Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Едзе Лукашэнка — бярыся за венік!


У Гомелі ў акцыянэрным таварыстве ААТ «Гомельдрэў» і суседнім заводзе хімічнай крэйды аўральнымі тэмпамі наводзяць чысьціню й парадак. На прылеглых тэрыторыях працуюць адмыслова сагнаныя сюды дворнікі Навабеліцкага раёну. Чакаюць прыезду Аляксандра Лукашэнкі.

Над вуліцай Дастаеўскага, якая ўпіраецца ў прахадную «Гомельдрэва», плыве лёгкі дым зь белаватымі, нібы сьняжынкі, шматкамі ці то згарэлага лісьця, ці то перасохлага быльнягу. Дым трапляе на вуліцу з-за высокай бэтоннай агароджы, пафарбаванай у зялёны колер — там тэрыторыя заводу хімічнай крэйды.

Малады рабочы, які кіруецца ў краму са сваім старэйшым калегам, на хаду тлумачыць:

«Гальлё прыбіраем, будаўнічы друз, які ёсьць. Прыбіраем, складаем, вывозім».

Старэйшы працаўнік са сьмехам дадае: «Так яно і ёсьць! Каб парадак зрабіць і ўсё такое».

На тэрыторыі заводу хімкрэйды ля аднаго з карпусоў стаяць краны, снуюць будаўнікі ў памаранчавых касках і камізэльках. Падалося, фарбуюць бакавую сьцяну ў ружовае. Аж не:

«Гэта сетку павесілі, сетку павесілі».
Іншыя рабочыя ў двары адміністрацыйнага будынку зграбаюць друз у вёдры і зносяць у кучу. З тэрыторыі заводу пэрыядычна выяжджаюць то самазвалы, то трактары.

«Самі бачыце, што робіцца — прыбіраюць там. І мне прыбіраць тут усё, — шоргаючы шуфлем, кажа рабочы.

Тэрыторыя заводу хімічнай крэйды з ружовай сеткай на сьцяне
Тэрыторыя заводу хімічнай крэйды з ружовай сеткай на сьцяне

Вуліца 10 гадоў Кастрычніка
Вуліца 10 гадоў Кастрычніка

Прыбіраюць і звонку. На невялічкай пустцы перад заводам рабочы раённага камунальнага прадпрыемства зьбівае бэнзакасою пажухлую траву й быльнёг.

Жыхары вуліцы 10 год Кастрычніка таксама скрабуць асфальт на сваім баку вуліцы. Адзін зь іх апавядае:

«Парадак павінен быць — і не зьвязана з тым, прыедзе хто ці не. Самому ж будзе прыемней выходзіць. Людзі тут выходзілі, працавалі, дапамагалі. З прадпрыемства па тым баку вуліцы прайшлі й прыбралі. А тут ужо мы прыбіраем. Прыедзе „бацька“ — яму будзе прыемна пабачыць чысьціню й парадак».

Раз-пораз выяжджаюць самазвалы, запоўненыя розным друзам, і з тэрыторыі «Гомельдрэва».

Рабочая дрэваапрацоўчага прадпрыемства, якая назвалася Нінай, дадае:

«Прыбіраюць, вядома. Усё робяць, каб было чыста. І я прыбірала. Усе цэхі — усе прыбіраюць. Кожны сабе, каб было чыста. Як камісія прыяжджае, так усё й робіцца. Прымушаюць прыбіраць, каб было чыста».
Жыхары Навабеліцы наводзяць парадак з карысьцю для сябе
Жыхары Навабеліцы наводзяць парадак з карысьцю для сябе

Адразу пасьля наведваньня кіраўніком дзяржавы прадпрыемства «Барысаўдрэў», калі страціў пасады шэраг высокапастаўленых чыноўнікаў, Гомельскі аблвыканкам стварыў тры працоўныя групы дзеля «прадухіленьня безгаспадарчасьці пры правядзеньні мадэрнізацыі прадпрыемстваў дрэваапрацоўчай галіны, разьмешчаных на тэрыторыі рэгіёну». Гэтыя групы з гарадзкіх і раённых чыноўнікаў, кіраўнікоў прадпрыемстваў і будаўнічых арганізацыяў, а таксама санітарных службаў мусяць чарговы раз рабіць парадак у дзяржаўных акцыянэрных таварыствах «Гомельдрэў», «Рэчыцадрэў» і на Мазырскім дрэваапрацоўчым камбінаце.

Гомельскі завод хімічнай крэйды трапіў у поле зроку, бо ён побач з дрэваапрацоўчым прадпрыемствам, куды можа наведацца Аляксандар Лукашэнка.
Перад заводам хімічнага мелу
Перад заводам хімічнага мелу
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG