... Велізарная частка ягонага да крыўды кароткага жыцьця прайшла ў вандроўках па бясконцых беларускіх дарогах. Плёнам гэтых экспэдыцыяў, заўсёды ладжаных за ўласныя грошы, сталі больш за 130 рэканструкцыяў традыцыйных строяў нашых продкаў. Без Раманюковага альбому “Беларускае народнае адзеньне” любая бібліятэка па беларусазнаўстве будзе катастрафічна няпоўнай.

На ягоных выставах нацыянальных строяў у Менску мы адкрывалі для сябе душу прадзедаў. Жыхары Парыжу, Ліёну ды іншых эўрапейскіх гарадоў, дзе таксама зь вялікім посьпехам экспанаваліся гэтыя выставы, адкрывалі для сябе цэлую невядомую краіну...

Сёньня, 3 студзеня, ён мог бы адзначыць усяго 61-ы дзень нараджэньня.

Астатні раз я сустрэў Раманюка ў 1997-м на менскім паштамце і ледзьве пазнаў яго, бо гэта быў ужо не Раманюк, а ягоны цень. Спадар Міхась зразумеў мае пачуцьці і спакойна патлумачыў, што – невылечна хворы і адпраўляе апошнія лісты.

“Завяршаю зямныя справы”, – пачуў я ціхія мужныя словы.

Галоўная зямная справа Раманюка не завяршылася. Яе працягваюць вучні, працягвае сын Дзяніс, таленавіты фотамастак і выдавец. Дзякуючы яму выйшла фундамэнтальная бацькава праца “Беларускія народныя крыжы”. На прэзэнтацыі сябры і калегі казалі пра тое, што гэты ўнікальны альбом яшчэ раз засьведчыў: на будучыні народу, якому служыў Раманюк, крыж ня здолее паставіць ніхто.

Фотагалерэя

michas ramaniuk
Міхась Раманюк у этнаграфічнай экспэдыцыі. 1989 год.

michas ramaniuk
У сваёй майстэрні ў Менску на вул.Ракаўскай. 1980 год.

michas ramaniuk
Міхась Раманюк у Парыжы на Манмартры. 1982 год.

michas ramaniuk
У сваёй творчай майстэрні. 1995 год.

Гл. таксама • Архіў перадачы "Імёны Свабоды"
XS
SM
MD
LG