Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Палітолягі гаварылі пра беларусізацыю


«Беларусізацыя. Ці можна завяршыць працэс інстытуцыйнага будаўніцтва незалежнай дзяржавы» — міжнародная канфэрэнцыя пад такою назваю прайшла ў нямецкім адукацыйным цэнтры ў Менску. Форум быў арганізаваны Цэнтрам Эўрапейскай трансфармацыі.

Праблема жыцьцядзейнасьці нацыянальнай мовы — адна з найвастрэйшых у справе станаўленьня і разьвіцьця незалежнай Беларусі. Тэма прысутнасьці беларускай мовы ў працэсах дзяржаўнага разьвіцьця і сталася сярод асноўных у тэме канфэрэнцыі. Але ня толькі яна, кажа адзін з удзельнікаў, палітоляг Уладзімер Мацкевіч:

«Моўныя пытаньні ня могуць быць вырашаныя бяз шэрагу паралельных працэсаў, у якіх пытаньне мовы можа набыць не ідэалягічны, а дзейны і практычны характар. Таму мы тут абмяркоўваем ня моўнае пытаньне як такое, а беларусізацыю як праграмны кампанэнт у шэрагу працэсаў. Гэта неабходна для таго, каб беларуская нацыя сталася гаспадаром тых працэсаў, якія адбываюцца на тэрыторыі, якую мы кантралюем».

Праблемнымі пытаньнямі разьвіцьця сваіх краінаў падчас канфэрэнцыі падзяліліся таксама прадстаўнікі Ўкраіны, Расеі і Нямеччыны. Расейскі навуковец Уладзімер Каганскі адзначыў, што для Расейскай Фэдэрацыі больш актуальнае пытаньне пасьлясавецкай спадчыны:

«Расею псуе тое, што яна занадта вялікая і моцная. І дагэтуль імпэрская спадчына не пераадоленая. Імпэрыялісты ня хочуць абмяркоўваць гэтую тэму, бо гэта для іх відавочная каштоўнасьць. А лібэральныя дэмакраты не абмяркоўваюць імпэрыю, бо лічаць гэтую тэму неўкладальнай у іх ідэалягічную парадыгму. Таму тэма імпэрыі — практычна не абмяркоўваецца, яна правальваецца паміж апалягетамі і тымі, хто не прызнае гэтую тэму значнай».

Як паведаміў доктар культуралёгіі з Украіны Ўладзімер Нікіцін, Украіна таксама яшчэ ня вырашыла ўсе праблемныя пытаньні станаўленьня сваёй дзяржаўнасьці. Прыкладам таму — падзеі, якія адбыліся ў Кіеве напярэдадні, а менавіта — адмова ўкраінскага ураду ад падрыхтоўкі да ўступленьня дзяржавы ў Эўразьвяз.
Насамрэч, Украіне ня трэба выбіраць паміж Расеяй і Эўразьвязам, але чамусьці яе ставяць у такія ўмовы

Уладзімер Нікіцін: «Насамрэч, Украіне ня трэба выбіраць паміж Расеяй і Эўразьвязам, але чамусьці яе ставяць у такія ўмовы. Таму трэба пабудаваць вельмі прагматычныя адносіны з Расеяй: адарвацца ад ідэі братэрства і перайсьці да ідэі нармальнага суседзтва. Але і Эўразьвяз не павінен навязваць свае каштоўнасьці і крытэрыі розных ацэнак для Ўкраіны».

Дырэктар Цэнтру эўрапейскай трансфармацыі Андрэй Ягораў па завяршэньні форуму падсумаваў ягоныя вынікі:

«Ад гэтай канфэрэнцыі нічога не палепшыцца заўтра. Але мысьленьне зьмяняе культуру, зьмяняе сьвет. І таму паўплывае на тое, як мы далей будзем мысьліць і жыць. Адбываецца гэта не адразу і ня зараз».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG