Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сяргей Астраўцоў пра літаратуру ў лесе


Сяргей Астраўцоў
Сяргей Астраўцоў
Калі тры дні запар у лясной аграсядзібе на Падляшшы гучыць беларуская мова, чытаюцца мастацкія творы, гэта азначае, што адбываюцца літаратурныя сустрэчы «Бязьмежжа». Пад такой назвай яны існуюць каля дваццаці гадоў.

У 1995-м паміж Беларускім саюзам у Польшчы і музэем Максіма Багдановіча ў Менску было дамоўлена, што беларускія літаратары будуць сустракацца на польскім баку — гэта зрабілі Яўген Вапа і Алесь Бяляцкі. Некалі спатканьні літаратараў адбываліся ў доме творчасьці «Іслач» пад Менскам, але яго больш няма, а на Беласточчыне традыцыю ўдалося замацаваць: днямі ў чарговым «Бязьмежжы» удзельнічалі 29 творцаў і выдаўцоў з абодвух бакоў мяжы.

Адны зь іх належаць да Саюзу беларускіх пісьменьнікаў, другія — да літаратурнага аб’яднаньня «Белавежа» або таксама адначасова і да СБП. Яўген Вапа важка падкрэсьлівае: «Беларусы — гэта свабода, а свабода — гэта літаратура. І незалежна ад таго, дзе яны жывуць, беларусы працягваюць ствараць сваю літаратуру». Але потым вырашае крыху зьмякчыць свой выступ: «У такой бязьмежнай правінцыі, дзе побач ёсьць толькі дзікі, зубры (дарэчы, зуброў мы сапраўды бачылі, калі ехалі ў аграсядзібу „Бора Здруй“), ваўкі і няшмат людзей, можна гаварыць пра літаратуру засяроджана». Ён дадае: «А яна тады мае сэнс, калі свабодная і незалежная і калі ёй ніхто не перашкаджае. І галоўнае, што пра літаратуру мы гаворым як беларусы зь беларусамі, як сябры з сябрамі. Наш абавязак трымацца разам, хоць жывём у розных краінах». І яшчэ адно падабенства — як зазначыў старшыня СБП Барыс Пятровіч: «Мы таксама працуем у іншамоўным асяродку». Толькі ў Беластоку ён, зразумела, польскі, а ў Беларусі — расейскі.

Сакрат Яновіч (памёр сёлета напрыканцы зімы) называў Польшчу краінай дзьвюх літаратураў: польскай і беларускай. І гэта не перабольшаньне, кажа пісьменьнік Міхась Андрасюк. Канечне, другая зь іх ніяк ня можа параўноўвацца па маштабах зь першай. Аднак гэта факт, што толькі беларусы сярод іншых нацыянальных меншасьцяў здолелі стварыць у Польшчы сваю літаратуру, зазначае Андрасюк. Ён апавядае пра літаратурнае аб’яднаньне «Белавежа», якое сёлета адзначае 55 год свайго існаваньня. За гэты час «белавежцы» выдалі 200 кніг. Хаця па падліках пісьменьніцы Міры Лукшы, якая таксама ўдзельнічае ў «Бязьмежжы», лічба нават большая — 230.

Міхась Андрасюк зь першым зборнікам “белавежцаў” “Рунь” (1959)
Міхась Андрасюк зь першым зборнікам “белавежцаў” “Рунь” (1959)


Беластоцкая, канечне, — частка беларускай літаратуры, але адначасова гэта асобная літаратура. Яе пачаткі — у другой палове 1950-х, калі было створанае Беларускае грамадзка-культурнае таварыства ў Польшчы і ў Беластоку стала выходзіць газэта «Ніва». Калі зьявілася беларускае друкаванае слова і патрэба ў тых, хто ўмее і жадае пісаць на беларускай мове. Як у любой іншай, у ёй пачыналася з паэзіі, сталі выходзіць таксама зборнічкі газэтных фэльетонаў, затым — празаічных мініятураў. Гэта былі сьціплыя невялікія кніжкі, але мелі нядрэнны наклад, звычайна 2 тысячы. Сёньня ў «Белавежы» ёсьць і свае празаікі. А Аляксандар Баршчэўскі (паэтычны псэўданім Алесь Барскі) стаў прафэсарам Варшаўскага унівэрсытэту, абараніўшы працу менавіта аб беларускім літаратурным руху ў Польшчы.

Каб «слова прамоўленае» на «Бязьмежжы» пераважала, было б цяжкавата толькі слухаць пісьменьнікаў. Але былі таксама «літаратурныя» рэпартажы з Радыё Рацыя: Віктара Парфёненкі пра гарадзенскага паэта Юрыя Гуменюка, якога заўчасна ня стала сёлета; Міхася Андрасюка — аб старшыні «Белавежы» Яне Чыквіне (паэт, прафэсар Беластоцкага унівэрсытэту). Былі фільмы: Радаслава Дамброўскага пра самага старога «белавежца» Віктара Шведа; Пятра Садзінскага — пра Сакрата Яновіча; Міколы Ваўранюка — пра Георгія Валкавыцкага, доўгагадовага рэдактара «Нівы», літаратурны псэўданім якога — Юрка Зубрыцкі. Ваўранюк таксама прывёз свой фільм аб беларусах Вільні. Дарэчы, Віктар Швед таксама быў на літаратурнай сустрэчы. Ён выглядае вельмі шляхетна і выклікае павагу, толькі што літаратары дзівяцца: паэт друкуе ў кожным нумары «Нівы» па два новыя вершы, але колькасьць часам шкодзіць якасьці.

Вікторыя Трэнас, Барыс Пятровіч, Міра Лукша
Вікторыя Трэнас, Барыс Пятровіч, Міра Лукша


Беластаччане робяць і яшчэ адну агульную для беларусаў справу: інтэрнэт-бібліятэку Каmunikat.org. У ёй сёньня тысячы выданьняў: кніг, часопісаў, газэт. Прычым некаторыя інакш маглі б і не захавацца. Напрыклад, краязнаўчыя ды іншыя, наклад якіх: 299 асобнікаў. Яраслаў Іванюк гаворыць, што «Камунікат» працуе за цэлую інстытуцыю, але дзякуючы таму, што некалі сайт бібліятэкі вельмі ўдала распрацаваў Аляксандар Максімюк, удаецца мэтанакіравана папаўняць «кнігазбор».

Цікавым было пачуць Анджэя Каліноўскага і Пятра Брысача з новага беластоцкага выдавецтва «Суседзі», якое цікавіць менавіта польска-беларускае памежжа. Яны плянуюць выдаць пару кніг пра Горадню. Нядаўна выйшла на польскай мове кніга рэпартажаў зь Беларусі пісьменьніцы Ганны Кандрацюк, якая працуе ў «Ніве», яна ўдзельнічала ў «Бязьмежжы». Кнігавыданьне — справа, фінансава складаная. «Суседзі» пакуль не зарабляюць на літаратуры, але затое і ня маюць неаплачаных рахункаў, кажа Анджэй Каліноўскі.

Алесь Аркуш, які працуе сёньня на Радыё Рацыя, піша вершы і прозу, расказаў гісторыю Таварыства вольных літаратараў, якое стварыў зь сябрамі. І якому сёлета — 20 год. З Горадні было трох удзельнікаў: Павал Мажэйка («Гарадзенская бібліятэка»), Сяргей Астравец (альманах «Новы Замак») і Віктар Сазонаў. Свае творы пад заслону чыталі менчукі: Барыс Пятровіч, Алесь Пашкевіч, Усевалад Сьцебурака, Вікторыя Трэнас.

Віктар Швед, Кася Сянкевіч, Віктар Стахвюк
Віктар Швед, Кася Сянкевіч, Віктар Стахвюк


Калі мы вярталіся дахаты, Радыё Рацыя перадавала аб цяперашніх плянах закрыць беларускую філялёгію ў Беластоцкім унівэрсытэце. Прычына празаічная: няма ахвотных вучыцца, адсутнасьць новых студэнтаў сёлета. Так што зь беларускай мовай на Беласточчыне таксама праблемы. Аднак «белавежцаў» можа цешыць тое, што на «Бязьмежжы» была юная паэтка Кася Сянкевіч, студэнтка зь Любліна.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG