Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пасьля адставак


Пасьля скандальных адставак высокапастаўленых чыноўнікаў, пра якія Лукашэнка абвясьціў падчас наведваньня прадпрыемства «Барысаўдрэў», на гэтым аб’яднаньні і на іншых дрэваапрацоўчых заводах Беларусі ўзяліся ў аўральным рэжыме наводзіць парадак.

На «Барысаўдрэве» чацьвёрты дзень расчышчаюць тэрыторыю ад будаўнічага друзу — у выходныя на аб’ект мабілізавалі сотні супрацоўнікаў дзяржаўнай сфэры. Кіруе працэсам асабіста генэральны дырэктар Уладзімер Мальцаў. Насуперак абяцаньням Лукашэнкі саслаць у Барысаў толькі што адстаўленага старшыню аблвыканкаму Барыса Батуру, пазьней эмацыйныя заявы былі адкарэктаваныя. Батура падаўся на пэнсію, а Мальцаў, як сказалі ў ягонай прыёмнай, працягвае кіраваць прадпрыемствам, якое ніяк не ўдаецца мадэрнізаваць:

«Так, ён працуе, як і раней. Цяпер, праўда, не ў кабінэце, дзесьці на вытворчасьці. Абяцаў хвілін праз 30 быць на месцы. Таму зьменаў практычна ніякіх».

Такім чынам, бяз працы, апроч Барыса Батуры, застаюцца намесьнік кіраўніка прэзыдэнцкай адміністрацыі Андрэй Тур, а таксама выпраўленыя ў адстаўку гендырэктары інстытуту «Барысаўпраект» — Аляксандар Місіюк і будаўнічага трэсту № 21 — Мікалай Бусалаў. Кіраваць трэстам адкамандзіраваны ўжо былы старшыня канцэрну «Беллеспаперапрам» Аляксандар Пераслаўцаў, якога спачатку меркавалася паслаць памочнікам да Батуры на «Барысаўдрэў». Праектная арганізацыя пакуль чакае кандыдата на пасаду. Апроч таго, пад вымовамі, якія могуць стаць апошнімі, ходзяць кіраўнік адміністрацыі прэзыдэнта Андрэй Кабякоў, старшыня Камітэту дзяржкантролю Аляксандар Якабсон, першы віцэ-прэм’ер Уладзімер Сямашка.

Колішні кіраўнік лукашэнкаўскай адміністрацыі Леанід Сініцын нестыкоўкі паміж першапачатковымі намерамі і цяперашнім варыянтам працаўладкаваньня некаторых чыноўнікаў называе «тэхнічным пытаньнем», якое можа вырашыцца ў любым кірунку:

Леанід Сініцын
Леанід Сініцын
«Ня ведаю пра „задні ход“, але гэта чыста тэхнічныя пытаньні. Куды прызначыць Батуру — прэзыдэнту, мабыць, лепш відаць. Як на маю думку, то тут няма нейкай асаблівай падзеі, якая патрабуе вялікага абмеркаваньня — кадравае пытаньне вырашыцца ва ўсталяваным парадку. Чалавек дасьведчаны, і калі прэзыдэнт усё ж лічыць патрэбным накіраваць яго на „Барысаўдрэў“, то накіруе. Гэта ня тая тэма, якую трэба выносіць на нейкі высокі ўзровень, што ёсьць нейкая праблема — нехта памыляецца ці нехта нешта ня тое сказаў. Не, гэта проста тэхнічнае пытаньне».

Між тым, як лічыць былы стратэгічны акцыянэр кандытарскіх фабрык «Камунарка» і «Спартак» Марат Новікаў, адхілены ад спраў падчас аналягічнага прэзыдэнцкага разносу, Лукашэнка часьцяком робіцца закладнікам уласных эмацыйных рашэньняў — прызнаць памылковасьць не дазваляе гонар, а нешта запярэчыць атачэньне панічна баіцца:

Марат Новікаў
Марат Новікаў
«Ходу назад у такой сытуацыі няма, я так разумею. Тое, што кіраўнік краіны зрабіў, — ён жа не расьпішацца, што зрабіў няправільна? Разумееце, у чым праблема? Жыцьцё, вядома, пакажа, хто мае рацыю. Але, прыкладам, у адносінах да нас усё робіцца такім чынам, каб паказаць, што бяз нас павінна быць лепш. Але я пакуль ніякага посьпеху ня бачу. Наадварот, бачу, што і па заробках пытаньні ўзьнікаюць, бо могуць не выплачваць той узровень, які быў пры нас. І сьпіхнуць на нас, што гэта мы нібыта няправільна выплачвалі. Правільна, няправільна, але ж плацілі. І прыбыткі вялізныя зрабілі. Мабыць, гэтыя прыбыткі нас і падкасілі. Як адзін расеец сказаў: вам трэба было красьці, а вы сацыялізм будавалі. Таму і паплаціліся. І ён меў рацыю, бо мы з гэтым рэальна сутыкнуліся. Каб мы тыя прыбыткі, якія ёсьць на прадпрыемстве, скралі, то іх бы не было і ніхто б не зайздросьціў».

Да 1 сьнежня на стол да Аляксандра Лукашэнкі павінны легчы вынікі маніторынгу праблемных дрэваапрацоўчых прадпрыемстваў. Таму выглядае, што кантралёры мусяць працаваць у аўральным рэжыме. Бліжэйшае выязное паседжаньне адбудзецца ў Магілёве ў чацьвер.

Начальнік галоўнага ўпраўленьня Камітэту дзяржкантролю Сяргей Раўнейка ўдакладніў, што адмыслова створаныя абласныя камісіі надзяляюцца істотнымі паўнамоцтвамі: за зрыў праграмаў мадэрнізацыі — уносіць прапановы аб прыцягненьні да адказнасьці (ажно да вызваленьня ад пасадаў) кіраўнікоў будаўнічых і праектных арганізацыяў, прадпрыемстваў, наглядных службаў:

«Першае, што будзе зроблена гэтымі камісіямі, дык гэта абсьледаваная тэрыторыя вакол прадпрыемстваў, якія мадэрнізуюцца, а таксама на саміх прадпрыемствах — з ацэнкай адпаведнасьці як тэрыторыі, так і працаў, якія выконваюцца, на прадмет адпаведнасьці прыродаахоўнаму і санітарнаму заканадаўству. Таксама будзе дадзеная ацэнка захаваньню тэхналягічнай і нават выканаўчай дысцыпліны».

Прэм’ер-міністар Міхаіл Мясьніковіч да 10 сьнежня абавязаны падрыхтаваць даклад пра ход мадэрнізацыі дрэваапрацоўчай галіны. Па выніках справаздачы адміністрацыя прэзыдэнта ўнясе прапанову пра адпаведнасьць пасадзе першага намесьніка прэм’ер-міністра Ўладзімера Сямашкі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG