Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мазыр: звольненыя актывісты спадзяюцца на суд


Мазырскі НПЗ
Мазырскі НПЗ
Дырэкцыя Мазырскага нафтаперапрацоўчага заводу звольніла з працы ўсіх пяцёх сяброў Незалежнага прафсаюзу, супраць чаго сваёй галадоўкай пратэставалі кіраўнікі незалежнай прафсаюзнай арганізацыі на прадпрыемстве. З двума не працягнулі кантракт, іншых звольнілі нібыта за парушэньне працоўнай дысцыпліны й невыкананьне распараджэньняў непасрэдных начальнікаў. Звольненыя тым часам зьвяртаюцца ў суд.

У Мазырскім раённым судзе 6 лістапада адбыліся спрэчкі ў справе разгляду пазову да дырэкцыі НПЗ звольненага з працы трубаўкладчыка, сябра Незалежнага прафсаюзу Ўладзімера Ключнікава. Чакаецца, што суд вынесе рашэньне ўжо да канца тыдня.

Спадар Ключнікаў ня схільны драматызаваць сваё звальненьне з прэстыжнага нафтаперапрацоўчага прадпрыемства:

Уладзімер Ключнікаў
Уладзімер Ключнікаў
«Я лічу, што мяне павінны аднавіць на працы, бо звольнілі незаконна. Але, у прынцыпе, я не спужаўся, што страціў працу. І не лічу, што гэта канец жыцьця. Аднак шмат для каго — яны таму й баяцца штосьці сказаць, штосьці зрабіць — гэты завод, праца на ім, ня ведаю, як тут і выказацца, — самае галоўнае ў жыцьці. З тых людзей, якія былі ў незалежным прафсаюзе, напэўна, палова выйшла з прафсаюзу з тае прычыны, што кіраўніцтва аказвала на іх ціск».

І ціск, выглядае, ня толькі маральны. Яшчэ адзін звольнены з НПЗ сябра незалежнага прафсаюзу, мэханік 12 цэху Іван Шабан, зьвярнуўся ў суд з пазовам, бо начальнік участку Алег Шкурко нанёс яму лёгкія цялесныя пашкоджаньні. Іх зафіксавала судмэдэкспэртыза. Пазоўнік просіць суд прызначыць начальніку адміністрацыйнае пакараньне.

Па словах заяўніка, лёгкія цялесныя пашкоджаньні яму былі нанесены на працы ў кабінэце, калі ён паспрабаваў запісаць на мабільны тэлефон чарговыя прэтэнзіі начальніка.

Разгляд заявы Івана Шабана Мазырскі раённы суд прызначыў на 11 лістапада.

Тым часам сам спадар Шабан, спэцыяліст з вышэйшай профільнай адукацыяй, заняты пошукамі працы:

«У Мазыры я быў на малочным заводзе — там сказалі прыйсьці празь месяц. Паехаў пагутарыў з начальнікам газавага сховішча — ён параіў пакінуць рэзюмэ з падрабязным апісаньнем сытуацыі. Бо калі разгортваюць працоўную кніжку з запісамі, зьяўляецца шэраг пытаньняў і шмат сумневу. Калі ўжо ў Мазыры працы не знайду, то, магчыма, пераеду ў іншы горад. Сярэдні заробак у нас аднолькавы ўсюды».

Сьпярша, аднак, суразмоўца зьбіраецца аспрэчыць сваё звальненьне праз суд, бо лічыць яго неабгрунтаваным, замяшаным на дробных прычэпках з боку непасрэдных начальнікаў.

З заявамі ў суд мяркуюць зьвярнуцца і ўсе астатнія сябры Незалежнага прафсаюзу, звольненыя з НПЗ цягам кастрычніка.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG