Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мазыр: звольненыя сябры незалежнага прафсаюзу спрабуюць аднавіцца праз суд


У Мазыры пяцёра звольненых з нафтаперапрацоўчага заводу сябраў незалежнага прафсаюзу спрабуюць праз суд аднавіцца на працы.

3 сьнежня загад генэральнага дырэктара НПЗ Анатоля Купрыянава на звальненьне пачаў аспрэчваць у раённым судзе мэханік Іван Шабан, а 4 сьнежня суд разглядаў пазовы канструктараў Тацяны і Генадзя Баброўнікавых.

Пазовы канструктараў мужа й жонкі Генадзя й Тацяны Баброўнікавых суд аб’яднаў у адну справу. Зь імі дырэкцыя НПЗ не працягнула кантракт нібыта на той падставе, што яны выкарыстоўвалі службовыя кампутары ў асабістых мэтах. Наўпрост кажучы, канструктары на палях праектаў, якія распрацоўвалі, занатоўвалі іншы раз свае эскізы. Генадзь — тыя, якія дапамагаў праектаваць калегам, Тацяна — элемэнты дома для сына. За гэта дырэкцыя й вынесла канструктарам вымовы, а сьледам — не працягнула кантракты. І гэта пасьля 28 гадоў бездакорнай працы на заводзе.

Тацяна Баброўнікава: «Калі пра наш выпадак даведаліся калегі, усе былі проста ў шоку. Людзі, якія бачылі тое, за што нас абвінавацілі, проста сьмяяліся. Ніхто й ня думаў, што да такога абсурду можна ўсё давесьці. У нас так было: калі кантракт скончыўся, і няма дысцыплінарнага спагнаньня — яго аўтаматычна працягваюць. Дваццаць восем гадоў не было ніякіх заўвагаў. І тут раз — высьпятак».
Дваццаць восем гадоў не было ніякіх заўвагаў. І тут раз — высьпятак

У судзе Тацяна Фёдараўна па даверанасьці адстойвае і інтарэсы мужа. Сам Генадзь атрымаў прапанову на працу ў суседняй дзяржаве й паехаў знаёміцца з тамтэйшымі ўмовамі. У іх — сям’я са студэнцкіх гадоў. Разам вучыліся ў політэхнічным інстытуце ў Менску, потым разам працавалі на НПЗ. Тацяне да звальненьня заставалася да пэнсіі два гады й чатыры дні.

Абскарджваюць у Мазырскім судзе сваё звальненьне й дысцыплінарныя спагнаньні, якія папярэднічалі звальненьню, і яшчэ двое сяброў незалежнага прафсаюзу — майстар Аляксей Ярмак і мэханік Іван Шабан. У Аляксея суд прызначаны на 12 сьнежня. У Івана Шабана першае паседжаньне адбылося 3 сьнежня, а заўтра, 4 сьнежня, у судзе будуць дапытаныя чарговыя сьведкі.

Спадар Шабан кажа, што яго проста выштурхоўвалі з цэха № 12, дзе ён працаваў мэханікам. Прыдзіраліся да кожнай драбязы. Дайшло нават да рукапрыкладзтва з боку начальніка участка. Аднак раённы суд на нядаўні пазоў мэханіка ніяк не пакараў крыўдзіцеля. Зрабіў выгляд, што інцыдэнту нібыта наагул не было, хаця на грудзях і руцэ мэханіка судмэдэкспэртыза зафіксавала два сінякі.

Цяпер Іван Шабан аспрэчвае дысцыплінарныя спагнаньні й звальненьне:
Ім патрэбны ляяльны прафсаюз, каб ніхто й ніколі не пярэчыў і не спрачаўся з кіраўніцтвам

«У прынцыпе, увесь канфлікт з кіраўніцтвам у мяне з-за таго, што я добраахвотна не пакінуў сваю пасаду. Я павінен быў пайсьці ў рабочыя. На маё месца ўжо быў вызначаны чалавек. Таму й прыдзіраліся. Я наагул мяркую, што ўсе мы як чальцы незалежнага прафсаюзу не задавальняем адміністрацыю цэха й заводу. Ім патрэбны ляяльны прафсаюз, каб ніхто й ніколі не пярэчыў і не спрачаўся з кіраўніцтвам».

Кіраўнік незалежнай прафсаюзнай арганізацыі на НПЗ Юры Швец, які зь юрыстам абараняе ў судзе інтарэсы звольненых сяброў, кажа:

«Любая праца зьвязаная зь нейкімі адхіленьнямі, памылкамі, бывае, і парушэньнямі. Іншая справа, што парушэньне можна падаць як нешта накшталт злачынства, што і робіцца. Быццам бы парушэньне ўжо такое, што чалавека трэба пазбаўляць працы. Раней усе спрэчныя пытаньні — на 99 адсоткаў — вырашаліся на заводзе. Не даходзіла нават да камісіі па спрэчках, а тым больш да судоў. У суды мы сталі хадзіць пасьля 2008 году. І выштурхоўвае сюды нас, груба кажучы, адміністрацыя. Заўсёды адно й тое ж: ідзіце ў суд. Ужо ўнутры заводу, на жаль, вырашаць кіраўніцтва нічога не зьбіралася і не зьбіраецца».

Пяты звольнены з НПЗ сябра незалежнага прафсаюзу, трубаўкладчык Уладзімер Ключнікаў, ня змог аднавіцца на працы праз раённы суд. Неўзабаве ягоную скаргу пра накладзеныя дырэкцыяй дысцыплінарныя спагнаньні й звальненьне будзе разглядаць абласны суд.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG