Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Логвінаў: «Будзем рэгістравацца наноў»


18 лістапада Вышэйшы гаспадарчы суд правядзе слуханьні па звароце выдавецтва «Логвінаў» да Міністэрства інфармацыі.

Выдавецтва патрабуе адмяніць загад аб пазбаўленьні выдавецтва ліцэнзіі.

Папярэднія слуханьні адбыліся 14 лістапада:

«Пасьля іх засталося адчуваньне, што давесьці нам у гэтым судзе нічога ня ўдасца, — паведаміў Радыё Свабода ўладальнік выдавецтва Ігар Логвінаў. — Здавацца ня будзем. Будзем рэгістравацца наноў».

Міністэрства інфармацыі пазбавіла выдавецтва «Логвінаў» выдавецкай ліцэнзіі за выпуск альбома «Прэс-фота Беларусі 2011». Суд Ашмянскага раёну прызнаў гэтае выданьне экстрэмісцкім 18 красавіка 2013 году. Міністэрства інфармацыі палічыла друк гэтага альбома «грубым парушэньнем заканадаўства аб ліцэнзаваньні».

У падтрымку выдавецтва «Логвінаў» выступілі шматлікія міжнародныя і беларускія арганізацыі. Асабістыя подпісы пад зваротам паставілі вядомыя беларускія і замежныя дзеячы культуры.


Андрэй Бастунец
Андрэй Бастунец
Андрэй Бастунец, юрыст Беларускай асацыяцыі журналістаў, кажа Свабодзе, што пазыцыя выдавецтва ў судзе наступная:

«Па-першае, Міністэрства інфармацыі выйшла за межы сваіх паўнамоцтваў, прымаючы такое рашэньне.

Па-другое, выдавецтва не выпускала экстрэмісцкіх матэрыялаў. Альбом быў прызнаны экстрэмісцкім праз два гады пасьля таго, як быў надрукаваны. Увесь гэты час ён знаходзіўся ў вольным доступе, распаўсюджваўся ў крамах і так далей.

І па-трэцяе, сам факт рашэньня Міністэрства спыніць дзейнасьць ліцэнзіі спадара Логвінава — парушэньне і Канстытуцыі РБ, і тых міжнародных стандартаў, пад якімі падпісалася Рэспубліка Беларусь».

Паводле Бастунца, прадстаўнік Міністэрства інфармацыі змог пракамэнтаваць толькі першы пункт. «Яны сьцьвярджаюць, што ўсё зрабілі ў адпаведнасьці з заканадаўствам. Іншых аргумэнтаў яны не прадставілі», — кажа юрыст.

Андрэй Бастунец зьвяртае ўвагу, што падчас разгляду справы аб прызнаньні экстрэмісцкім альбома «Беларусь Прэс-фота 2011» Ашмянскім судом выдаўца нават не прыцягвалі да суду.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG