Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пераманьваньне па-беларуску


Анастасія Каліна
Анастасія Каліна

Міжнародны саюз біятляністаў (IBU) вынесе рашэньне адносна легітымнасьці пераходу ў каманду Беларусі расейскай спартоўкі Анастасіі Каліны. Адпаведны запыт накіраваны ад імя Саюзу біятляністаў Расеі.

Расейцы абвінавачваюць 24-гадовую спартоўку, якая ўжо атрымала беларускі пашпарт, а таксама беларускіх функцыянэраў у «закуліснай змове». Між тым, сёньня Каліна ўжо дэбютавала за Беларусь падчас чарговага этапу ў аўстрыйскім Хохфільцэне.

Прадстаўнікі трэнэрскага штабу жаночай зборнай Расеі па біятлёне наракаюць, што Анастасія Каліна паставіла іх перад фактам пераходу пад сьцягі беларускай каманды за два месяцы да зімовай Алімпіяды ў Сочы. Апроч таго, яны падазраюць, што рашэньне памяняць прапіску ў спартоўкі высьпела даўно, аднак яна не адмовілася ад прыстойнай стыпэндыі, а таксама ад кватэры, якую ёй падаравала адміністрацыя роднага Пскова.

Анастасія Каліна дагэтуль не паказвала высокіх вынікаў за расейскую зборную, таму нечаканае рашэньне даць ёй беларускае грамадзянства выглядае не зусім лягічна. Біятлённы аглядальнік газэты «Прессбол» Сяргей Вярсоцкі не выключае, што такім чынам трэнэры вырашылі хоць неяк залатаць дзіры напярэдадні галоўных стартаў чатырохгодзьдзя:

«Такое склалася ўражаньне, што зараз проста ўзьнікла нейкая няўпэўненасьць за магчымы зыход Алімпіяды. Мяркуйце самі: траўма ў Пісаравай, ня вельмі трывалыя пазыцыі ў Калінчык і Дубарэзавай. Атрымліваецца, што папросту „падвісае“ жаночая эстафэта. Відаць, менавіта адсюль сутаргавыя спробы ў якасьці трэцяга ці чацьвёртага нумару гэтую прабоіну закрыць. Прынамсі ў мяне склалася такое ўражаньне. Калі ўзяць тых беларускіх дзяўчат, якія цяпер бегаюць у Кубку IBU — Крыўко, Талкач ці Алімбекаву — то ў праекцыі на Сочы яны, канечне, наўрад ці могуць рэальна дапамагчы нашай камандзе. Таму вырашаецца найперш кароткатэрміновая пэрспэктыва, як залатаць дзіркі, якія ўжо намячаюцца, менавіта на галоўным старце чатырохгодзьдзя».

Расейскі бок запэўнівае, што зробіць усё, каб спыніць перабежчыцу і забараніць ёй выступаць за Беларусь. У Міжнародным саюзе біятляністаў паведамілі, што разгляд справы пачнецца сёньня. Якія шанцы ануляваць беларускі пашпарт Каліны і пакладзены ёй у Беларусі немалы заробак? І чаму ранейшыя перацягваньні расейцаў пад беларускія сьцягі не выклікалі такой балючай рэакцыі? Сяргей Вярсоцкі лічыць, што цяперашняя гісторыя папросту стала апошняй кропляй — за кароткі тэрмін Беларусь і Ўкраіна «прыватызавалі» паўтара дзясятка біятляністак:
Папросту „падвісае“ жаночая эстафэта. Відаць, менавіта адсюль сутаргавыя спробы ў якасьці трэцяга ці чацьвёртага нумару гэтую прабоіну закрыць

«Напэўна, што называецца, накапілася. Бо тая ж Каліна папросту стала ў шэраг ранейшых стратаў расейскай зборнай. Тут можна згадаць і Бурдыгу, і Панфілаву, якія перайшлі ва ўкраінскую каманду. Таксама нібыта падавалі надзеі, і раптам — бах, пачалі выступаць за Ўкраіну. І гэта ўжо выбудавалася такая тэндэнцыя. Расейскаму боку гэта ў пэўнай ступені надакучыла, хоць яна і сама ў іншых відах спорту грашыць падобнымі пераходамі ці, лепш сказаць, пераманьваньнямі. Таму, відаць, хочуць пад гэта падвесьці нейкую юрыдычную базу, унесьці страховачныя захады ці абаронныя меры. У прыватнасьці, чуў, што выканаўчы дырэктар Саюзу біятляністаў Расеі і адначасна першы віцэ-прэзыдэнт IBU Кушчанка прапрацоўвае варыянты фінансавай абароны: дапусьцім, у выпадку пераходу будзе фінансавая кампэнсацыя за спартоўца, залежна ад ўзроўню паказаных вынікаў».

Беларуска-расейскія спрэчкі за кадры ўспыхвалі і раней. Некалькі гадоў таму ў біятлённую зборную Беларусі са скандалам перайшла Надзея Пісарава. Таксама з Расеі прыехалі Кацярына Іванова, Вольга Назарава, Лілія Яфрэмава, Надзея Скардзіна. Нават Дар’я Домрачава, атрымаўшы адпаведную прапанову, больш за паўгода дамагалася беларускай легалізацыі: хоць і нарадзілася ў Менску, але ў чатырохгадовым узросьце зьехала ў Сыбір, дзе правяла ўсё сваё даспартовае жыцьцё.

Аналягічная сытуацыя ўласьцівая і для іншых дысцыплінаў, дзе мясцовых выхаванцаў, якія не дэманструюць чаканых вынікаў, намагаюцца замяніць гатовымі замежнымі кадрамі. Ці можна вітаць такую пазыцыю мясцовых функцыянэраў? Меркаваньне выказвае спартовы аналітык Барыс Тасман:
Паколькі свае кадры не растуць, трэба цягнуць варагаў, каб затыкаць дзіркі і дзесьці нейкія мэдалі выхопліваць

«Беларусь у асобных відах спорту становіцца своеасаблівай заляй для транзытных пасажыраў. А са сваіх, на жаль, ніхто тут асабліва не расьце. У мяне пару тыдняў таму быў матэрыял „Сочы выціснуты“, у якім я пісаў: чатыры гады пасьля Ванкувэра мінула, а ніхто ўвогуле так і ня вырас! А колькі грошай пры гэтым патрачана? Ну, гэта сыстэма такая. Відавочна, што вельмі дрэнная праца ідзе з рэзэрвам, рэзэрв проста ляжыць. Усе грошы — ня ўсе, але большая частка сродкаў — накіроўваецца наверх піраміды. А піраміда ў нас перавернутая. Замест таго, каб ніз умацоўваць, падмурак, то бок, дзіцячыя школы, у нас грошы ўкідваюцца ў нацыянальныя каманды. А паколькі свае кадры не растуць, трэба цягнуць варагаў, каб затыкаць дзіркі і дзесьці нейкія мэдалі выхопліваць. Такая мэтодыка нашага Міністэрства спорту і турызму».

Апошнія прыклады гучных «трансфэраў», якія скончыліся прадстаўленьнем замежнікам беларускага грамадзянства, закранулі нават тыя віды спорту, дзе традыцыйна абыходзіліся мясцовымі кадрамі. Так, за футбольную зборную гуляе бразылец Рэнан Брэсан, за хакейную — канадзец Джэф Плат.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG