Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску можна будзе пасядзець за сталом Караткевіча


Уладзімер Караткевіч
Уладзімер Караткевіч

6 лістапада пачынаецца літаратурны фэстваль «Лятучы стол Караткевіча».

Цэлы лістапад раз на тыдзень у кнігарні «Логвінаў» і галерэі «Ў» будуць адбывацца літаратурныя, музычныя і мастацкія імпрэзы, прысьвечаныя Ўладзімеру Караткевічу.

Нагодай для фэстывалю стаў прэзэнт. Кнігарні «Логвінаў» падарылі пісьмовы стол, за якім Уладзімер Караткевіч напісаў «Каласы пад сярпом тваім» і «Чорны замак Альшанскі».

Адкрыцьцё фэстывалю: 6 лістапала, 19:00. Кнігарня «Логвінаў», праспэкт Незалежнасьці, 37а.

Першая імпрэза называецца «Сакрэты зайцаў-півавараў». «Пра свайго Караткевіча раскажуць Адам Глобус, Уладзімер Арлоў, Кася Камоцкая, Анатоль Івашчанка і Антон Рудак», — гаворыцца ў паведамленьні кампаніі «Будзьма беларусамі!», якая зьяўляецца адным з арганізатараў фэстывалю.

Іншыя імпрэзы:

9 лістапада — «Дзікае маляваньне». Прэзэнтацыя дзіцячага коміксу Адама Глобуса «Дзікае паляваньне і кароль Стах».

12 лістапада — «Скрыпка дрыгвы». Зьміцер Вайцюшкевіч сыграе свае песьні на вершы Караткевіча з альбому «Беларуская песьня».

19 лістапада — «Karatkievič international». Імпрэза прысьвечаная перакладам твораў Караткевіча на замежныя мовы.

26 лістапада — «Быў. Ёсьць. Буду». У дзень народзінаў клясыка выдавецтва «Мастацкая літаратура» прадставіць першыя чатыры тамы поўнага збору твораў Уладзімера Караткевіча.

«Уваход на ўсе імпрэзы — вольны. Сядзеньне за легендарным сталом — дармавое», — адзначаюць арганізатары фэстывалю «Лятучы стол Караткевіча».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG