Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Завезьці расейскіх музыкаў у Лынтупы і звар’яцець


Кадр зь фільму
Кадр зь фільму
Вольга Чайкоўская

17 сьнежня, акурат у Дзень беларускага кіно, адбыўся паказ новага брутальнага фільму Андрэя Кудзіненкі ў ня менш брутальнай атмасфэры. У галерэі сучаснага мастацтва «Ў» сабралася бадай уся беларуская кіношная багема, каб паглядзець «Hard Reboot» з расейскімі музыкантамі «Noize MC» у галоўных ролях і нашым Фёдарам Жывалеўскім з гурту «Голая манашка». Што рабілася з «зоркамі» расейскага шоў-бізнэсу ў беларускіх Лынтупах, чаму наш рэжысэр зьняў фільм пра расейскі бэнд, чаму больш ня хоча зьвязвацца зь «Беларусьфільмам» і пры чым тут Курт Кабэйн — вось пытаньні, у якіх я паспрабую разабрацца.

Жанр новага фільму Андрэя Кудзіненкі, вядомага нам па карцінах «Акупацыя. Містэрыі» (2004) і «Масакра» (2010), вызначыць насамрэч вельмі складана. Але дзеля захаваньня інтрыгі трэба адзначыць, што гэта нешта надзвычай эклектычнае. Здаецца, кожны новы эпізод фільму — ледзь не асобны жанр. І калі б мяне папрасілі ўсё ж вызначыць жанр усёй карціны, то прыйшлося б вычварацца — сюррэалістычна-дакумэнтальны бэкстэйдж-канцэрт-роўд трылер.

«Hard Reboot» — гэта такі сабе псэўдадакумэнтальны жудзік. Музыканты едуць па лесе на машыне невядома куды, сустракаюць дзяўчынку з інфэрнальным сьмехам, якая паказвае ім закінуты хутар недзе ў Беларусі на мяжы зь Літвой (фільм зьнялі беспрэцэдэнтна ўсяго за 11 здымачных дзён недзе ў Лынтупах і навакольных вёсках). На хутары, уласна, музыканты і спыняюцца. Ну і, зразумела, пачынаецца розная чартаўшчына: русалкі, глюкі, размовы пра творчасьць, бухло і бабло, перамяжоўваюцца з выкананьнем песень. Сувязь герояў фільму з музыкай часам можна назваць нават занадта сюррэалістычнай і трошку камічнай. Напрыклад, калі адзін зь іх раптоўна зрываецца зь месца, хапаецца за гітару і быццам па нейкім клічы прыроды ідзе паўголы ў чыстае поле, падыгрываючы на гітары нейкую мэлёдыю... Вельмі hard! Андрэй Кудзіненка альбо так і ня змог пазбавіцца эстэтыкі студэнцкага брутальнага экспэрымэнту, альбо наўмысна ёй карыстаецца.

Супрацоўніцтва Кудзіненкі з «Noize MC» пачалося даўно — зь фільму «Розыгрыш» (2008), які рэжысэр зрабіў пры падтрымцы студыі Паўла Лунгіна, між іншым. З тых часоў Кудзіненка сябруе з гуртом, і калі раней рэжысэр удзельнічаў у яго раскрутцы, то цяпер, калі «Noize MC» стаў дастаткова вядомым, выкарыстаньне Кудзіненкам яго імя ў «Hard Reboot» — таксама неблагі піяр-ход ужо для самога рэжысэра. Здымаць кіно на кінастудыі «Беларусьфільм» Андрэй Кудзіненка больш ня мае аніякага жаданьня. Таму з вытворчасьцю новай стужкі дапамагала, сярод іншых, кінакампанія Аляксандра Дзебалюка «Навігатар», якая, дарэчы, дапамагала рэжысэру і пры «Акупацыі».

«У прынцыпе, вы пабачылі ўжо канчаткова змантажаваны варыянт фільму. Але афіцыйна ён будзе выходзіць разам з альбомам гурту. І адбудзецца гэта, відаць, бліжэй да лета, — распавядае рэжысэр Андрэй Кудзіненка. — Для мяне тэма панк-року вельмі шчыльна зьвязаная з вульгарнасьцю ў кіно, запаветнымі казкамі, фальклёрнай гісторыяй. Усе мае пэрсанажы фальклёрныя, балаганныя».

Пры ўсёй жанравай разнастайнасьці ў «Hard Reboot» ёсьць абсалютна канкрэтны, стылістычна вытрыманы трылерны пэрсанаж — дзяўчынка Ядзя. Яе грае 11-гадовая беларуска Дар’я Лукашэвіч, якая вучыцца ў тэатральнай школе. Менавіта гэтую гераіню музыкі сустракаюць на дарозе. Ядзя — сіротка, яе брат (Курт Кабэйн па-беларуску, якога грае саліст «Голай манашкі») п’е, не прасыхаючы, і Ядзя вымушаная хавацца ад яго — п’янага ды неадэкватнага — у лесе. Потым, вядома, адбываецца пераўтварэньне, і мы разумеем, што Ядзя не такая ўжо бедная, добрая і няшчасная. Зусім наадварот. А брата Ядзі дык і наогул не безь яе ўдзелу чакае лёс Курта Кабэйна (перапрашаю за спойлер, але інакш не растлумачыць). Але да гэтага беларускі Курт яшчэ пасьпявае прасьпяваць па-беларуску — пад акампанэмэнт барабаншчыка «Noize MC» — знакаміты амэрыканскі блюз «Дзяўчынка, дзе ты начавала», які ў свой час сьпяваў лідэр гурту «Nirvana». Вось такі постмадэрнізм.

Сваімі ўражаньнямі ад пабачанага фільму «Hard Reboot» падзяліўся драматург Андрэй Курэйчык, які выконваў адну з роляў у фільме Кудзіненкі «Акупацыя. Містэрыі»:

«Пакуль што ў мяне сумбурнае ўражаньне. Можа быць, з-за таго, што гэта такая форма паўдакумэнтальнага, паўмастацкага кіно. Мне не ва ўсім быў зразумелы сюжэт, я буду праглядаць гэты фільм, каб яго лепш зразумець. Думаю, „Hard Reboot“ ня будуць паказваць у кінатэатрах. І канешне, гэта ня тое традыцыйнае кіно з клясычным сюжэтам, драматургіяй, прафэсійнымі акторамі, якое мы прывыклі бачыць. Тут назіраньне за расейскім калектывам „Noize MC“, які патрапіў у беларускую вёску і... звар’яцеў. Мне асабіста ад „Noize MC“ — ні холадна, ні горача. Я лічу, беларускія рэпэры куды круцейшыя. Той жа Вінсэнт, якога мы здымалі ў „Вышэй за неба“. Але прыхільнікам „Noize MC“ гэтае капаньне артыстаў ў саміх сабе можа даць дадатковы імпульс для разуменьня тэкстаў. Я чую, што тэксты там даволі-ткі складаныя, гэта ўсё роўна паэзія. І праблемы, якія яны ставяць, складаныя і, наогул, для расейскага шоў-бізнэсу незвычайныя».

Бюджэт фільму склаў 50 тысяч даляраў. Але, па словах рэжысэра, дакладна падлічыць суму складана, бо гэта ўсё — «свае грошы». Які пракатны лёс чакае новы фільм беларускага рэжысэра і якой будзе глядацкая рэакцыя, прадказаць таксама цяжка. Хаця, хутчэй за ўсё, аголены Іван Noize MC і музыка гурту зьбяруць пэўную колькасьць гледачоў-фанатаў. А вось што дае гэты экспэрымэнт беларускаму кінэматографу, пакуль не зразумела.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG